Бібліятэка як аптэка

№ 2 (1389) 12.01.2019 - 19.01.2019 г

Нягледзячы на спрэс святочны перыяд, у Жытомлю я патрапіў у дзень будзённы. І не толькі даведаўся аб звычайным жыцці ўстаноў культуры вёскі са слоў іх кіраўнікоў, але і сам стаў відавочцам таго, як арганізаваны вольны час тутэйшага люду.

/i/content/pi/cult/727/15827/17.JPGІ кнігі, і зёлкі, і псіхатэрапеўт

Лілія Размысла амаль 40 гадоў у бібліятэчнай справе і таму мае поўнае права казаць пра яе ў гістарычнай перспектыве:

— Розныя былі часы. Былі, вядома, і лепшыя за цяперашнія, але і, можаце мне паверыць, горшыя. Аднак бібліятэка заўсёды была, ёсць і будзе агменем культуры, ля якога людзі грэюць, лечаць свае сэрцы. Яны ж да нас прыходзяць часам не толькі па кнігу, аде і як да псіхатэрапеўтаў — выліць душу. І тады мае “салоны” — літаратурныя гасцёўні “У коле сяброў”, якія я сістэматычна праводжу — ператвараюцца ў “вячоркі пра ўсё”. І такія зносіны, паверце, прыносяць мне не меншую асалоду, чым калі сюды прыходзяць па кнігу.

А таксама сюды завітваюць і па лекавыя травы, бо пры сельскай бібліятэцы Жытомлi дзейнічае фiтааптэка! Лілія Мікалаеўна стала цікавіцца зёлкамі, прыслухаўшыся да збояў ва ўласным арганізме. І такi збор траў для асабістых патрэбаў найперш ператварыўся ў хобі, а затым вынікі сваіх пошукаў спадарыня Размысла стала прапаноўваць іншым, адкрыўшы ў бібліятэцы адпаведны куток. Бярэ яна з сабой зёлкі і на выязныя мерапрыемствы, распавядаючы пра тое, якія выдатныя травы растуць у родным краі. Як вам такія ўрокі краязнаўства?!

Каб адразу было зразумела, як гэта — “змагацца за наведвальнікаў”, Лілія Мікалаеўна прыводзіць такую статыстыку: у савецкія часы ў мясцовай сярэдняй школе вучылася каля трохсот дзяцей, сёння — менш за трыццаць. Дамагчыся спушчальных зверху паказчыкаў дапамагае, як называе яго загадчыца сельскай бібліятэкі, актыў: тыя жыхары вёскі, што заняты ў яе культурным жыцці. Яны і самі з’яўляюцца пастаяннымі чытачамі, і іншых, менш “залежных” ад чытва, агітуюць хоць зрэдку да яго далучацца. Агітуюць і размовамі, і на справе — праз розныя акцыі, звязаныя з друкаваным словам.

— У мяне ёсць чытачы, якім за 80! — з гонарам распавядае спадарыня Размысла. — Ходзіць такая бабулька ўжо ледзь-ледзь, крэкча, вочы кепска бачаць — а, бывае, дашкандыбае да нас, кніжку папросіць. Або мы яе ёй дахаты занясем.

На думку Ліліі Мікалаеўны, вяртанне да літаратуры тых, хто калісьці да яе ставіўся індыферэнтна, ужо распачалося, хай сабе і павольна. Такія 30-гадовыя, зрабіўшы кар’еру і заняўшы тое месца ў грамадстве, да якога яны імкнуліся, цяпер наганяюць упушчанае — дачытваюць тое, што некалі не дачыталі. Прычым, дачытваюць і перачытваюць на паперы, бо ў гаджэты ўжо нагуляліся. Хочацца ім “натуральнага прадукту”, ад якога пахне друкарскай фарбай. І прызвычаіўшыся бавіць вольны час з кніжкай, яны пачынаюць рэгулярна прыходзіць у бібліятэку па навінкі: і ў горадзе, куды яны пераехалі, і на малой радзіме — у вёсачцы, якую яны калі-нікалі ды наведваюць.

— Але навінак хацелася б атрымліваць паболей, — загадчыца без маёй падказкі, сама, пераходзіць да праблем у сваёй працы. — Як і перыёдыкі таксама. Нарматывы па забеспячэнні нас літаратурай, у асноўным, выконваюцца, але чытачы ўсё роўна просяць, каб сярод паступленняў “свежага” было больш, каб нават былі перагледжаны нормы — з прыцэлам на іх павелічэнне.

Хвалюе Лілію Размысла і тое, што нярэдка ў прафесію сталі прыходзіць “людзі з боку”, якія засвоілі яе асновы на спецыяльных курсах:

— Гэта шчасце, калі людзі раптам знаходзяць такім чынам сваё месца, але, мне думаецца, такія выпадковыя сустрэчы часцей выпадковымі і застаюцца — вымушанай працай, а не пакліканнем.

— Рамонт бы яшчэ вам, так? — аглядаю я памяшканне.

— Так, — уздыхае мая суразмоўца і махае рукой...

У чаканні на добры гук

Сваю цяперашнюю назву — Жытамлянскi дом фальклору — былы сельскі Дом культуры атрымаў у 2015 годзе. Тады многія раённыя СДК і клубы, дзе асаблівая ўвага надавалася фольку, рэарганізаваліся ў падобныя дамы. А ва ўстанове, пра якую пойдзе гаворка, традыцыйнай культуры і сапраўды высланая “чырвоная дарожка”. Яе флагманы ў працы ЖДФ — народны тэатр “Матулiна песня”, які ў 2016-м справіў сваё 30-годдзе, узорны фальклорны калектыў “Васiлёчкi”, дзіцячы гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Майстрыха”. Дзейнічаюць ва ўстанове і дарослы, і дзіцячы вакальныя гурткі. Усімі гэтымі аб’яднаннямі кіруюць чатыры супрацоўнікі, а наведваюць іх агулам 84 чалавекі — з тых шасці соцень, што жывуць у вёсцы.

— Праўда, нашы вакальныя і танцавальныя калектывы выступаюць збольшага толькі на раённых імпрэзах, — кажа загадчыца Дома фальклору Галіна Міклашэвіч. — Адбор на рэспубліканскія фестывалі па ўсёй Гарадзеншчыне вельмі жорсткі. Але ў “Аўгустоўскім канале ў культуры трох народаў” тэатр “Матулiна песня” ўдзельнічае пастаянна, ездзіў і на “Славянскі базар”, і на “Берагiню”, і ў Польшчу часам выбіраецца.

— Некаторыя фалькларысты прад’яўляюць прэтэнзіі да калектываў падобнага кшталту, — адкрываю я бліц-дыскусію. — Маўляў, яны вольна абыходзяцца з першакрыніцамі, прыўносячы ў аўтэнтычны матэрыял сучасныя песенныя і харэаграфічныя матывы. І тым самым скажаючы каранёвае народнае мастацтва.

— Гэта дакладна не пра нас! — усплёсквае рукамі Галіна Францаўна. — Галоўнага рэжысёра і заснавальніка “Матулiнай песні” Тарэсу Адамовіч у Беларусі ведае кожны фалькларыст. Ужо хто, як ні яна, свята захоўвае народныя традыцыі ў тым выглядзе, у якім яны дайшлі да нас ад продкаў! А ў колькіх этнаграфічных экспедыцыях яна пабывала, прывозячы з іх сапраўды ўнікальны матэрыял! Рэканструяваныя пад яе кіраўніцтвам абрады часцяком з’яўляюцца не проста гэткімі “выставачнымі” нумарамі, а аб’ядноўваюцца ў вялікія канцэртныя тэматычныя праграмы і нават у спектаклі.

Іх паказваюць ва ўстанове, матэрыяльна-тэхнічная база якой — лядашчая, старэнькая апаратура. Загадчыца спадзяецца, што калі справа дойдзе да рамонту ЖДФ, то абновяць і абсталяванне. Пытанне толькі ў тым, калі канкрэтна да гэтага справа дойдзе. Бо цяпер бывае сорамна перад гасцямі вёскі, якія наведваюць імпрэзы, — гук “падводзіць”. А свае ўжо прывыклі.

Што тычыцца будынка… Тут гісторыя да болю знаёмая: прывесці яго да ладу рукі не даходзяць яшчэ і таму, што ніяк яго не могуць перадаць з балансу на баланс.

— Адносна рамонту ў мяне галава і баліць, а не адносна творчасці, з якой у нас усё добра, — прызнаецца загадчыца. — Але баліць і пра тое, хто заўтра прыйдзе на змену нашым артыстам, бо дзяцей у вёсцы становіцца ўсё меней.

Як, на жаль — і гэта непазбежна — людзей сталага ўзросту. Стаўленне да іх у работнікаў Дома фальклору асаблівае. Для тых, хто яшчэ, як той казаў, на нагах, ладзяцца музычна-літаратурныя вечары. Да тых, хто па стане здароўя з хаты ўжо не выходзіць, “культура” сама прыходзіць у госці — у выглядзе тэатралізаваных і проста віншаванняў з рознымі датамі. Арганізоўваюцца і выставы мясцовых майстроў, якія маюць шматгадовы досвед у рамястве.

У Давіда Каралькова яго яшчэ замала. 12-гадовы падлетак свае першыя тры гады жыцця пражыў у Гродне, а затым разам з бацькамі пераехаў у Жытомлю. Мама яго працуе бухгалтарам у аграгарадку Абухава, а тата вучыцца на качагара. З 1-га класа Давід займаецца ў Доме фальклору. Цяпер ён з’яўляецца ўдзельнікам таго самага калектыву “Васiлёчкi”. Чаму яго цягне да мастацтва — пры тым, што сярод школьных прадметаў хлапчук вылучае алгебру з геаметрыяй — ён распавядзе сам. Літаральна зараз, каментуючы культурнае жыццё вёскі.

Каментарый Давіда КАРАЛЬКОВА:

— У школе нам шмат распавядаюць пра гісторыю нашага краю, і мне цікава даведвацца пра яе нешта новае — скажам, пра беларускія народныя песні і танцы. І гэта класна, што ў нас ёсць Дом фальклору, дзе я магу сам іх спяваць і танцаваць. Ці чытаю кнігі? Вядома, але не буду ж я іх цэлы дзень чытаць! Усё ж такі, трошкі сумнавата ў нас у вёсцы. Таму і я, і ўсе жыхары Жытомлi з нецярпеннем чакаюць вялікіх святаў, якія ладзіць Дом фальклору. Вось тады ўсё тут ажывае, прачынаецца, усе прыгожа апранутыя ходзяць, водзяць карагоды, гуляюць у розныя гульні. А потым зноў неяк усё замірае, і толькі ў нашым Доме жыццё кіпіць.

“Пішыце пра культуру Жытомля так, як мы вам расказалі, як вы самі яе ўбачылі”, — не раз я чуў такія словы з вуснаў і кіраўнікоў, і “гурткоўцаў” устаноў культуры гэтага паселішча. Напісаў. Думаю, вы ўжо самі зразумелі маё рэзюмэ. Сапраўдная культура ў Жытомлі ёсць, бо ў ёй працуюць неабыякавыя людзі. А “чырвоная дарожка” да святаў сатканая з будняў. Ці ж не так?

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"