Бяспечнае плаванне з піраннямі

№ 52 (1387) 30.12.2018 - 05.01.2019 г

Што рабіць, калі тыдні планамерна падводзяць да торта з дзесяццю свечкамі, перыяд замілавання чароўнымі прынцэсамі ды катамі ў ботах застаецца ў глыбокім дзяцінстве, а жыццё раз-пораз ужо агаломшвае несправядлівасцю і становяцца заўважнымі яго складанасці? Тэатрам вельмі лёгка працаваць з казкамі для малечы, а вось наводзіць масты з крыху пасталеўшай аўдыторыяй, якая ўжо шукае адказы на пытанні пра пошук сябе ў свеце, атрымліваецца не заўжды. Шчаслівае выключэнне з гэтай завядзёнкі — Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, дзе днямі адбылася прэм’ера спектакля “Хлопчык, які плаваў з піраннямі” па кнізе сучаснага англійскага пісьменніка Дэвіда Алманда.

/i/content/pi/cult/725/15802/18.JPGПадыдзіце да дзіцячай афішы любога тэатра нашай краіны. Да варажбіткі не хадзі, каб прадказаць, што вы там пабачыце: карагод Папялушак, Чырвоных Каптурыкаў, Беласнежак з абавязковым дадаткам з Айбалітаў і зімовых персанажаў кшталту Марозка і цётухны Завірухі. Так, публіка з задавальненнем ідзе на знаёмыя назвы, але давайце ўсё ж паглядзім, якога ўзросту сыноў і дачок бацькі вядуць на класічныя казкі. Не трэба забываць, што малыя растуць. І вось калі ўжо ўвесь стос кніг Андэрсена, Перо і братоў Грым пераносяць на гарышча лецішча, васьмі- ці дзесяцігадовым школьнікам становіцца нецікава хадзіць у тэатр.

Мяне даўно засмучае тая бездань, якая разрастаецца паміж рэжысёрамі, што круцяць рэпертуар даўно мінулых дзён, і сучаснымі школьнікамі. Мо час зірнуць, што яны чытаюць захлёбваючыся, прапускаючы з-за цікавай гісторыі патрэбныя прыпынкі ў транспарце ці хаваючыся ад бацькоў з кніжкай пад коўдрай? Так-так, сённяшнія дзеці таксама чытаюць — калі прапанаваць ім гісторыю пра тое, што іх насамрэч клапоціць! І, паверце, тут не сышоўся свет клінам, напрыклад, на Гары Потары. Адзін з нямногіх, хто гэта добра адчувае — Аляксандр Янушкевіч. Летась у якасці галоўнага рэжысёра Брэсцкага тэатра лялек ён на сваёй сцэне паставіў “Мой папа — птушк” Дэвіда Алманда. Зараз жа звярнуўся да іншай кнігі гэтага лаўрэата прэміі Андэрсена — “Хлопчыка, які плаваў з піраннямі”.

Спадар Янушкевіч шчыра гутарыць са школьнікамі пра жыццё. Пра штодзённасць, у якой, канешне, ёсць месца кірмашам, клоўнам і атракцыёнам, аднак якая можа мець гаркаваты прысмак смутку (ад адчування сябе не такім, якім ад цябе патрабуюць), вастрыню здрадніцтва, бяздоннасць страты. Ці можна прабачыць вельмі блізкаму, роднаму чалавеку агідны ўчынак? Ці можа ізноў стаць добрым той, хто аднойчы пусціў у душу злосць? Кожны дзень галоўнага героя Стэнлі Эрунда складаўся з гатавання рыбных кансерваў на хатнім заводзіку. Але, калі ягоны дзядзька засмажыў для чарговай бляшчанкі залатых рыбак пляменніка, хлопчык сышоў з дому. У пошуках адказу на свае пытанні ён гатовы нават нырнуць у кірмашны акварыум з крыважэрнымі піраннямі.У гэты момант абавязкова знойдзецца дарослы, які плясне рукамі — маўляў, недзіцячыя тэмы ўзнімаеце. Але давайце ўжо не будзем хітраваць! Нашыя дзеці жывуць у рэальным свеце, таму іх немагчыма схаваць ад цяжкасцей жыццёвай журбы. Галоўнае, навучыць іх ісці да сваёй мары, адчуць сваё наканаванне. І вось за тактычную і адкрытую размову пра гэта сапраўды хочацца аддзячыць рэжысёру.

Адкрыццём для мяне сталася абраная рэжысёрам сістэма лялек. Мастак Таццяна Нерсісян стварыла для спектакля амаль чатыры дзясяткі трысцявых персанажаў! Гапіты, ад якіх апошнія дзесяцігоддзі наўмысна выракаліся сучасныя рэжысёры, у Янушкевіча нечакана выбухнулі, быццам нейкая найсучасная тэхналогія. Схаваныя па класічнай традыцыі акцёры саступілі сваё месца сапраўднай анімацыі: дзейства насычана шматлікімі лялечнымі трукамі, мультымедыйнымі цікавосткамі, што надае рэалістычнай гісторыі такой неабходнай для дзятвы магічнасці. Нарэшце, тут няма той “старадаўняй” шырмы: спадарыня Нерсісян узвяла на сцэне сапраўдны трансформер, які круціцца вакол сваёй восі, аб’ядноўваецца з дадатковымі элементамі — усё дзеля стварэння новых пляцовак для дзеяння. Вось у такім рухомым сусвеце героі вучацца пераадольваць страхі, каб зразумець сябе і сваю мару.

Асабліва ж мне хочацца спадзявацца, што абраныя сталічнымі лялечнікамі героі дапамогуць зварухнуць глыбу традыцыйнасці рэпертуарнай палітыкі нашых тэатраў. Каб урэшце творчыя шляхі сучаснай дзіцячай літаратуры і айчыннага тэатральнага мастацтва перакрыжаваліся.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"