Ён напісаў “Маніхвэст”

№ 52 (1387) 30.12.2018 - 05.01.2019 г

Зміцер Жылуновіч пакінуў пасля сябе змястоўную літаратурную спадчыну. Яму аднолькава добра ўдаваліся і проза, і вершы, і драматургічныя творы. Аднак не будзе перабольшваннем сцвярджаць, што самым важным для гісторыі тэкстам яго аўтарства стаў кароткі і стылістычна зусім не бездакорны “Маніхвэст часовага работніча-селянскаго савецкага правіцяльства Беларусі”. Менавіта малады паэт з беднай сям’і местачкоўцаў становіцца першым кіраўніком ССРБ — хай і ненадоўга, хай і з вельмі абмежаванымі паўнамоцтвамі. Але ў кожным разе — ягоную ролю ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці сёння цяжка пераацаніць.

/i/content/pi/cult/725/15807/24.JPGІ “Наша ніва”, і “Правда”

Пэўна, яго палітычнае крэда вызначыла само жыццё: ён акурат з тых, каму не было чаго губляць, апрача сваіх ланцугоў. Ледзь не з пялюшак быў вымушаны пастаянна думаць пра хлеб штодзённы. У дзяцінстве працаваў пастухом, у падлеткавым веку распачаў працу ў гарбарнай майстэрні ў родным Капылі. Як тут не задумацца пра сацыяльныя праблемы? Таму і не выпадае здзіўляцца, што шаснаццацігадовы юнак стаў членам
Расійскай сацыял-дэмакратычнай партыі (РСДРП), увайшоўшы ў мясцовую арганізацыю яе Паўночна-Заходняга камітэта. Зміцер Жылуновіч ведаў пра раскол партыі на бальшавікоў і меншавікоў — і адразу ж зарыентаваўся на бальшавікоў.

Зразумела, у рэвалюцыйных падзеях, распачатых у 1905 годзе, гэты юнак удзельнічаў далёка не статыстам. Але нягледзячы на імпэтную грамадскую дзейнасць, акурат у той час — маючы няпоўныя 18 гадоў і ўсяго два класы народнай вучэльні — Зміцер упершыню адчуў прыліў натхнення. Пачынаў ён як рускамоўны паэт. Але знаёмства з газетай “Наша ніва” спрычынілася да яго пераходу на мову матчыну.

Менавіта ў “Нашай ніве” былі апублікаваныя першыя беларускамоўныя творы маладога літаратара. Менавіта там ён упершыню падпісаўся псеўданімам “Цішка Гартны”. Зачытваючы да дзірак свежыя нумары газеты, Жылуновіч як губка ўбіраў усё, што пісалі на яе старонках Янка Купала і Якуб Колас. Ён заўсёды лічыў іх сваімі галоўнымі настаўнікамі ў літаратуры.

Радкі Гартнага гучалі яўным дысанансам у дачыненні да “паэзіі чыстай красы”, якую імкнуліся ствараць многія іншыя аўтары-“нашаніўцы”. Паэт успрымаўся Жылуновічам як “званар”, чыя галоўная задача — “скалыхнуць сярдзіта” тых, “хто спіць, хто дрэмле”, дапамагаць сваім чытачам выціскаць з сябе рабоў, дамагаючыся справядлівага ва ўсіх адносінах грамадства.

Зрэшты, “Наша ніва” была не адзіным выданнем, якім зачытваўся капыльскі рабочы гарбарні. Як член РСДРП, ён горача адгукнуўся на пачатак выпуску бальшавіцкай газеты “Правда” і настойліва агітаваў землякоў падтрымліваць яе фінансава. Ды і сам пастаянна дасылаў туды карэспандэнцыю, у тым ліку — і новыя вершы.

/i/content/pi/cult/725/15807/25.JPGНа хвалі беларусізацыі

У няпоўныя 22 гады юны паэт страціў працу. Знайсці яе ў родным Капылі не атрымлівалася, і ён выправіўся ў “вялікі свет”. Нямала адрасоў давялося яму змяніць у пошуках “лепшай долі”.

У 1913 годзе распачаўся яго этап жыцця ў Пецярбургу,
неўзабаве перайменаваным у Петраград. Менавіта ў гэтым горадзе Жылуновіч сфарміраваўся як дзеяч беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, чый аўтарытэт няўхільна рос. Ён змяніў партыйную прыналежнасць, стаўшы членам Беларускай сацыялістычнай грамады — але не перакананні. Лідарскія якасці, памножаныя на інтэлект, дазволілі яму даволі хутка стаць самым папулярным сярод левага крыла грамадоўцаў. І неўзабаве Жылуновіч пачаў выбудоўваць масток паміж БСГ і бальшавікамі-ленінцамі, выклікаўшы тым самым рэзкую крытыку правага крыла і цэнтрыстаў.

Той масток стаў вельмі дарэчы, калі бальшавікі прыйшлі да ўлады. Жылуновіч шчыра верыў, што з імі можна канструктыўна супрацоўнічаць. І пэўныя крокі новага ўраду ўмацоўвалі гэтую веру. 31 студзеня 1918 года рашэннем Савета Народных Камісараў РСФСР створаны Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам). Яго мэтай было фармуляванне прапаноў адносна “вырашэння беларускага пытання”, якія рыхтаваліся для вышэйшага партыйнага і дзяржаўнага кіраўніцтва Савецкай Расіі.

Жылуновіч працаваў у Белнацкаме з першага дня — спачатку яго сакратаром, а потым і камісарам. Так ураджэнец Капыля ўпершыню займеў досвед дзяржаўнага дзеяча. І ўрэшце ён наўпрост спрычыніўся да з’яўлення на палітычнай карце новага дзяржаўнага ўтварэння — Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, цягам якога месяца пабыўшы старшынёй яе Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада.

Аднак ягоны ўзлёт быў нядоўгім. Ва ўрадзе новага ўтварэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Літвы і Беларусі — месца яму не знайшлося, і неўзабаве Жылуновіч выправіўся на фронт Грамадзянскай — у ролі звычайнага палітработніка.

Болей высокіх палітычных пастоў ён не займаў. Але вярнуўшыся па сканчэнні вайны ў адноўленую БССР, пачаў актыўна працаваць на ніве асветніцкай. Балазе, час для яго быў спрыяльны — ішла беларусізацыя. Жылуновіч стаў самым актыўным членам “мазгавога трэста” гэтага руху — Інстытута беларускай культуры, які быў правобразам акадэміі навук. Маючы ўсяго двухкласную адукацыю, праявіў сябе як даследчык літаратуры і атрымаў званне акадэміка. Рэдагаваў газету “Савецкая Беларусь” і часопіс “Полымя”, дзе праявіў сябе як майстар публіцыстыкі. Дбаў пра развіццё выдавецкай справы. І, вядома ж, багата пісаў і перакладаў.

Даследчыкі беларускай літаратуры менавіта ад Цішкі Гартнага вядуць адлік буйных эпічных твораў, якія апавядаюць пра фарміраванне новага чалавека. У архітэктоніку яго прозы арганічна ўбудаваная найбагацейшая народная лексіка. У ёй адчуваецца наяўнасць паўнакроўных характараў, удала ажыццяўляецца дэталізацыя, прасочваецца тонкі псіхалагізм.

пад “каўпаком”

На жаль, палітыка беларусізацыі была нядоўгай. Яшчэ ў канцы 1920-х прагучалі першыя званочкі яе завяршэння. Грамадска-палітычнае становішча ў БССР стала рэзка пагаршацца. І Жылуновіч адчуў гэта адным з першых. Ён адна за адной пазбаўляўся сваіх пасадаў, трапляў пад агонь крытыкі… І ўрэшце — найбольш цяжкі ўдар: яго прымусілі пакласці на стол партбілет.

Пастанова была прынятая 17 студзеня 1931 года. Падпісаў яе тагачасны кіраўнік кампартыі БССР Канстанцін Гей, вядомы як заўзяты прыхільнік контрбеларусізацыі. Фармулёўка вартая даслоўнага цытавання: “За сознательное проведение национал-оппортунистической и национал-демократической линии, за участие в антипартийных группировках в КП(б)Б, за связь с чуждыми и враждебными делу пролетариата нацдемовскими и фашистскими элементами и как являющегося рупором враждебных сил, которого использовала в своих целях нацдемовская контрреволюция в борьбе с диктатурой пролетариата”. Здавалася б, гэты пасаж выклікае адчуванне поўнай абсурднасці. Але менавіта з дапамогай такіх вызначэнняў тады ламалі чалавечыя лёсы.

Кажучы словамі аднаго папулярнага кіношнага героя, Жылуновіч апынуўся “пад каўпаком”. Пасля прыняцця такой пастановы ён у любы момант мог папоўніць шэрагі вязняў Архіпелага ГУЛАГа. Урэшце, гэта здарыцца — праз 5 гадоў, 9 месяцаў і 28 дзён.

Але ён да апошняга спадзяваўся, што прыкрая памылка, зробленая ў дачыненні да яго, будзе выпраўленая. І цярпліва гэтага чакаў, кінуты “на нізоўку”. Нават нейкі час ізноў пайшоў працаваць гарбаром — як у гады маладосці.

У 1934 годзе ўжо здавалася, нібы справа мяняецца да лепшага. Жылуновіч уладкоўваецца на працу ў Інстытут гісторыі, Цішка Гартны становіцца членам толькі што ўтворанага Саюза пісьменнікаў СССР. Ён ізноў публікуецца, выступаючы цяпер яшчэ і як даследчык беларускай мінуўшчыны.

Але няўмольна набліжалася новая хваля рэпрэсій. І адной з першых яе ахвяраў стаў менавіта першы кіраўнік Савецкай Беларусі. 15 лістапада 1936 года ён быў арыштаваны. І цяпер на літасць ужо спадзявацца не выпадала.

Апошнім адрасам у яго жыцці стала Магілёўская псіхіятрычная бальніца. Там ён і памёр 11 красавіка 1937 года. Многія даследчыкі перакананыя, што гэта было самагубства — хаця афіцыйная прычына смерці, вядома ж, пазначана зусім іншая: гангрэна лёгкіх.

Добрае імя Зміцера Жылуновіча было цалкам адноўленае яшчэ ў савецкі перыяд. Першы крок у гэтым кірунку быў зроблены ў гады хрушчоўскай адлігі, калі Жылуновіча рэабілітавалі ў грамадзянска-прававых адносінах. А поўная яго рэабілітацыя стала магчымай толькі ў часы перабудовы.

Так шчыры прыхільнік камуністычнага ладу стаў яго ахвярай. І такіх драматычных сюжэтаў нямала ў гісторыі першых дзесяцігоддзяў Савецкай Беларусі.

Міхаіл СТРАЛЕЦ, доктар гістарычных навук, прафесар