Майстар-клас як абмен гукамі

№ 29 (847) 19.07.2008 - 25.07.2008 г

Музычныя інструменты пакрысе заваёўвалі сабе месца пад сонцам “Славянскага базару ў Віцебску”. І дараслі, нарэшце, да Міжнароднай выстаўкі.

 /i/content/pi/cult/169/1584/Majstar.jpg
Быў час, калі яны з’яўляліся хіба што на фестывальнай сцэне, часам не маючы права голасу — як “бязгучнае” дапаўненне ў руках музыкантаў да фанаграмы (выключэнне заўсёды складаў Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам). Потым некаторыя з іх трывала “прапісаліся” ў “Горадзе майстроў”: гэта былі, найперш, свісцёлкі, бразготкі, разнастайныя дудзелкі-шумелкі, крыху пазней — яшчэ і акарыны. Летась Міністэрства культуры рэспублікі, Беларускі саюз музычных дзеячаў і створаная пры ім Асацыяцыя беларускіх майстроў музычных інструментаў зладзілі выстаўку. Сёлета ж яна не толькі замацавалася ў фестывальным раскладзе, але і набыла міжнароднае гучанне.
Менавіта гучанне! Бо, акрамя ўрачыстага адкрыцця і закрыцця, на ёй штодзень праводзіліся прэзентацыі экспазіцый краін-удзельніц — Беларусі, Расіі, Украіны. Душа інструментаў — музыка — выплёсквалася з выставачнай залы Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці ў дворык і проста на вуліцу, лунаючы між наведвальнікамі. Дый у самой зале яна не сціхала, нават дзеці спрабавалі асвоіць той ці іншы інструмент.
Быў выдадзены і буклет — каляровы, з падрабязнымі звесткамі пра майстроў, фотавыявамі іх вырабаў. А сярод саміх інструментаў — чаго толькі няма! Дуды, жалейкі, ударныя ды шумавыя інструменты, струнныя, у тым ліку старадаўнія — лютні, віёлы, спінет. А яшчэ — гуслі, калёсная ліра, гудкі ды гармонікі.
— Галоўнае на такой выстаўцы, — расказаў адзін з яе арганізатараў, старшыня Асацыяцыі беларускіх майстроў музычных інструментаў Віктар Кульпін, — абмен вопытам. Адпаведнай сістэмы адукацыі, якая рыхтавала б такіх спецыялістаў, няма ні ў Беларусі, ні ў Расіі, ні на Украіне. Але прыехалі выдатныя майстры сваёй справы, і нам ёсць чым падзяліцца адно з адным.
— Мабыць, такая выстаўка магла б суправаджацца майстар-класамі?
— Яны і так праходзяць, толькі спантанна. У выніку кожны з нас, даведаўшыся пра чужы вопыт, становіцца ўдвая багацейшым.
Працэс вырабу інструментаў — справа, па сутнасці, бясконцая, яна працягваецца ледзь не ўсё жыццё. І цяперашняя выстаўка дае штуршок далейшым эксперыментам і новым ідэям. Адна з іх, між іншым, нарадзілася непасрэдна ў час выстаўкі: чаму б не праводзіць яшчэ і конкурс сярод майстроў?
Гэтая ідэя была выказана і на адной з прэс-канферэнцый, атрымаўшы сустрэчную прапанову першага намесніка міністра культуры Беларусі Уладзіміра Рылаткі: праводзіць не конкурс, а больш шырокую прэзентацыю саміх інструментаў у іх жывым гучанні. І не ў выставачнай зале, а на вялікай канцэртнай сцэне — да прыкладу, тэатра імя Якуба Коласа. А чаму б і не?

Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымку: старшыня Асацыяцыі
беларускіх майстроў музычных інструментаў Віктар Кульпін.
Фота Дзмітрыя ЕЛІСЕЕВА