Прэмія

№ 2 (1389) 12.01.2019 - 19.01.2019 г

Па выніках 2018 года прысуджаны чатыры прэміі “За духоўнае адраджэнне”. За актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы імі адзначаны працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных аб’яднанняў.

Аўтарскі калектыў у складзе Юліі Быкавай і Яўгена Алейніка, аўтараў музыкі і тэкстаў песень, адзначаны прэміяй “За духоўнае адраджэнне” за ўвасабленне тэмы малой радзімы ў сучасным эстрадным мастацтве, стварэнне цыкла высокамастацкіх вакальных твораў патрыятычнага кірунку.

Сярод лаўрэатаў таксама калектыў Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы і Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў каталіцкай царквы камісіі Божага культу і дысцыпліны таінстваў пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі за пераклад з арыгінальных моў і выданне кніг Новага Запавету на беларускай мове, што садзейнічае прымнажэнню духоўнай спадчыны.

Калектыў Беларускага дзіцячага хоспіса ўдастоены прэміі “За духоўнае адраджэнне” за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, сцвярджэнне ідэй чалавекалюбства і міласэрнасці, значны ўклад у стварэнне нацыянальнай сістэмы дзіцячай паліятыўнай медыцынскай дапамогі, будаўніцтва на дабрачыннай аснове і арганізацыю работы дзіцячага хоспіса ў пасёлку Вопытны Мінскага раёна.

Калектыў Веснаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця атрымаў высокую ўзнагароду за значны ўклад у сцвярджэнне маральных традыцый, ідэй чалавекалюбства і міласэрнасці, рэалізацыю мерапрыемстваў, скіраваных на сацыялізацыю асоб з абмежаванымі магчымасцямі.

Па выніках 2018 года таксама прысуджаны дзевяць спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.

Заслужаны калектыў Беларусі “Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь” адзначаны за выдатныя дасягненні ў галіне музычнага мастацтва, рэалізацыю ў 2017 — 2018 гадах патрыятычнага творчага праекта “Айчыне служым”.

Калектыў Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — за значны ўклад у развіццё аматарскай мастацкай творчасці пажылых людзей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, актыўную гуманітарную і дабрачынную дзейнасць, захаванне рэгіянальных і культурных традыцый.

Калектыў Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа ўзнагароджаны за выдатныя дасягненні ў навучанні і выхаванні творчай моладзі, значны ўклад у развіццё нацыянальнай школы класічнага танца і правядзенне дабрачынных праектаў “Творчасць юных — роднай Беларусі”, “Дзеці дзецям”, “І памятае свет выратаваны”.

Народны артыст Беларусі Віктар Манаеў удастоены ўзнагароды за высокае прафесійнае майстэрства, значныя дасягненні ў галіне тэатральнага мастацтва, стварэнне ў тэатральным сезоне 2017 — 2018 гадоў вострахарактарных вобразаў у спектаклях “Рэвізор” і “Школа падаткаплацельшчыкаў”.

Калектыў народнага сямейнага ансамбля “Сваякі” філіяла “Дом культуры аграгарадка Юбілейны” Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ўганараваны за захаванне, развіццё і папулярызацыю беларускіх традыцый сямейнай аматарскай творчасці, арганізацыю і правядзенне фестывалю-конкурсу творчых сямейных дынастый “Сваякі запрашаюць”.

Аўтарскі калектыў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў складзе начальніка ўпраўлення па распрацоўцы і рэалізацыі спецыяльных праектаў галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай рабоце апарату Савета ФПБ Сяргея Камадзея, яго намесніка Алены Голубевай, старшыні Ганцавіцкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Наталлі Кандратовіч атрымаў ўзнагароду за выдатныя дасягненні ў галіне эстраднага мастацтва і правядзенне ў 2018 годзе цыкла канцэртаў рэспубліканскай народна-патрыятычнай акцыі “Мы — разам!”, прымеркаванай да Года малой радзімы.

Творчы калектыў былых малалетніх вязняў фашызму “Лёсы” ўзнагароджаны за значныя дасягненні ў справе захавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, патрыятычнае выхаванне моладзі, дастойнае прадстаўленне Беларусі ў час акцыі “Не фашызму! Дзяцінства без вайны!”

Народны інструментальны ансамбль “Нясвіжскія лыжкары” ўганараваны за значны ўклад у папулярызацыю музычнага мастацтва, мэтанакіраваную работу па эстэтычным выхаванні падрастаючага пакалення, актыўную канцэртную дзейнасць.

Магістрант Інстытута магістарскай падрыхтоўкі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, уладальніца тытулаў “Міс Беларусь — 2018” і “Міс свету Еўропа” Марыя Васілевіч удастоена ўзнагароды за значны ўклад у развіццё міжнароднага культурнага супрацоўніцтва і актыўную дабрачынную дзейнасць.