Служыць Айчыне музыкай

№ 2 (1389) 12.01.2019 - 19.01.2019 г

Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь акурат у дзень свайго 80-годдзя. Як перакананы мастацкі кіраўнік калектыву палкоўнік Уладзімір Варапаеў, такое супадзенне — невыпадковае.

/i/content/pi/cult/727/15817/7.JPG— Мы ішлі да гэтага юбілею, шмат працавалі, рыхтавалі новыя праграмы, ездзілі з выступленнямі па ўсёй краіне. Атрымаць такую высокую ўзнагароду з рук Кіраўніка дзяржавы — вялікі гонар. Ну, а тое, што гэта ўжо другая такая прэмія (першая была атрымана намі ў 2006-м), — чарговае сведчанне: мы на правільным шляху.

Патрыятычны творчы праект “Айчыне служым” прадугледжваў гастрольны тур па гарадах Беларусі, вайсковых частках, сустрэчы з дапрызыўнай моладдзю. Галоўнай тэмай стала абарона роднага дома, сваякоў і блізкіх, упэўненасць у высокім узроўні нашай арміі, якая стаіць на варце незалежнасці краіны і народа.

Служэнне Айчыне — гэта яшчэ і папулярызацыя нацыянальнай культуры. Часткай праекта стаў выпуск нотнага зборніка з патрыятычнымі песнямі беларускіх кампазітараў, куды ўвайшлі як ужо вядомыя, так і новыя творы пра армію. Ён будзе распаўсюджвацца па вайсковых частках, паступіць у бібліятэкі, каб гэтым рэпертуарам змаглі карыстацца ўсе зацікаўленыя. У дадатак да друкаванага выдання мы выдалі кампакт-дыск з гэтымі творамі, які ўжо карыстаецца немалым попытам. Мы здаўна і вельмі плённа супрацоўнічаем з Беларускім саюзам кампазітараў. Доўгае сяброўства звязвала нас з Ігарам Лучанком, Эдуардам Зарыцкім, чые песні занялі ў падрыхтаваным зборы пачэснае месца. Таксама туды ўвайшлі песні Уладзіміра Будніка — яшчэ аднаго класіка, які пайшоў ад нас больш за дзесяцігоддзе таму — і сучасных творцаў: Алега Чыркуна, Віктара Войціка, Уладзіміра Саўчыка, Ганны Казловай. Прыемна, што да гэтай кагорты далучыўся і малады Канстанцін Яськоў. Знакаміты Эдуард Ханок напісаў для нас песню “Служыць Беларусі”. Алена Атрашкевіч, чые песні запатрабаваны, у тым ліку, на эстрадных вакальных конкурсах, парадавала чарговай прэм’ерай — “Час выбраў нас”. Адным словам, была праведзена сур’ёзная праца, у тым ліку з паэтамі, аўтарамі песенных тэкстаў, і плён яе бачны ўсім.

Праз наш калектыў у свой час прайшлі многія вядомыя спевакі — Уладзімір Мулявін, Віктар Вуячыч, Валерый Кучынскі, Яраслаў Еўдакімаў, Іван Краснадубскі. Служыў у нас цудоўны оперны саліст Уладзімір Громаў, мы далі “пуцёўку ў творчасць” Руслану Аляхно. Сярод нашых цяперашніх артыстаў — саліст Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Міхаіл Ліла. Наша заўсёдная задача — каб усе, хто меў дачыненне да ансамбля, праз сваё жыццё пранеслі той пазітыў, што пачарпнулі ў нас. Кожны з артыстаў, кампазітараў, паэтаў пакінуў тут часцінку сваёй душы — і адначасова ўзбагаціўся нашай энергетыкай. Цяпер на нас ляжыць высокая адказнасць захаваць прафесійны ўзровень, апраўдаць давер і адпавядаць самым патрабавальным мастацкім чаканням.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"