Калі і сцены гавораць

№ 3 (1390) 19.01.2019 - 26.01.2019 г

“К” ужо пісала, што культурнай сталіцай Беларусі на 2019 год абраны Пінск, таму сёлета горад чакае больш гасцей, чым у любы іншы час. Калі вы яшчэ не былі там, але збіраецеся, даем падказку: пасля помніка палешуку на пешаходным кавалачку вуліцы Леніна, бадай, самы распаўсюджаны фон, што абіраюць і мясцовыя жыхары, і госці для сэлфі “Я ў Пінску” — вулічныя роспісы Яўгена САСЮРЫ. З ім і гутарым пра тое, дзе шукаць самыя “пінскія” краявіды і на што натхняе гісторыя горада дзяцінства.

/i/content/pi/cult/728/15836/8.JPGЗараз асноўная праца Яўгена — прафесійны роспіс сценаў будынкаў знутры і звонку, афармленне дэкору памяшканняў. Апошнія тры гады ён жыве ў Мінску, але ж родны горад і кропка адліку яго мастацкага шляху — Пінск. Атрымоўваючы там у адным з прафтэхвучылішч рабочую спецыяльнасць, паралельна хлопец зацікавіўся жывапісам, а затым і вулічным мастацтвам.

— Мяне вельмі натхніў фільм “Выхад праз сувенірную краму” (прэм’ера дакументальнай стужкі сусветна вядомага мастака Banksy адбылася ў 2010 годзе — “К”), — распавядае Яўген. — Тады пайшла мода на стрыт-арт, з-за мяжы з’явіліся першыя выявы, як там што малююць. А мяне цікавілі менавіта жывапісныя малюнкі, не графіці. Першы час спрабаваў рабіць трафарэты па начах, як у фільме. Выбіраў сцены ў прыкметных месцах, але такія, каб нельга было потым сказаць, што я там штосьці сапсаваў. Трафарэты розныя — проста нейкія візуальна цікавыя рэчы, каб неяк абыграць прастору. У асноўным, невялікія, таму што ноч і трэба па-хуткаму.

Аднойчы мастака ўсё ж заспелі за працай і забралі ў міліцыю, выпісалі невялікі штраф (стрыт-арт па-ранейшаму застаецца нелегальным заняткам, бо роспіс сцяны класіфікуецца як яе псаванне) і накіравалі да ўласніка будынка. Ім аказаўся гарадскі аддзел культуры.

— Я там патлумачыў, чым займаюся, і папрасіў прадаставіць мне якую-небудзь сцяну, — працягвае мастак. — Праз нейкі час тое ж месца, дзе мяне злавілі, дазволілі размаляваць ужо афіцыйна.

“Класна, калі горад абмяркоўвае тваю сценку”

/i/content/pi/cult/728/15836/9.JPGУ Пінску гэтае “палатно” ведаюць як сцяну каля дзіцячай паліклінікі на вуліцы Ільіна. Стваралася яно цягам некалькіх гадоў.

— Сцяна вялікая — вельмі доўгая і ў вышыню прыкладна на два паверхі, таму ўсё адразу не замалюеш, — кажа Яўген. — Спачатку мы з таварышам — Вадзімам Цішчанкам — зрабілі маленькі кавалачак — дрэва, што ўздымае галінкі, за ім нібыта заслона сцяны, за якой бачна намаляваныя цаглінкі. Паступова дадавалі пакрысе іншыя элементы, але так, каб усе яны ўзаемадзейнічалі паміж сабой. Прыдумлялі на хаду, адштурхоўваючыся ад таго, што ўжо маем. Вось ёсць малюнак. Управа ці ўлева ад яго пайсці, як усё звязаць? І гэтак далей. У выніку атрымаўся сюррэалістычны сюжэт. Апісаць яго складана — там шмат элементаў. Я нават сам ужо дакладна не памятаю, як менавіта тады мы намагаліся іх патлумачыць. Здаецца, кожны з маленькіх сюжэтаў быў звязаны з рознымі порамі года.

Некаторыя фарбы не дапасуюцца паміж сабой, але мы ж мазалі тым, што было — прафесійных матэрыялаў яшчэ не мелі, таму работа збераглася, але выліняла. У той час яна ўсім спадабалася і вельмі распіярылася ў Пінску. Класна, калі ўвесь горад абмяркоўвае тваю сценку. Я гэтага не чакаў. Але горад жа невялікі. Калі штосьці нешараговае адбываецца, успрымаецца мясцовымі жыхарамі як “Вау!” Тым больш, што нічога падобнага ў нас нідзе і не было раней. Пасля гэтай работы ўсё неяк і працягнулася —
пайшлі дробныя замовы ад мясцовых жыхароў кшталту гараж размаляваць і так далей. Я нібы вучыўся, таму невялікую аплату браў за работу. Зараз жа займаюся гэтым афіцыйна і на прафесійным узроўні.

Мост у мінулае

/i/content/pi/cult/728/15836/10.JPGПраз нейкі час з’явілася замова і ад горада — зрабіць роспісы на гістарычную тэматыку на апорах, што захаваліся ад старога маста праз Піну.

— Ідэя размаляваць апоры ў мяне была даўно, толькі іншыя — маста, які зараз яшчэ дзейнічае, — кажа Яўген. — Велізарная сцяна ў цэнтры горада, шэрая, нікому не патрэбная. Ніхто не будзе супраць, калі яе размаляваць — так мне тады
падавалася. Зараз разумею, што да такіх момантаў трэба падыходзіць далікатна. Нельга ўзяць і размаляваць усё ў гарадской прасторы. Да таго ж, гэта будзе проста наляпіста і непрыгожа. Як дзіцячая шафа, абклееная налепкамі. Для кожнага малюнка патрэбна пэўнае месца. Тое, што мне прапанавалі — найлепшае. Побач цэнтр, набярэжная. Адтуль фактычна мы бачым і на малюнку, і ў рэальнасці адзін і той жа краявід з розніцай у стагоддзі.

Першай Яўген распісаў паўночную апору маста — у 2014-м на ёй з’явілася панарама горада 1863 года.

— Выяву для эскіза я знайшоў у інтэрнэце, хаця зараз ужо не ўпэўнены ў яе даставернасці — там параход з такім колам, што, магчыма, у Пінску на падобных і не хадзілі, — кажа мастак.

Летам 2015 года Яўген распісаў і цэнтральную апору. На яе перанесены сюжэт рэальнага фотаздымка 1920-х гадоў — людзі ў лодках на фоне горада. У 2016 годзе рачны трыпціх быў завершаны. На апошнім малюнку выяўлены стары мост, зарэчная лесапілка і палешукі, якія гандлююць на чоўнах.

— Гэта напамін пра лодачны кірмаш, што існаваў у Пінску, — тлумачыць аўтар.

“Штосьці сучаснае тут рука не падымецца зрабіць”

У 2014 годзе мастак зрабіў для горада яшчэ адну работу — на фасадзе жылога будынка па вуліцы Леніна. На самім малюнку ёсць падказка для мінакоў: “Гэтая ж вуліца ў пачатку XX стагоддзя”.

— За ўсю гісторыю ў яе было шмат назваў — Вялікая Спаская, Вялікая Францысканская, Вялікая Кіеўская, Касцюшкі, — кажа пінчук. — Зараз гэта вуліца пешаходная. Для мастацкай работы месца, на мой погляд, вельмі пасуе — жылы двухпавярховы цагляны будынак з зашпакляванымі сценамі. Потым яшчэ адмыслова пад апоры маста ды гэты малюнак яшчэ і падсветку зрабілі — выглядае як мае быць. За аснову для эскіза я ўзяў стары фотаздымак, на якім яшчэ бачны касцёл Святога Станіслава — каталіцкі храм XVII стагоддзя, на час пабудовы самы вялікі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Яго знеслі ў 1970-я гады. Але і па сёння гэта ўсё яшчэ мясцовая славутасць, пра якую ўсе кажуць, хаця яе ўжо няма.

Мне было вельмі цікава папрацаваць з гістарычнай тэматыкай. На той момант гэта адрознівалася ад усіх маіх іншых работ, а рабіць адно і тое ж мне нецікава — трэба развівацца. Да таго ж, Пінск жа другі горад пасля Гродна ў краіне па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры. Там вельмі прыгожа! У такім атачэнні насамрэч, акрамя гістарычнай тэматыкі, нічога іншага не просіцца, штосьці сучаснае рука не падымецца зрабіць. Ёсць яшчэ іншыя ідэі, што хацелася б ажыццявіць у Пінску, але зараз я не так часта там бываю. Пажывем — пабачым.

 

Даведка

Яўген САСЮРА, 29 гадоў. Родам з Пінска, зараз жыве ў сталіцы. Удзельнік шматлікіх фестываляў вулічнага мастацтва. Часам падпісвае свае работы псеўданімам Mutus. Іх можна ўбачыць на вуліцах Баранавіч, Гомеля, Гродна, Магілёва, Мінска, Рагачова.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"