Усе ў музычны сад!

№ 29 (847) 19.07.2008 - 25.07.2008 г

Крылаты выраз: “Усе ў сад!” набыў на ХVII “Славянскім базары ў Віцебску” самы прамы і дакладны сэнс. Бо гэтыя словы азначалі наступнае: хадземце на VI Міжнародны дзіцячы музычны конкурс “Віцебск-2008”! Паводле ўмоў, спаборнічалі дзеці ад 7-мі да 12-ці гадоў, а гала-канцэрт, які прайшоў у Летнім амфітэатры, называўся “Музычны сад”. Адпаведнай была і рэжысёрска-сцэнаграфічная канцэпцыя саміх конкурсных праслухоўванняў, якія праходзілі ў Канцэртнай зале “Віцебск”.

 /i/content/pi/cult/169/1583/Muzychny-sad1.jpg
Высокім узроўнем дзіцячага конкурсу “Славянскі базар у Віцебску” не здзівіць. Але сёлета ён дасягнуў папраўдзе прафесійнай адзнакі. І прымусіў задумацца не столькі пра дзяцей у ролі “маленькіх дарослых”, якія намагаюцца спяваць не свой рэпертуар, колькі пра дзяцей — “маленькіх прафесіяналаў”. Прычым маленькіх выключна паводле ўзросту, а не прафесійных якасцей. Нельга сказаць, што “маленькія прафесіяналы” — здабытак выключна гэтага фестывалю і конкурсу. Куды раней такая катэгорыя музыкантаў з’явілася ў акадэмічных жанрах, дзе назапашаны багацейшыя выканальніцка-педагагічныя традыцыі, складзены адметныя школы, распрацаваны унікальныя аўтарскія методыкі. Эстрада, застаючыся ў савецкія гады “падчаркай” сур’ёзнага мастацтва, усяго гэтага не мела: сваё жаданне спяваць дзеці маглі рэалізаваць амаль выключна ў хоры.
Сёння ж дзіцячых эстрадных студый — безліч. З дзецьмі працуюць сапраўдныя майстры сваёй справы. І, галоўнае, сам віцебскі дзіцячы конкурс ужо мае адпаведны “імідж” — аднаго з самых сур’ёзных і прэстыжных. Немалую ролю тут, між іншым, адыгрывае і фінансавы фактар: Гран-пры дзіцячага конкурсу “Славянскага базару ў Віцебску” складае 5 тысяч долараў. І гэта прытым, што на іншых падобных “дзіцячых” спаборніцтвах грашовыя прызы часта ўвогуле не прадугледжваюцца.
Дзеці ўразілі ўжо пад час жараб’ёўкі.
Стала добрай традыцыяй прасіць іх пакінуць пры гэтай першай сустрэчы з членамі журы сваю “музычную візітоўку” — праспяваць літаральна некалькі фраз, але без усялякага суправаджэння. Вядома, такое “папярэдняе выступленне” не ацэньваецца ў балах, але яно адразу дае ўяўленне аб прыродных вакальных даных кожнага ўдзельніка і дапамагае журы больш аб’ектыўна і ўзважана прымаць рашэнні.
Уразіла і сама працэдура лёсавання.
Арганізатары прыдумвалі ўжо столькі розных “фішак”, што, здавалася б, ім давядзецца паўтарацца. Ажно не! Нумар, пад якім удзельнікі павінны былі выступаць у першы дзень, быў схаваны ў кветачцы-нотцы, змешчанай на нотным стане. А нумар другога дня — на кампакт-дыску з запісамі канкурсантаў мінулых гадоў, які дзеці атрымлівалі ў падарунак.
А як уразіў сам конкурс! Адметная сцэнаграфія, выдатная рэжысура, тэматычная “ўверцюра” — танцавальны ансамбль і артысты цырка з надзвычай паэтычнай “інсцэніроўкай” песні “Миллион алых роз”. Цудоўнай рэжысёрскай знаходкай трэба лічыць і збалансаванае чаргаванне конкурсных выступленняў з “гасцявымі” нумарамі, на якіх можна было крыху “адпачыць” ад конкурсу, пераключыўшыся на іншыя жанры, і яшчэ раз у думках “перагледзець” свае адзнакі.
 /i/content/pi/cult/169/1583/Muzychny-sad2.jpg
 Уладальніца Гран-пры — Лара (Расія)

У першы конкурсны дзень кожны з удзельнікаў выконваў песню сваёй краіны. Атрымалася такое суквецце! А галоўнае — кожным былі знойдзены папраўдзе дзіцячыя паводле сваёй тэматыкі і вобразаў песні: пра нахабную прастуду, пра спячую прыгажуню, якая не чакае падарункаў лёсу, а прачынаецца сама, пра прынцэсу хору гародніны, пра тое, як цудоўна быць “сапраўднай дамай”, пра кветкі бэзу, з якіх вырабляюць духі, пра сяброў, жаданне лётаць, любоў да музыкі, да бацькоў і асабліва— да матулі, пра тое захапленне, якое выклікае родная прырода і родная краіна.
Дзятва дэманстравала выдатнае валоданне не толькі сваім голасам, але і мікрафонам, уменне спяваць у розных стылістыках, рознымі тэхнікамі— блюз, джаз, рок, неафольк, бельканта, фальцэт… А якая пластыка, якія сцэнічныя строі! Відавочна, што ледзь не з кожным займаліся прафесійныя харэографы, а “хатніх мадэльераў” у выглядзе матуль, якія па начах перараблялі былыя фіранкі ў бальна-карнавальныя сукенкі, таксама замянілі супер-прафесіяналы.
Дзеці навучыліся быць артыстамі — без усялякіх скідак на ўзрост: прафесійна спяваць, трывала трымаць інтанацыю, што ў іх узросце бывае вельмі складана, абсалютна натуральна трымацца на сцэне, арыгінальна рухацца, не капіруючы дарослыя штампы. Выключэнні з гэтага “спісу якасцей” былі не проста адзінкавымі— амаль што выпадковымі, калі хтосьці з дзяцей мог страціць настрой ці проста стаміцца.
А цяпер уявіце сябе на месцы журы. Як выбіраць сярод роўных? Якому з гэтых “цудаў свету” (і не з 7-мі, а ажно з 20-ці) аддаць перавагу? Запомніліся літаральна ўсе: выбітная характарная Паліна Карава з Расіі, Пауліна Верэці з Германіі, якая не толькі спявала, але і іграла на саксафоне, балгарка Ірэна Велчава, што разыгрываласцэнку, спяваючы на розныя галасы, вельмі стыльная, пластычная по голасе і манерах Эгле Юргайціце з Літвы, лірычны Зміцер Барадзін з Украіны, грузін Шаціко з цудоўнай нацыянальнай вакальнай манерай…Тая ж стабільнасць узроўню была і ў другі конкурсны дзень, калі ўдзельнікі выконвалі песні па сваім уласным выбары. На жаль, некаторых той “выбар” падводзіў. А дакладней, падводзілі дзяцей дарослыя — сваім выбарам на карысць песень сваёй маладосці. Падобныя няўдалыя прыклады, зноў-такі, не сапсавалі “агульнага надвор’я”, але звузілі кола прэтэндэнтаў на перамогу.
Вядома, асаблівую ўвагу выклікалі выступленні юных беларускіх спевакоў. Было абсалютна відавочна, што 11-гадовы Раман Волазнеў, саліст дзіцячай студыі арт-групы “Беларусы”, — вельмі адораны хлопчык, прычым не толькі ўласна вакальна. У ім настолькі пераважваюць творчыя памкненні, што ён не можа быць паслухмяным “перадатчыкам” усяго таго, што ўкладзена ў яго дарослымі. Яго прызначэнне — “ляцець”, не падпарадкоўваючыся зямным законам прыцягнення. А таму яго дыплом і Спецыяльны прыз Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі трэба таксама расцэньваць як сапраўдную перамогу.
 /i/content/pi/cult/169/1583/Muzychny-sad3.jpg

Лаўрэат Першай прэміі — Аліна Молаш (Беларусь).

На першае месца выйшла аднагодка Рамана — Аліна Молаш, якая займаецца ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна. Так, выхаванка Святланы Стацэнка, мастацкага кіраўніка гэтай установы, была больш стабільнай, больш кідкай — найперш за кошт элементаў народнай манеры спеваў. Але і— больш аднапланавай. У яе выкананні прысутнічалі “ваяўнічыя” ноткі, дый сама яна выглядала гэткім “працягам традыцый” Ксені Сітнік — у час перамогі апошняй на “Славянскім базары ў Віцебску”. Так што спыняцца на дасягнутым юнай зорачцы не давядзецца: ёй ёсць куды расці ды расці.
Ну, а Гран-пры атрымала 10-гадовая астраханка Лара. І пацвердзіла яго не толькі конкурснымі выступленнямі ды ўдзелам у гала-канцэрце, але і… нечаканымі для яе самой спевамі ў праграме… “Амазонка”. Уручыўшы Руслане кветкі, дзяўчынка збіралася бегчы ў залу, але спявачка затрымала яе, прапанаваўшы заспяваць разам. Лара не разгубілася, і Руслана, не ведаючы, хто перад ёй, “напрарочыла”: “Ты абавязкова пераможаш на “Славянскім базары ў Віцебску!” Так, літаральна “з трох нот”, быў абсалютна дакладна “вылічаны” пераможца дзіцячага конкурсу.

Надзея БУНЦЭВІЧ,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Віцебск — Мінск
Фота Дзмітрыя ЕЛІСЕЕВА