Крэда Майстра

№ 2 (1389) 12.01.2019 - 19.01.2019 г

Сярод сёлетніх лаўрэатаў — народны артыст Беларусі, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Віктар Манаеў.

/i/content/pi/cult/727/15819/8.JPGУлюбёнец публікі, які летась адзначыў сваё 60-годдзе, быў уганараваны за высокае прафесійнае майстэрства, значныя дасягненні ў вобласці тэатральнага мастацтва, стварэнне ў тэатральным сезоне 2017 — 2018 гадоў вострахарактарных вобразаў у спектаклях “Школа падаткаплацельшчыкаў” і “Рэвізор”. Нагадаем, што за ролю Гараднічага ў апошнім Віктар Сяргеевіч напрыканцы снежня атрымаў Нацыянальную тэатральную прэмію ў намінацыі “Найлепшая мужчынская роля ў спектаклі тэатра драмы”. Да нізкі цалкам заслужаных узнагарод народны артыст ставіцца, як заўсёды, вельмі сціпла і стараецца гаварыць больш не пра сябе, а пра родны тэатр:

— Драматычны акцёр не можа існаваць без калектыву, таму гэтую прэмію я лічу найперш заслугай Купалаўскага тэатра. У яго сценах працуюць цудоўныя артысты, тут ставяць найлепшыя рэжысёры. Сапраўды, ці змог бы я сёння збіраць віншаванні, калі б за пастаноўку такога добрага матэрыялу не ўзяўся Мікалай Пінігін? Так што пачэсная прэмія — калектыўная перамога.

На пытанне пра творчыя мары Віктар Сяргеевіч адказвае бескампрамісна:

— Трэба жыць, а не марыць. Мары самі па сабе — гэта пустое, бо можна імкнуцца да аднаго, а нешта здарыцца — і тое памкненне застанецца недасяжным. Я спадзяюся, што Бог дасць мне яшчэ колькі гадоў, каб я меў шчасце выходзіць на дарагую мне сцэну, якая хутка адзначыць стагоддзе. У маім жыцці было шмат добрых, цікавых роляў. Хочацца, каб наперадзе чакалі новыя. Мне бліжэй класічны рэпертуар, аднак з вялікім інтарэсам прыглядаюся і да аўтараў таленавітых сучасных п’ес.

У дзейным рэпертуары спадару Манаеву ёсць дзе разгарнуцца: з яго ўдзелам ідуць, акрамя названых камедый, такія спектаклі, як “Чайка”, “Пінская шляхта”, “Местачковае кабарэ”, “Вельтмайстар-акардэон” і візітная купалаўская “Паўлінка”. У раскладзе пакуль не значацца новыя рэпетыцыі.

— Узяў маленечкі перапынак, бо цяпер у мяне на месяц часам выходзіць па дзесяць, а то і больш спектакляў, — тлумачыць артыст.

Аднак можна не сумнявацца, што майстар з неверагодным акцёрскім дыяпазонам яшчэ не раз уразіць адданага яму гледача глыбокімі вобразамі.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"