“Бабуліна імя для мяне — гонар”

№ 52 (1387) 30.12.2018 - 05.01.2019 г

27 снежня споўнілася 99 гадоў з дня нараджэння народнай артысткі СССР Галіны Макаравай. Скажаце, лічба ж не “круглая”? А вось акурат гэта і справакавала жаданне… не, нават не паразважаць пра патрэбу згадваць яркіх творцаў не толькі ў “вызначаныя” дні. Захацелася расказаць, што тыя каштоўнасці і ідэалы, якімі жыў чалавек, працягваюцца і пасля смерці. У яго нашчадках, дзякуючы якім мы можам гаварыць не пра асобных творцаў, але пра яркія творчыя дынастыі.

/i/content/pi/cult/725/15806/23.JPGЦі часта вы чулі пра дынастыю Макаравай? Між іншым, яе заснавальніцай з’яўляецца не толькі сама Галіна Кляменцьеўна, але і яе муж — заслужаны артыст БССР Павел Пекур, які іграў у шэрагу знакавых спектакляў Купалаўскага тэатра. Дачка Таццяна звязала свой прафесійны лёс з айчынным тэлебачаннем. Ды і ўнукі таксама прынялі кінаэстафету. Старэйшы — Ягор Клімовіч, якога многія кінаманы згадаюць найперш па ролі Аляксандра Болашава ў стужцы “Рух наверх”, за апошні час зняў некалькі дакументальных стужак, уцягнуўшы ў гэтую справу і малодшую сястру Агату КЛІМОВІЧ, якая літаральна пару тыдняў таму і скончыла ў Нью-Ёрку магістратуру па спецыяльнасці “медыя-менеджмент”. Акурат з ёю, самай малодшай з дынастыі, мы і пагутарылі пра тое, як працягваць сямейныя традыцыі.

— Першае пытанне, якое задасць кожны цікаўны — як вы, мінская дзяўчынка, апынуліся ў Амерыцы?

— Я скончыла Мінскае гарадское вучылішча алімпійскага рэзерву, 11 гадоў займалася лёгкай атлетыкай. Пасля выступлення ў 2010 годзе на чэмпіянаце свету сярод юніёраў у Канадзе атрымала прапанову паехаць вучыцца ў Амерыку. Не скажу, што адразу ж рашылася: думала, разважала. Як вядома, спартыўны век кароткі, асабліва калі здараюцца сур’ёзныя траўмы. А паколькі кіно, разам са спортам, заўсёды было маёй жарсцю, я ўрэшце прыняла прапанову. Праўда, для таго, каб паступіць ва ўніверсітэт, мне спярша давялося павучыцца ў каледжы, падцягнуць англійскую мову, якая на той момант была ў мяне проста “нулявая”. Дзякуючы гэтаму двухгадоваму шкалярству я змагла патрапіць ва Універсітэт Мічыгана і скончыць яго па спецыяльнасці “кіно і тэлебачанне (з радыёўхілам)”. А пасля — паступіць у магістратуру нью-ёркскай Новай школы, дзе нядаўна атрымала дыплом.

— Напэўна, гены ўзялі сваё?

— А я і сапраўды так думаю. Пасля каледжа ў мяне было сем прапаноў у розныя ўніверсітэты Амерыкі: Тэхас, Лас-Вегас, Масачусетс… Мне вельмі хацелася ў тэхаскі ўніверсітэт, бо лічылася, што там добрыя ўмовы для студэнтаў, цудоўная спартыўная каманда. Але ўрэшце я зрабіла свой выбар паводле іншага крытэрыю — зыходзячы з той спецыяльнасці, якую прагнула атрымаць. Таму і накіравалася ў Мічыган.

— Дарэчы, спорт у вашай сям’і, як я магу меркаваць, заўсёды быў у пашане. Акрамя акцёрскай прафесіі, Галіна Макарава займалася катаннем на кані, кіданнем кап’я, а ў 1937 годзе нават стала чэмпіёнкай рэспублікі па мотакросу.

— А яшчэ мама расказвала, што ў дзяцінстве ў бабулі было прозвішча “Бубен”, якое ёй далі ў двары. Яна заўсёды была рухавая, актыўная, энергічная — сапраўдная завадатарка. Дарэчы, мама часта казала: “Ты такая ж гарэза, як і бабуля”.

— Чым яшчэ вы з ёю падобныя?

— Пра знешняе падабенства мне складана казаць. Бадай што, шыкоўныя валасы — гэта самая відавочная наша “спадчына”. Усе памятаюць бабуліну касу. Але самае галоўнае, што мне, як падаецца, перадаліся яе рысы характару.

— Між іншым, вас нават назвалі ў яе гонар — Агатай.

— Забаўная гісторыя: калі бабуля прыйшла працаваць у Купалаўскі тэатр, ёй сказалі: “Ну што гэта ў цябе за вясковае імя — Агата. Трэба змяніць яго на больш высакароднае”. А я вось не лічу гэтае імя вясковым ці занадта простым, і з гонарам жыву з ім.

Так-так, насіць бабуліна імя для мяне гонар. Тым больш, я адзіная з нашай сям’і, каму не пашчасціла запомніць бабулю пры жыцці: яна сышла літаральна праз месяц пасля майго нараджэння. Хаця мама распавядала, што перад смерцю бабуля мяне пабачыла, блаславіла… Вось цяпер мы гаворым пра яе, і мне складана стрымліваць слёзы. Лічыце мяне наколькі заўгодна сентыментальнай, але я не веру, што яе няма.

— Нават праз чвэрць стагоддзя з дня смерці?

— Гэта яшчэ з дзяцінства пайшло — у мяне ніколі не было адчування таго, што яе няма. Калі я глядзела фільмы з бабуліным удзелам, не ўспрымала яе як “чалавека з тэлевізара”. Лічыла, што яна сапраўдная, бачыць мяне і чуе, заўсёды махала ёй ручкай. І сябрам у двары расказвала, што мая бабуля жыве далёка ў вёсцы, гадуе там курак, і ў пэўны час я паеду да яе ў госці… А я і сёння іду па жыцці з верай у тое, што яна — мой Анёл-ахоўнік, які ўвесь час недзе побач і аберагае мяне.

— Якія з яе чалавечых рысаў для вас асабіста самыя каштоўныя?

— Скажу проста: яна — геніяльная, прычым не толькі як актрыса, але і як жанчына. Па тых шматлікіх расповедах, якія я чула ад родных і сяброў сям’і, сярод самых асноўных рысаў яе характару былі сіла волі, мудрасць і дабрыня. Ды, зрэшты, гэтыя ж рысы можна ўбачыць і ў яе героях.

— Галіна Макарава сыграла на экране без малага сотню роляў. Якія з іх для вас самыя блізкія?

— Я люблю ўсе яе стужкі, незалежна ад таго, галоўная ў яе роля ці эпізадычная. Кожная з іх глыбокая і прасякнутая неверагоднай жыццёвай мудрасцю. Але, калі на тое пайшло, асабліва вылучу “Развітанне славянкі” і “Маладую жонку”. Калі іх пераглядаю, шторазу здаецца, нібы мы з бабуляй сядзім у адным пакоі, і яна асабіста са мной размаўляе, дае свае мудрыя жыццёвыя парады. І не магу я сказаць, што назіраю за яе акцёрскай ігрой: яна рэальна, па-сапраўднаму жыве ўсімі тымі эмоцыямі і перажываннямі, якія разгортваюцца на экране.

— Вы абралі для сябе дакументальнае кіно. Чаму?

— Скажу проста: збег абставінаў. Пасля таго, як мой брат Ягор зняў свой фільм “Нармандыя-Нёман. Маналог”, які атрымаў шэраг узнагарод на міжнародных кінафестывалях, ён пазнаёміўся з Аляксеем Фёдаравым — лёгкаатлетам, з якім здарыўся гучны допінг-скандал — і вырашыў здымаць пра гэта фільм. Натуральна, што як спартсменка я не магла застацца ўбаку. Ягор здымаў у Расіі, а я ў Амерыцы, паколькі ў гэты час у Портлэндзе адбываўся чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы ў закрытых памяшканнях. І вось наш фільм “Правіла Кубертэна” ўвайшоў у лонг-ліст расійскага “Залатога арла”, а я атрымала ўзнагароду за найлепшы дэбют на Міжнародным кінафестывалі імя Савы Марозава. Я веру ў лёс і стараюся не прапускаць яго “знакі”.

Цяпер у пост-прадакшне яшчэ адна наша з Ягорам дакументальная стужка — “Алег Тактараў”, якая распавядае пра знанага расійскага спартсмена і кінаакцёра. У ёй я выступаю ўжо непасрэдна як прадзюсар. Думаю, праз пару месяцаў яна выйдзе на экраны.

— Вы здымаеце поўнаметражную дакументалістыку. Ці адрозніваецца стаўленне да яе ў нас і ў Амерыцы?

— Не скажу, што надта ўжо адрозніваецца. Як пажартаваў адзін з вядучых цырымоніі “Оскара”, аб’яўляючы намінацыю па дакументалістыцы: “А зараз я запрашу на сцэну тых, у каго статуэтка будзе самай каштоўнай рэччу ў доме”. Эканамічная эфектыўнасць працы ў дакументальным кіно не ідзе ні ў якое параўнанне з тым жа ігравым. У маім атачэнні шмат рэжысёраў, якія для таго, каб зняць свае фільмы, працуюць на “звычайных” работах, зарабляючы грошы на арэнду тэхнікі. І гэта распаўсюджаная практыка. Іначай бывае толькі калі ты здымаеш заказ ад пэўнага каналу. Мне было крыху прасцей: падчас вучобы ў Мічыгане кожны студэнт мае магчымасць свабодна карыстацца ўніверсітэцкім абсталяваннем.

Зрэшты, не здзіўлю вас чымсьці новым, калі скажу, што акурат у дакументалістыцы тэхніка адыгрывае зусім не галоўную ролю. Нашмат важней уменне аператыўна рэагаваць, лавіць момант, адчуваць, дзе можна знайсці свайго героя.

— Цікава даведацца ваша меркаванне пра перспектывы дакументальнага кіно ў агульнай кінаіндустрыі? Як яму прабіцца да аўдыторыі?

— Чакаеце “амерыканскі рэцэпт”? Думаю, цяпер з развіццём тэхналогій у маладых дакументалістаў ва ўсім свеце з’явіліся дадатковыя магчымасці: скажам, той жа YouTube, які дазваляе данесці сваю працу да публікі. Калі ў цябе ёсць цікавая ідэя, яркі герой і добрыя амбіцыі, ты маеш усе шанцы быць заўважаным. Безумоўна, дакументалістыка — гэта ў пэўнай ступені нішавае кіно. Але ж хто замінае табе выходзіць за яго межы? Я, прыкладам, не збіраюся абмяжоўваць сваё кола прафесійных інтарэсаў адно толькі ім. Хачу і на тэлебачанні паспрабаваць сілы… У гэтым таксама бяру прыклад з нашай сям’і: і бабуля, і мая мама ніколі не заспакойваліся, чагосьці дасягнуўшы. І гэта правільна.

Таццяна КОМАНАВА
Фота з асабістага архіва Агаты КЛІМОВІЧ