“Пінчуцкія” брэнды сталі сталічнымі

№ 52 (1387) 30.12.2018 - 05.01.2019 г

“Па-першае, я з Пінска…” — кажа бронзавая скульптура беларуса-палешука, размешчаная ў горадзе над Пінай на самым пачатку пешаходнай вуліцы, якая даўней называлася Вялікая Кіеўская, а сёння носіць імя правадыра сусветнага пралетарыяту. Дзе б і куды б пакручасты лёс ні закінуў пінчука — у Мінск, на бяскрайнія прасторы Сібіры ці ў далёкую Амерыку — менавіта гэтымі словамі ён пачынае расказваць пра сябе і пра свой улюбёны горад. Гэты гонар мясцовых жыхароў за свой край напоўніцу ацэняць усе наведвальнікі сталіцы Палесся ўжо самым бліжэйшым часам — на 2019 год Пінск займеў ганаровае званне Культурнай сталіцы Беларусі.

У цэнтры Палесся

— Пінск цалкам гатовы да акцыі “Культурная сталіца Беларусі”, — адзначыў “К” старшыня Пінскага гарвыканкама Іван Рабкавец. — Мы вельмі ўдзячны краіне, Міністэрству культуры за тое, што атрымалі ў 2019 годзе такое ганаровае званне. Абавязкова прыкладзём усе намаганні, каб акцыя прайшла ў нашым горадзе на самым высокім узроўні, была запамінальнай не толькі для пінчан, але і для гасцей сталіцы Палесся.

Па словах загадчыцы сектара культуры Пінскага гарвыканкама Тамары Дземідзенка, у горадзе плануецца зладзіць прыкладна 450 мерапрыемстваў. І гэта не толькі гарадскія ці раённыя, але і абласныя ды рэспубліканскія святочныя дзеі, конкурсы, фестывалі і імпрэзы.

/i/content/pi/cult/725/15804/21.JPG— Усе згаданыя мерапрыемствы будуць праходзіць у многіх установах культуры Пінска, — кажа візаві. — А гэта 11 арганізацый, дзе працуюць 54 калектывы аматарскай мастацкай творчасці. З іх 20 калектываў маюць званне “заслужаны”, а таксама найменні “народны” і “ўзорны”.

Дарэчы, па стане захаванасці старадаўняй планіроўкі, наяўнасці помнікаў архітэктуры і гісторыі Пінск сёння лічыцца адным з найцікавейшых гарадоў краіны: у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ўключана 186 такіх аб’ектаў. Так што тут, у сталіцы Палесся, можна не толькі завітаць на культурныя мерапрыемствы, а і ўбачыць многія славутасці, якія складаюць гонар нашай дзяржавы — ад архітэктурных помнікаў да культавых пабудоў, што
паўсталі ў горадзе над Пінай яшчэ 400 — 500 гадоў таму.

Дзіва што: у тыя часы Пінск уваходзіў у лік найбуйнейшых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага ды сплачваў дзяржаве такі самы падатак, як Полацк, Гродна ці Кіеў. Тады і пачаўся росквіт Піншчыны ды быў закладзены брэнд прадпрымальных палешукоў — “пінская шляхта”. Брэнд гэты, натуральна, трывае да сёння. Калі не верыце, дык, скажам, пашукайце ў інтэрнэце інфармацыю пра тое, адкуль паходзяць родавыя карані былога генеральнага дырэктара кампаніі Microsoft Стывена Балмера…

Асаблівую цікавасць мае для турыстаў гістарычны цэнтр Пінска, дзе 163 аб’екты ўтвараюць унікальны горадабудаўнічы помнік рэспубліканскага значэння. Менавіта ў цэнтральнай частцы горада, дзе можна пабачыць і згаданую ўжо скульптуру палешука, і езуіцкі калегіум, і барочны дзвюхвежавы сілуэт кафедральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ды іншыя цікавосткі, і адбудуцца галоўныя падзеі “сталічнага” культурнага жыцця.

— Мы чакаем выступленняў у Пінску як мясцовых “зорак”, так і прыезджых артыстаў, — адзначыла начальніца аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пінскага гарвыканкама Валянціна Кулак. — На вуліцах з’явяцца новыя архітэктурныя формы, сфера культуры ўзбагаціцца новымі тэатральнымі прэм’ерамі, разнапланавымі выставамі, канцэртнымі праграмамі. Мяркую, літаральна кожны пінчанін прыме ўдзел у тых мерапрыемствах, якія пройдуць у Пінску ў рамках акцыі “Культурная сталіца Беларусі”.

Безумоўна, самы актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах возьмуць супрацоўнікі сферы культуры горада. А каб убачыць пераднавагоднюю падрыхтоўку да акцыі, што называецца, на свае вочы, карэспандэнт “К”
прайшоўся па некаторых установах культуры Пінска.

Музейныя планы

Пра цікавы сваімі адметнымі зборамі Музей Беларускага Палесся, які месціцца ў будынку былога езуіцкага калегіума XVII стагоддзя, наша газета пісала неаднойчы. Апошні раз — у сувязі з праектам “За кулісамі музея”, зладжаным сёлета пінскімі музейшчыкамі (гл. № 8 за 24 лютага 2018 года). Натуральна, у рамках акцыі “Культурная сталіца Беларусі” гэты праект будзе працягнуты, а таксама распачнецца цэлы шэраг іншых цікавых мерапрыемстваў.

— Справа ў тым, што ў кастрычніку 2019 года наш музей адсвяткуе сваё 95-годдзе, — кажа кіраўнік установы Ірына Дзямчук. — Таму наступны год для нас святочны ўдвая. Плануем ладзіць шматлікія выставы, а яшчэ працягнем рамонтныя работы, якія цяпер вядуцца на першым паверсе музейнага будынка.

Што да цікавых адметнасцей, дык іх у экспазіцыі Музея Беларускага Палесся стае любому наведвальніку. Перш за ўсё варта завітаць да самага вядомага экспаната музея — знакамітага драўлянага ровара Васіля Ілючыка, які прыкаціў на ім на пінскі кірмаш з вёскі Багданаўка ў 1930-х гадах мінулага стагоддзя, а пазней быў выкуплены ў музейную экспазіцыю. Яшчэ тут можна паглядзець на нядаўна адрэстаўраванае двухметровае палатно Айвазоўскага, новы куток этнаграфіі, рыцарскія шаломы і даспехі ды сотні іншых артэфактаў.

Што да акцыі “За кулісамі музея”, дык, як расказаў “К” загадчык навукова-асветніцкага аддзела ўстановы Валерый Кабрынец, сёння, дзякуючы гэтаму сталаму музейнаму праекту, пінчане могуць пабачыць унікальную пахавальную чашу вельбарскай культуры. Гэты прадмет часоў II — IV стагоддзя да нашай эры знайшлі падчас раскопак могільніка Вялемічы-І у Пінскім раёне яшчэ ў 1954 годзе, і пакуль ён не дэманстраваўся наведвальнікам.

І гэта не адзіны адметны экспанат пінскага музея: агулам у асноўным фондзе ўстановы налічваецца каля 75 тысяч адзінак захоўвання, дзе ёсць шмат падобных цікавостак. Так што пінчан і гасцей горада чакаюць шмат адкрыццяў.

Акрамя таго, як кажа Ірына Дзямчук, для гасцей Культурнай сталіцы Беларусі — 2019 музейшчыкі мяркуюць паказаць выставу пінскіх мастакоў, прысвечаную гораду і яго ваколіцам. На “Ноч музеяў” вясной плануецца зладзіць экскурсію ў сутарэнні езуіцкага калегіума (спецыялісты сцвярджаюць, што пад будынкам ёсць ажно чатыры падземныя хады ў розныя культавыя ўстановы горада), а нумізматам прадэманструюць экспазіцыю, прысвечаную знойдзеным скарбам Пінска і Пінскага раёна.

Карацей, сумна ў Музеі Беларускага Палесся налета не будзе. Ні яго супрацоўнікам, ні гасцям, якія завітаюць у наступным годзе пад скляпенні былога калегіума езуітаў, дзе калісьці начаваў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі і вучыліся Мацей Бутрымовіч ды Станіслаў Нарушэвіч.

Ранішнікі і новыя тэндэнцыі

Пра Пінскі гарадскі Дом культуры, яго здабыткі і перспектывы кіраўнік установы Алег Жук расказвае аўтарытэтна і з веданнем справы. Дзіва што: кіруе калектывам ужо шэсць гадоў і, да таго ж, з’яўляецца дэпутатам Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў.

Гаворка наша, хоць і была запланавана як святочная, адразу ж збочыла да тэмы матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы. Хаця гэта і зразумела: ад належнага вонкавага і ўнутранага выгляду ўстановы залежыць многае, у тым ліку — і прыўзняты настрой яе супрацоўнікаў ды наведвальнікаў.

Пінскі гарадскі Дом культуры пабудавалі яшчэ ў 1975 годзе, і з таго часу ў ім так і не было ніводнага маштабнага рамонту. Але з нядаўняга часу сітуацыя змяніліся.

— Год таму мы паспяхова завяршылі адзін з этапаў рэканструкцыі ў Доме культуры, — адзначыў Алег Жук. — Напрыклад, цяпер значна змянілася фае ўстановы — у гэтай частцы будынка заменены дзверы, вокны, асвятленне, плітка, а сцены і столь аформлены дэкаратыўнымі элементамі.

Падчас рэканструкцыі, акрамя фае і часткі кабінетаў, у парадак прывялі камунікацыі: мадэрнізаваны інжынерныя сеткі, заменены сістэмы водазабеспячэння. Кіраўнік установы таксама закцэнтаваў увагу на тым, што на першым паверсе стварылі ўмовы для свабоднага перамяшчэння наведвальнікаў на інвалідных вазках.

Апошнім этапам маштабнай рэканструкцыі Дома культуры павінен стаць капітальны рамонт глядзельнай залы. Што да плошчаў другога і трэцяга паверха, то сёння кіраўніцтва ГДК і гарадской адміністрацыі разглядаюць пытанні здачы іх у арэнду індывідуальным прадпрымальнікам, а таксама магчымасці арганізацыі там кафэ.

Са спраў матэрыяльных наша гутарка паступова збочыла да планаў творчых. У Пінскім ГДК на сёння працуюць 20 калектываў мастацкай самадзейнасці і дзевяць аматарскіх аб’яднанняў, у якіх займаюцца больш за 650 удзельнікаў. Адметна, што шэсць калектываў установы носяць ганаровае званне “народны”, “узорны” і “заслужаны”.

— Для моладзі мы ладзім розныя танцавальныя вечары, напрыклад “Хіт-мікс”, а для пажылых — “Рэтра-мікс”, — кажа Алег Жук. — Акрамя таго, вялікім попытам у пінчан карыстаюцца нашы канцэртныя праграмы, а таксама вечары адпачынку па замове ўстаноў і арганізацый.

Падчас 2019 года, адзначыў суразмоўца, канцэртная пляцоўка Пінскага ГДК будзе прадастаўляцца не толькі для выступу калектываў і асобных выканаўцаў з Пінска, але і для ансамбляў з Іванаўскага, Столінскага і Лунінецкага раёнаў Брэсцкай вобласці. Такім чынам, галоўная ўстанова культуры горада налета, дзякуючы акцыі і пачэснаму статусу на наступны год, стане своеасаблівым цэнтрам спеўнага і танцавальнага жыцця ўсёй усходняй часткі Брэсцкай вобласці.

Тэатр пачынаецца з гаворкі

“Ой, так! Нэхай ганыт батько, нэхай лае маты, а я люблю Грыцька і любыть ёго век буду”. Такімі словамі на “пінчуцкай” гаворцы пачынае расказ пра сваю цяжкую долю Марыся, гераіня “Пінскай шляхты” Дуніна-Марцінкевіча — п’есы, якая сталася своеасаблівай візітоўкай Палескага драматычнага тэатра.

І хоць яго афіцыйнае адкрыццё адбылося не так даўно, — 14 сакавіка 2006 года, — установа, што месціцца ў гістарычным цэнтры Пінска, у будынку былога кінатэатра “Радзіма”, ужо заваявала прыхільнасць пінчан. Нядаўна я пабываў на пастаноўцы “Пінскай шляхты” разам са сваімі мінскімі сябрамі, якія хацелі ўжывую пачуць палескую гаворку, на якой напісаны аўтэнтычны тэкст неўміручай п’есы Дуніна-Марцінкевіча. Дык вось: падчас прадстаўлення літаральна ўсе месцы ў глядзельнай залі былі занятыя. І, як кажа кіраўніцтва тэатра, так здараецца даволі часта.

— Але мы не толькі робім пастаноўкі ў горадзе, але і выязджаем за межы Пінска з гастролямі, — сказаў “К” дырэктар і мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Лукашэнка. — Напрыклад, днямі прыехалі з Малдовы. Там Палескі драматычны тэатр стаў лаўрэатам дзясятага юбілейнага Міжнароднага фестывалю-лабараторыі камерных тэатраў і спектакляў малых формаў “Молдфэст — 2018”.

У прадстаўнічым музейным форуме ўзялі ўдзел, дарэчы, артысты з 19 краін свету! Так што прызнанне высокага майстэрства і таленту пінскія артысты маюць не толькі ў Беларусі, але і на міжнародным узроўні.

У бліжэйшых планах тэатра — зладзіць навагоднія ранішнікі для дзяцей і падлеткаў: падчас майго візіту ва ўстанову там якраз ішлі рэпетыцыі да спектакля “Крышталёвы пантофлік”. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, пінскія артысты абавязкова прадставяць на суд гледача цягам 2019 года шэраг цікавых прэм'ер.

3D-прынтар у бібліятэцы

У цэнтральнай гарадской бібліятэцы Пінска ў другую сераду месяца — санітарны дзень. Не ведаючы гэтага, я доўга грукаўся ў зачыненыя дзверы і ўжо нават думаў сыходзіць. Але праз колькі хвілін дзверы ўстановы мне адчыніла дырэктар гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Дзіна Лагодзіч. Гутарка з кіраўніком пакінула пасля сябе столькі ўражанняў, што я быў вельмі рады свайму “несыходу” з ганка Пінскай ГЦБС.

— На сёння ў пінскую гарадскую бібліятэчную сетку ўваходзяць шэсць бібліятэк, адна з якіх дзіцячая, — кажа Дзіна Лагодзіч. — Штогод паслугамі бібліятэк карыстаюцца больш за 25 тысяч чытачоў, з іх 16 тысяч — гэта віртуальныя наведвальнікі.

Адметна, што пінскія бібліятэкі маюць даволі моцную матэрыяльна-тэхнічную базу: агулам у бібліятэках горада працуюць каля 60 камп’ютараў, а афармленне чытачоў у галоўнай “кніжніцы” Пінска праводзіцца ў аўтаматызаваным рэжыме. Так што чытачам можна забыць пра папяровыя фармуляры, у якія, у тым ліку, калісьці і мне самому, гадоў дваццаць таму, запісваліся ўзятыя на дом кнігі і часопісы.

— Таксама ў нас працуе шмат аматарскіх аб’яднанняў: клуб “Паліглот” для вывучэння замежных моў, краязнаўчы клуб, духоўна-асветніцкі цэнтр “Вытокі”, літаратурна-музычная гасцёўня “Шчырасць” ды іншыя, — кажа Дзіна Лагодзіч. — Акрамя таго, вялікім попытам у наведвальнікаў карыстаецца база даных “Залатыя імёны Піншчыны”, у якой мы пазначаем усіх знакамітых людзей, нашых землякоў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускай эканомікі, культуры, адукацыі.

Але гэта, натуральна, яшчэ не ўсё. Дзіна Лагодзіч пераканана, што сёння варта зацікаўліваць чытача не толькі клубнымі фарміраваннямі, але і актыўна за яго змагацца. Таму вясной і летам пінскія бібліятэкары “ідуць у народ”. Напрыклад, ладзяць “Чытальную залу пад адкрытым небам”, падчас якой знаёмяць людзей на вуліцах горада з кніжнымі навінкамі, прапануюць запісацца ў бібліятэку, расказваюць пра тыя паслугі, якія прадастаўляе іх установа. Кантактам з чытачамі спрыяе і бібліятэчны сайт, дзе змешчаны электронны каталог, базы даных, пералік паслуг, інфармацыя пра выставы і іншыя паведамленні.

Не так даўно на базе цэнтральнай гарадской бібліятэкі быў адчынены інфармацыйна-культурны цэнтр, у якім жыхары і госці горада могуць бавіць свой вольны час: чытаць кнігі і часопісы, глядзець фільмы, сядзець у інтэрнэце… А яшчэ тут, дзякуючы супрацоўніцтву з Пасольствам ЗША у Рэспубліцы Беларусь, з’явілася шмат кніг на англійскай мове і нават уласны 3D-прынтар. Больш падрабязна пра гэтае карыснае для бібліятэкі супрацоўніцтва Дзіна Лагодзіч паабяцала расказаць на старонках “К” самым бліжэйшым часам. Што ж, чакаем лістоў са сталіцы Палесся! Прычым, не толькі ад супрацоўнікаў цэнтральнай гарадской бібліятэкі, а і ад бібліятэкараў з усіх яе філіялаў.

Цікавостак — багата

Згадваючы пра Пінск як Культурную сталіцу Беларусі не варта забываць і пра Пінскі раён, дзе культурных цікавостак — таксама багата. Хапае іх і ў раённай цэнтральнай бібліятэцы імя Яўгеніі Янішчыц.

— Своеасаблівы брэнд нашай бібліятэкі — клуб літаратараў Піншчыны “Пінчукі”, — кажа дырэктар установы Алена Анташук. — У яго на сёння ўваходзяць каля 40 чалавек, якія перыядычна ладзяць у бібліятэчных сценах літаратурныя вечары, прэзентацыі кніг, паэтычныя гадзіны…

Цікава, што ў раёне, акрамя традыцыйных бібліятэк, дзейнічаюць і спецыялізаваныя: напрыклад, Дамашыцкая бібліятэка сямейнага чытання, Лапацінская бібліятэка-музей Аляксандра Блока, Азарыцкая бібліятэка народнай медыцыны ды іншыя. Такім чынам, сельскія бібліятэкі Піншчыны не проста з’яўляюцца культурнымі цэнтрамі сваіх паселішчаў, а і маюць адметныя кірункі дзейнасці, якія могуць зацікавіць айчынных і замежных турыстаў, што асабліва важна падчас рэалізацыі акцыі “Культурная сталіца Беларусі”.

Яшчэ адзін брэнд раёна — народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Чабатухі” з вёскі Сташаны Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Сёння ў калектыве выступаюць пяць артыстаў: кіраўнік Венера Папіціч, выканаўцы Надзея Шылавец, Ніна Андрасюк, Антаніна Бобрык і акампаніятар Віталь Петруковіч. Спяваюць пінчукі як мясцовыя палескія, так і беларускія народныя песні. Гурт “Чабатухі” неаднойчы выступаў з канцэртамі ў Пінску, Брэсце і Мінску, на міжнародных фестывалях “Палескі карагод” ды “Покліч Палесся”, а таксама ў Варшаве ды Вільнюсе. А не так даўно няўрымслівыя бабулі вярнуліся з Бранска, дзе з поспехам прэзентавалі палескія спевы на Міжнародным фальклорным фестывалі “Дзяснянскі карагод”.

Таксама не магу не згадаць пра Аснежыцкую дзіцячую школу мастацтваў, дзе сёння вучыцца стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Вакуліч, — дарэчы, першы такі ў Пінскім раёне. Узнагароды таленавітага хлопца, заваяваныя ім дзякуючы няспыннай і арганізаванай працы пад кіраўніцтвам педагога Алы Жылевіч, не так ужо і проста пералічыць. Але паспрабую: Уладзімір з’яўляецца лаўрэатам I ступені III Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Новыя вяршыні”, уладальнікам дыплома лаўрэата II ступені IV адкрытага конкурсу маладых выканаўцаў “Мая мара”, дыплома II ступені абласнога тура Рэспубліканскага конкурсу імя Іосіфа Жыновіча, дыплома II ступені рэгіянальнага фестывалю-конкурсу выканаўцаў на народных інструментах “Палескія музыкі”.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Зусім нядаўна Уладзімір Вакуліч быў прызнаны лаўрэатам Міжнароднага конкурсу DIGI-ART, што ладзіўся ў Польшчы, а таксама заваяваў дыплом лаўрэата І ступені на V Юбілейным рэспубліканскім адкрытым конкурсе маладых выканаўцаў “Беларускія таленты”, што прайшоў 14 — 16 снежня ў Мінску. Як бачна, адпачываць таленавіты выхаванец Аснежыцкай ДШМ не збіраецца…

Натуральна, усіх брэндаў Піншчыны я тут не пералічыў. Іх, па словах начальніцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пінскага райвыканкама Людмілы Галавач, у раёне багата. А каб расказаць пра іх больш падрабязна, “К” абавязкова прысвеціць асобны матэрыял культурным цікавосткам Пінскага раёна. Тым больш, што інфармацыйных нагодаў для гэтага цягам усяго 2019-га года будзе нямала.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"