Карціна, якой… не было

№ 52 (1387) 30.12.2018 - 05.01.2019 г

1 студзеня 1929 года Беларуская ССР адсвяткавала свой першы круглы юбілей. Падрыхтоўка да яго пачалася яшчэ папярэднім летам: 21 ліпеня 1928 года. Пачэснае месца ў распрацаваным адмысловай камісіяй плане мерапрыемстваў займала 3-я Усебеларуская мастацкая выстава, якая сабрала бадай усе вядомыя імёны — агулам 62 мастакоў. Папярэдне даў сваю згоду на ўдзел у ёй і Валянцін Волкаў, якога ўжо ў тыя часы лічылі мэтрам. Аднак у выніку гледачы яго твора не ўбачылі.

/i/content/pi/cult/725/15808/26.JPGЦана шэдэўра

Зразумела, што аўтар герба БССР міма такой тэмы прайсці не мог. Але, паводле яго ўласнага прызнання, чым больш ён над ёй разважаў, тым больш прасякаўся яе маштабнасцю. Зрэшты, паслухаем, як сам мастак тлумачыў гэта ў лісце да народнага камісара асветы рэспублікі Антона Баліцкага ад 23 ліпеня 1928 года: “Калі быў абвешчаны конкурс для мастакоў і вызначаны тэмы, прыстасаваныя да святкавання дзесяцігоддзя БССР, мяне больш за ўсё зацікавіла адна, гэта — “Падпісанне маніфеста”. Я хацеў спыніцца на гэтай тэме, але, чым больш над ёй думаў, тым больш яна мяне захапляла і ў той самы час для мяне высветлілася немагчымасцю што-небудзь зрабіць на працягу малога тэрміну”.

Натуральна, адмаўляцца ад такога дзяржзаказу Волкаў і не збіраўся. Наадварот — ён задумаў бадай беспрэцэдэнтнае паводле маштабу шматфігурнае палатно. І прасіў, кажучы сучаснай мовай, адсунуць дэдлайн: “Урэшце, у мяне з’явілася думка, ці нельга скарыстаць гэтую тэму больш шырока і намаляваць карціну вялікага памеру, якая б стала помнікам гістарычнага акта і, адначасова, цэлым шэрагам гістарычных партрэтаў усіх галоўных беларускіх дзеячаў, якія прымалі ўдзел у аглашэнні БССР”.

Далей мастак зазначаў, што выкананне вялікай карціны патрабуе выключных умоў — як з боку патрэбнага для працы часу, так і з боку матэрыяльнага: “Перш-наперш неабходна будзе зрабіць шэраг эцюдаў-партрэтаў з удзельнікаў акта, потым сабраць як мага больш рознага матэрыялу, уяўляючага гэтае здарэнне з усіх бакоў, зрабіць эцюды і замалёўкі таго пакою, дзе адбылося гістарычнае пасяджэнне і гэтак далей, — усё гэта патрабуе часу не менш як год”.

Зрэшты, будучы шэдэўр патрабаваў не толькі часу, але і сродкаў: “Падлічыўшы ўсе звязаныя з падрыхтоўкай матэрыялу для карціны выдаткі, я прыйшоў да пераканання, што намаляванне карціны, разам з маёй працай, будзе каштаваць мінімальна 3500 рублёў”.

Сума, на той момант фантастычная. Сярэдні месячны заробак у СССР быў тады недзе каля 70 рублёў.

“Спадзяюся, што мне будзе дадзена магчымасць зафіксаваць на палатне гістарычны момант жыцця БССР, на выкананне гэтай працы я хацеў бы аддаць свой час і здольнасці”, — завяршае мастак свой допіс. І народны камісар асветы даў станоўчую рэзалюцыю. Ліст Волкава быў накіраваны далей па інстанцыях — на разгляд у ЦВК БССР. З снежня 1928 года выйшла яго пастанова: “Згадзіцца з прапановай Волкава і Галоўмастацтва аб намаляванні карціны “Падпісанне маніфесту” са сканчэннем гэтай працы да святкавання 11-й гадавіны БССР.”

/i/content/pi/cult/725/15808/gerb-bssr-1927 S_opt.jpegЗдавалася, мастак дабіўся свайго, атрымаўшы і дастатковы для працы час, і спрыянне на самым высокім узроўні. Але… На гэтым звесткі пра гэты твор Валянціна Волкава абрываюцца. У кожным разе, выявіць у архівах дакументы, якія тычацца яго прыняцця да 11-ай гадавіны Беларускай ССР, даследчыкам не ўдалося. Нічога не ведаюць пра карціну і спецыялісты Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Магчыма, праца над эпічным палатном была спыненая акурат па фінансавых прычынах. Згодна з дагаворам, Волкаў павінен быў атрымаць тысячу рублёў авансам. Але экспертная камісія зрабіла шэраг грунтоўных заўваг, прымусіўшы мастака дапрацаваць карціну. Пры гэтым было дамоўлена аб выплаце яму паловы вызначанай сумы — 500 рублёў. Аднак у Наркамата асветы на той час і такіх сродкаў не было.

З просьбай выплаціць яму належнае Валянцін Волкаў вымушаны быў звярнуцца ў ЦВК БССР. Аднак і там ён атрымаў адмову: “ЦВК адпусціць 500 рублёў не можа за адсутнасцю сродкаў”. Напэўна, гэтым уся гісторыя карціны і скончылася.

Падстава для крыўдаў

Між іншым, і юбілейная выстава з нагоды дзесяцігоддзя БССР пакінула па сабе незадаволеных. Адзін з яе ўдзельнікаў, мінскі мастак Гаўрыла Віер, скіраваў ліст да старшыні ЦВК Беларусі Аляксандра Чарвякова. Ён пісаў пра няспраўджаныя надзеі: у праспекце Галоўмастацтва, які раздавалі мастакам, “між іншым агаворана, што за лепшыя творы юбілейных тэм будуць выдадзены прэміі, але журы гэтыя ўмовы пакінулі і прэміравалі не творы, а асобы… Я лічу, што ўчынак журы мае не толькі палітычны змест, бо пасля яго немагчыма мець давер да дзяржаўных устаноў, але і прафесійна-інтрыганцкі змест, бо журы былі загіціраваны.”

Як і заўсёды ў такіх выпадках, ліст мастака быў накіраваны на разгляд народнага камісарыята асветы. 22 ліпеня 1929 года ён растлумачыў абставіны дадзенай справы: “Абодва склады журы, вызначаных Наркаматам асветы, на жаль, не выказаліся за прэміраванне Г. Віера, што і дало яму падставу крыўдзіцца і ўсюды скардзіцца”.

На якую тэму пісаў карціну Гаўрыла Віер, якую яна мела назву — такіх звестак у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь не знойдзена. Найбольш вядомымі яго работамі на гістарычную тэму з’яўляюцца “Курлоўскі расстрэл”, напісаная ў 1925 годзе да 20-годдзя рэвалюцыі 1905 года, і “Уступленне Чырвонай арміі ў Мінск 3 ліпеня 1944 года.”

Паштоўкі не выйшлі

План мерапрыемстваў у гонар першай дзесяцігодкі БССР уключаў лекцыі па гісторыі стварэння савецкай рэспублікі, вечары памяці рэвалюцыянераў і чырвонаармейцам ды нямала іншых ініцыятыў. Адна з іх, наколькі я магу меркаваць, не была ўвасобленая ў жыццё — і таму не пакінула ў гісторыі свайго следу. Гаворка пра юбілейную серыю паштовак, пастанову пра выпуск якой прыняла Мінская акруговая камісія па падрыхтоўцы да святкавання дзесяцігоддзя БССР.

Для яе быў зроблены спіс 20 адметнасцяў Мінска. Сярод іх — будынкі ЦВК і СНК БССР, Беларускі дзяржаўны музей, Беларуская дзяржаўная бібліятэка, Дом селяніна, педфак БДУ, Дом 1-га з’езду РСДРП, бетонны мост праз Свіслач, завод “Энергія”... На жаль, ніводнай такой паштоўкі, датаванай 1928 — 1929 гадамі, ні ў Нацыянальным гістарычным музеі, ні ў Музеі гісторыі горада Мінска не аказалася.

І ў гэтым выпадку найбольш верагоднай прычынай невыканання добрай задумы здаецца ўсё тая ж адсутнасць сродкаў. Зрэшты, магчыма, не хапіла і іншага важнага рэсурсу — часу, які патрэбны на фотаработы і друкаванне паштовак. Пастанова пра іх выпуск была прынята акруговай камісіяй толькі 5 снежня 1928 года — менш за месяц да юбілею.

Генадзь БАРКУН,
гісторык