Святло і ўзнёслы смутак малой радзімы

№ 2 (1389) 12.01.2019 - 19.01.2019 г

Гэтая сямейная пара даўно жыве душа ў душу — і ў побыце, і ў творчасці. Яна — спявачка і аўтар тэкстаў песень, прычым не толькі тых, што выконвае сама. Ён — прадзюсар і кампазітар, які таксама піша для іншых артыстаў. І асабліва шмат гэтым тандэмам напісана і праспявана пра Беларусь — вялікую і малую. І колькасць, і якасць такіх песень былi ацэненыя Кіраўніком нашай дзяржавы, які па выніках 2018-га года прысудзіў Юліі БЫКАВАЙ і Яўгену АЛЕЙНІКУ прэмію “За духоўнае адраджэнне” — з фармулёўкай “за ўвасабленне тэмы малой радзімы ў сучасным эстрадным мастацтве, стварэнне цыкла высокамастацкіх вакальных твораў патрыятычнага напрамку”.

/i/content/pi/cult/727/15812/3.JPGДавялося мне не так даўно ў нашай газеце пакрытыкаваць айчынных дзеячаў культуры — тых, хто ў Год малой радзімы не адгукнуўся на мой заклік хаця б ненадоўга выправіцца з даўно абжытай імі сталіцы ў тыя мясціны, дзе яны з’явіліся на свет. Я не стаў называць іх імёны і прозвішчы, даўшы шанец выправіцца ў 2019-м і 2020-м, якія таксама пройдуць пад знакам малой радзімы. І гэта азначае, што ўсім нам пара прыгадаць тыя куткі, дзе мы ўпершыню прамовілі слова “мама”, зрабілі першыя крокі, намалявалі першыя, дзіцячыя малюнкі, заспявалі першыя песні...

Хочацца верыць, што творчасць і прыклад Юліі і Яўгена стане ў гэтай справе дадатковай крыніцай натхнення.

У гэтыя радасныя і хвалюючыя для музыкантаў дні, пад завязку запоўненыя рознымі важнымі падзеямі, “К” удалося злавіць Яўгена АЛЕЙНІКА, павіншаваць яго і перакінуцца парай-тройка словаў.

— Як успрыняў ты навіну аб прысуджэнні прэміі?

— Для нас гэтая навіна была досыць нечаканай. Але вельмі прыемнай і натхняльнай. Прысуджэнне прэміі ўспрымаем найперш як абавязальніцтва — да далейшага развіцця, да больш актыўных дзеянняў, да яшчэ больш утрапёнай працы.

— Для напісання песень патрыятычнай тэматыкі, пэўна, патрэбнае асаблівае натхненне?

— У нашай творчасці гэтая струнка праходзіць здаўна. Успомніць хаця б песню I Love Belarus, якая ў свой час прагучала на “Еўрабачанні”. Мы, артысты, жывём у адным агульнасусветным творчым полі, і магчымасцяў у нас рабіць тое, што
падабаецца — вышэй за дах. А поспех музыканта вызначаецца тым, наколькі шчыра ён гэта робіць — тое, што хоча. Цяпер мы з Юляй паглядзім з гадок, як народ успрыме нашыя песні — а менавіта цыкл “Куточак Беларусі”, за які нас і ўзнагародзіў Прэзідэнт. Калі яны “пойдуць” гэтак жа, як песня “Сінявокая”, значыць, у нас усё атрымліваецца.

І я ўжо бачу па водгуках, што песні “сыходзяць” у народ: мне пастаянна пішуць людзі, просяць ноты, словы, фанаграму, каб граць і спяваць іх самім. Такую цікавасць я звязваю не з нашай здольнасцю да хітмэйкерства, а з тым, што мы робім усё шчыра. Я наогул не ведаю, якія патрэбны асаблівыя навыкі для аўтараў песень, каб іх творы сталі папулярныя, акрамя таго, што трэба быць шчырымі ў сваёй працы. У адваротным выпадку — не пракаціць, народ раскусіць. Прынамсі, асабіста мне адразу відаць тых, хто працуе ад душы. І спадзяюся, што і пра нас думаюць тое ж самае.

— Адпаведна, усё, што ты пішаш на замову, з’яўляецца па загадзе душы?

— Не ведаю, ці даўно ты сочыш за нашай з Юляй дзейнасцю. І не ведаю, ці пільна...

/i/content/pi/cult/727/15812/4.JPG— Даўно і пільна.

— Значыць, ты ведаеш, што мы не з усімі супрацоўнічаем, але з тымі, з кім працуем, працуем вельмі сур’ёзна. Мы маглі б працаваць з большай колькасцю артыстаў, але ў творчым плане — вельмі пераборлівыя. І ніколі не гналіся за доўгім рублём, нават маючы для гэтага ўсе магчымасці. Для нас важна атрымліваць кайф ад сваёй працы, нават, магчыма, на шкоду прыбытку.

Шчыра магу сказаць: у мяне няма ні аднаго твора, які б я не напісаў ад душы. Магло што-небудзь не спадабацца, тады я адмаўляўся ад гэтага. Ад душы ў мяне і тыя песні, што я напісаў камусьці, скажам, на дзень нараджэння. Магчыма, гэта называецца прафесіяналізмам.

— Мне здаецца, што каб у паэта-песенніка атрымаўся тэкст грамадзянскага зместу, ён павінен быць вельмі таленавіты — бо ёсць рызыка зваліцца ў лабавую патэтыку і прымітыўную сентыментальнасць. Гэта я пра Юлію. А якія задачы ў гэтым выпадку стаяць перад табой?

— У альбоме “Куточак Беларусі”, асобныя кампазіцыі якога былі прэзентаваныя на “Песні года”, мы з Юляй не дзелім, дзе чые словы і музыка. Подпіс такі: музыка і словы Быкавай і Алейніка. Гэта значыць, у дадзеным выпадку ты размаўляеш не з кампазітарам, а з суаўтарам песень. Дык вось, у гэтым альбоме ты не знойдзеш ніводнага трэка грамадзянскага зместу (можа, толькі ў песні “Свет адзiн на ўсiх”, якую выконвае Іна Афанасьева, ёсць антываенная тэматыка).

Сёння многае скажаецца — у тым ліку і значэнні слоў ды паняццяў. Мне не падабаецца, як некаторыя абыходзяцца са словамі “патрыятызм”, “абавязак”, “подзвіг”, спрабуючы надаць ім іншы, прыніжальны сэнс. Або як нехта ўспрымае словазлучэнне “ліберальныя каштоўнасці” як штосьці страшнае. Не падабаецца, калі адбываецца размыванне чагосьці важнага, што складае духоўныя каштоўнасці чалавека.

Цыкл песень “Куточак Беларусі” — гэта, паўтаруся, альбом, які рыхтуецца да выхаду і які прысвечаны малой радзіме. Вось і ўсё! А збірацца ён стаў, дарэчы, яшчэ да таго, як 2018-ы быў абвешчаны Годам малой радзімы. Проста хацелася напісаць максімальна лірычныя песні, вось на што рабіўся ўхіл. Стылістычна мы ніяк не вырашалі альбом, а вырашалі меладычна, імкнучыся сысці ад шаблонаў сучаснай музыкі. І прагнулі прыгажосці — і ў словах, і ў тых жа мелодыях. Каб у людзей узнікала адпаведнае адчуванне — святла, радасці, узнёслага смутку.

— Пра сучасную беларускую музыку. Ці хапае ў ёй сёння сапраўдных, не аднадзённых песень пра Беларусь?

— Давай для пачатку я табе распавяду байку пра “сапраўднае”. Недзе з 14-ці гадоў я пачаў працаваць як музыкант на вяселлях. Ці не на кожным абавязкова сустракаліся тыя, хто аплёўваў усё запар. І вось, неяк я адыграў сваё на баяне, сеў на лавачку, а двое такіх таксама сядзелі на ёй, але на адлегласці. І чую іх размову: “Шлак поўны, вяселле жудаснае, усё проста жахліва, тамада — лось, музыка — адстой”. Другі пагаджаецца: “О, як я бачу, ты таксама любіш сапраўдную музыку! Пойдзем пакурым”. Сыходзяць. Праз хвіліну-другую хтосьці крычыць: “Бойка, бойка! Пайшлі разнімаць!” А біліся тыя двое. Па прычыне таго, што адзін лічыў сапраўднай музыкай гурт “ДДТ”, а другі — амерыканскі рэп. Добрая нагода начысціць пысу і самому атрымаць у нюхаўку, ці не так?

Таму я катэгарычна супраць такіх супрацьпастаўленняў: сапраўдная — несапраўдная. Калі артыст збірае залу, значыць, ён класны, а калі да яго ніхто не прыходзіць, то — прабач. Я з разуменнем стаўлюся да шансону, да такіх “зорак”, як “Руки вверх!” або Макс Корж — нягледзячы на тое, што сам слухаю Take That, Muse, Coldplay, Робі Уільямса. Але для мяне ў музыцы павінна быць нейкая фішачка — ненадакучлівая, таму што інакш гэта можа выклікаць абурэнне. Нейкая здольнасць не проста “падкарміць” слухача, а прыўзняць яго над самім сабой — неабавязкова высока, хай нават ледзь-ледзь. І тады ў яго вызваліцца ўнутраная светлая, добрая энергія, пабягуць мурашкі па спіне — гэта называецца катарсіс. У музыцы я ўжо больш за 20 гадоў, але пакуль толькі намацваю такія фішачкі. А ці ёсць сёння неаднадзённыя песні пра Беларусь — пакажа хіба толькі час.

— А якія наогул песні пра нашу краіну — любых часоў — якія цябе “чапляюць”?

— Вядома ж, гэта Гімн Беларусі — надзвычайны, вельмі светлы твор. “Песняроўскія” шэдэўры — тыя ж “Белавежская пушча” або “Белоруссия”. А мая любімая — “Вы шуміце, шуміце нада мною бярозы”, ад якой у дзяцінстве я проста балдзеў: Анатоль Іванавіч Ярмоленка спяваў яе шыкоўна... Давай яшчэ назаву “Дах дома твайго”? Гэтую наднацыянальную песню? Я пад яе ў дзяцінстве засынаў і прачынаўся!

— Якім для вас з Юліяй выдаўся мінулы год?

— Вельмі насычаным. Спалі па чатыры — пяць гадзін у суткі. І гэты марафон яшчэ працягваецца. Напэўна, гэта быў самы лепшы год у нашым жыцці. Прарыўны. Зараз трэба знайсці ў сабе сілы, каб усё працягнуць і ўзмацніць! Падзенне ў творчым свеце — гэта нешта такое простае, і здараецца яно так нечакана, што часам выбрацца з яміны так і не ўдаецца. Спадзяюся, з намі такога не адбудзецца.

— А ад гэтага, 2019-га, чаго чакаеш?

— Плануем у канцы красавіка вялікі аўтарскі канцэрт з песень альбома “Куточак Беларусі” і іншых нашых хітоў. Гэтым праектам — так і напішы — мы хочам заявіць слухачам, што беларуская папулярная музыка жывая. Намечаны выпуск яшчэ аднаго альбома, у які ўвойдуць не толькі нашы кампазіцыі. Пакуль я праанансую, што мы гатовыя ўключыць у яго лірычныя песні іншых аўтараў і выканаўцаў пра Беларусь, яе прыроду і людзей. Гэта будзе як бы другая частка “Куточка”. Але ўсе падрабязнасці — пазней.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"