Шчамялёў, які ён ёсць

№ 3 (1390) 19.01.2019 - 26.01.2019 г

Наша мастакоўскае жыццё — бурлівае, імклівае, супярэчлівае, у нечым, можа быць, “няправільнае” з пункту гледжання “рупліўцаў маралі” — яўна выпадала з рамак агульнапрынятых савецкіх нормаў. Яно праходзіла не толькі ў інтэр’ерах творчых майстэрняў або на кухнях сціплых малагабарытных кватэр. Яно віравала і ў танных кавярнях, і на вернісажах, і ў шумных дыскусіях на выставах, і на творчых пленумах ды “навукова-практычных” канферэнцыях. Яно працягвалася ў працэсе жывых творчых сустрэч твар у твар з сельскім і гарадскім людам, не супынялася падчас адпачынку “на прыродзе” ў розных кутках Беларусі, а таксама і ў частых камандзіроўках у сталіцу нашай тагачаснай радзімы — СССР.

/i/content/pi/cult/728/15834/6.jpgМаскоўскія пуцёўкі

Тут, у Маскве, мы з Лёнем не столькі засядалі ў Саюзе мастакоў СССР на Гогалеўскім бульвары, 10, колькі з задавальненнем бавілі час паміж пасяджэннямі з калегамі з іншых рэспублік. Хадзілі па музеях, парках, вырашалі свае справы ў выдавецтве “Советский художник” і ў рэдакцыі вельмі паважанага намі часопіса “Творчество”. Наведвалі Ваганькаўскія і Навадзевічыя могілкі.

Тут варта ўдакладніць: Шчамялёў ладны час з’яўляўся сакратаром праўлення Саюза мастакоў СССР, членам праўлення Мастацкага фонду. Я ж быў членам Усесаюзнай камісіі згаданага саюза па мастацтвазнаўстве, крытыцы і друку, а таксама Міжнароднай асацыяцыі мастацтвазнаўцаў і крытыкаў. А такое “членства” прадугледжвала паездку ў Маскву на розныя “засядалаўкі” не менш за тры — чатыры разы на год.

Часцяком наўпрост з Масквы — па рэкамендацыі Праўлення СМ СССР і пасля адпаведнага афармлення дакументаў — нашы шляхі вялі ў творчыя камандзіроўкі за мяжу. У тыя часы з БССР выехаць было няпроста. Асабліва калі ты “разведзены”, “беспартыйны” — або нават проста не выклікаеш сімпатыі (так бы мовіць, тварам не выйшаў). Райкамаўскія партыйныя камісіі, якія складаліся з ветэранаў ледзь не першай рускай рэвалюцыі, былі вельмі патрабавальныя. Менавіта ў такія “пасткі” трапляў і Шчамялёў, якому адмовілі ў банальнай, здавалася б, турыстычнай вандроўцы ў Фінляндыю, і я — калі мне далі “адлуп” на паездкі ў Манголію і Венгрыю.

І толькі дзякуючы Саюзу мастакоў СССР Лёню ўпершыню — і без усялякіх затрымак — удалося выехаць у Сацыялістычную Рэспубліку В’етнам. Потым, таксама дзякуючы Маскве, я двойчы пабываў у ГДР, правёўшы амаль месяц у Доме творчасці горада Наўмбург.

/i/content/pi/cult/728/15834/7.jpgСумна гэта прызнаваць, але… Па вялікім рахунку, менавіта Масква “адкрыла” Шчамялёва як мастака для савецкага гледача і чытача. Першую сваю творчую ўзнагароду — бронзавы медаль ВДНГ СССР — Леанід атрымаў 10 красавіка 1969 года за карціну “Мацярынства”. 12 снежня 1975 года за палатно “Генерал Даватар” у Маскве яму прысуджаецца сярэбраны медаль ВДНГ — узнагарода, на той час вельмі ганаровая. Гэтая справа была шыкоўна адзначана там жа, у рэстаранчыку ВДНГ, у прысутнасці высокіх чыноўнікаў апарату Міністэрства культуры СССР, якія вельмі цёпла ставіліся да творчасці Леаніда Дзмітрыевіча (Валянціна Фадзеева, Эрык Дарскі, Уладзімір Цімошын і іншыя).

У 1978 год у выдавецтве “Советский художник” выходзіць і першы альбом пра творчасць Шчамялёва — выдатна ілюстраваны “Колеры часу” з маім уступным артыкулам. Заўважу, што тады мастак яшчэ не меў ніякіх ганаровых званняў і ўзнагарод (акрамя Ганаровай граматы Вярхоўнага Савета БССР і, зразумела, за ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне). Масквічы-выдаўцы ацанілі беларуса Шчамялёва перш за ўсё як Творцу, Жывапісца з вялікай літары. А на званні ім было напляваць.

Пазней, у 1982 годзе, я стаў укладальнікам ілюстраванага каталога да юбілейнай выставы Леаніда Дзмітрыевіча, якая адбылася ў Цэнтральным доме мастака пры вялікім збегу зацікаўленага люду.

Трызна з вішнямі

Аднойчы — гэта было 6 верасня 1980 года — я зацягнуў Лёню ў Ваганькаўскі некропаль ушанаваць памяць Ясеніна і Высоцкага (яго магіла была яшчэ свежая, уся ў кветках, з фотапартрэтам і памятным вершам Андрэя Вазнясенскага). Выходзячы з гасцініцы “Цэнтральная” на вуліцы Горкага, мы ўзялі ў буфеце бутэльку віна і адправіліся да месца прызначэння з тым разлікам, што закуску купім на невялікім рынку непадалёк ад цвінтарнай брамы. Але, як на грэх, напрыканцы дня там, акрамя вішань, нічога не аказалася. Гастраном быў далёка, і мы прыдбалі кілаграм ці паўтара гэтых ягад.

Узгадалі і Высоцкага, і Ясеніна, і жывапісцаў Сурыкава, Саўрасава, Аляксандра Шаўчэнку, і клоўна Леаніда Енгібарава. Ужо ў прыцемках на зваротным шляху — а калі дакладней, на 17-м участку могілак — заўважылі самотнага сумнага чалавека ля свежага магільнага пагорка. Падышлі. Як выявілася, пару гадзін таму тут пахавалі народнага артыста СССР Эраста Гарына, які памёр 4 верасня на 78-м годзе жыцця. А сустрэты намі чалавек быў яго пляменнікам. Пазнаёміліся. Выказалі свае шчырыя спачуванні — пагатоў, мы з Лёнем вельмі паважалі талент Эраста Паўлавіча за выдатныя яго кінаролі ў фільмах “Паручнік Кіжэ”, “Музычная гісторыя”, “Вяселле”, “Папялушка”, “Каін XVIII”, “Звычайны цуд”, “Аптымістычная трагедыя”. Гутарылі доўга. Шмат цікавага пачулі пра Гарына як пра тэатральнага акцёра і рэжысёра з вуснаў яго трохі павесялелага сваяка: у нас яшчэ заставаўся напой і трохі вішань. Напрыканцы “трызны” абмяняліся адрасамі і тэлефонамі. Калі ўжо амаль сцямнела, дабраліся да станцыі метро “Плошча памяці 1905 года”. І адтуль — у гатэль.

Як ён кінуў паліць

Магу таксама ўспомніць нашы з Леанідам дзіўныя ціхія прагулкі па прыгожых мясцінах Паўночнага Каўказа, звязаных з імем Лермантава і яго героямі — Пячорыным, Грушніцкім, князёўнай Мэры, Максімам Максімавічам. Гэта Есентукі, Пяцігорск з гарой Машук і месцам дуэлі Лермантава і Мартынава, Кіславодск, Жалезнаводск, Скачкі.

У Есентуках ранняй вясной 1979 года мы прабылі 24 дні. І хоць жылі ў розных санаторыях (ён — ва “Украіне”, я — у санаторыі імя Рыгора Анджыеўскага), увесь вольны ад працэдур і прыёму ежы час праводзілі разам. Шпацыравалі пешшу па парках і вуліцах, знаёміліся з гісторыяй грамадзянскай вайны ў гэтым рэгіёне, якая мела тут асабліва жорсткі характар.

Менавіта тады, у Есентуках, да майго найвялікшага здзіўлення, Леанід кінуў паліць! Спачатку я хмыліўся: ведаў, як звычайна кідаюць “курцы-ветэраны” з вялікім стажам. Праз месяц — другі ўсё зноў вяртаецца на кругі свая. Але факт застаецца фактам: Шчамялёў да гэтага часу ні разу не закурыў!

Зрэшты, гэтаксама рэзка і нечакана кінуў паліць і мой тагачасны блізкі прыяцель мастак Валодзя Мінейка пасля таго, як я яму распавёў пра “антынікатынавую метамарфозу” Леаніда. А ён жа таксама курыў не адзін дзясятак гадоў — яшчэ з франтавой пары...

Ключ ад майстэрні

Вядома, усялякае ў нашым жыцці бывала. Былі ў нас і моцныя загулы — удваіх ці ў кампаніі; цяжкія выхады “з піке”, безграшоўе, з якога мы ратаваліся, залазячы ў пазыкі, а таксама і тым, што здавалі бутэлькі. Да таго ж, мы абодва ўжо паспелі нажыць “унутраныя” хваробы: я — язву дванаццаціперснай кішкі, Лёня — пакутлівую язву страўніка. Але і гэта нас, неразумных, не спыняла.

У майстэрні Шчамялёва ў 1960 — 1970 гады пастаянна шумелі разнамасныя кампаніі: спартсмены, лекары, “фізікі” і “лірыкі”, акцёры, барды-гітарысты, грузчыкі і дворнікі, студэнты Мінскага мастацкага вучылішча дый немаведама, хто яшчэ. З імі Леанід быў як рыба ў вадзе, хоць ім было напляваць, як ён працуе. Піша свае палотны і піша. Гэта яго прафесія, яго хлеб і яго крыж. Партрэт напісаў: падобна? Здаецца, так. Значыць, лады.

Вядома, прыходзілі на агеньчык і прайдзісветы, і тыя людзі, якія быццам толькі што прыўзняліся з горкаўскага “дна”. А чаму б ім не прыходзіць? Лёня, Леанід Дзмітрыевіч — чалавек таварыскі, камунікабельны, з ім можна пагаварыць на любыя тэмы, ён зразумее кожнага. Ён можа дапамагчы і матэрыяльна, калі ёсць у яго такая магчымасць. Ды і месца зручнае: самы цэнтр горада, побач гастраном “пад гадзіннікам”. Прыёмны пункт шклатары — таксама пад рукой, у суседняй арцы.

Аднак і ў такой атмасферы мастак браў у рукі пэндзаль або аловак. Шумныя госці як быццам яму не перашкаджалі — наадварот, ён атрымліваў ад іх нейкі дадатковы стымул для працы. Пакуль вакол балбаталі пра каханне ды мастацтва, закусвалі, пляткарылі, анекдоцілі, ён працягваў маляваць што-небудзь на аркушыку або накідваць рэтушшу ў альбоме працоўны эскіз будучай кампазіцыі.

Калі Лёня ад’язджаў у працяглыя творчыя вандроўкі па краіне, ключ ад майстэрні ён пакідаў мне, каб сачыў за парадкам. А я часам там працаваў над артыкуламі і рэцэнзіямі. Балазе, даволі часта мне давялося рэцэнзаваць творы вучняў Шчамялёва.

Барыс КРЭПАК