Дзе танчаць з рапірай?

№ 52 (1387) 30.12.2018 - 05.01.2019 г

Канал “Культура” Беларускага радыё дае прэм’еру: увечары 30 снежня прагучыць новы радыёспектакль “Танец з рапірай” па п’есе Ягора Конева, якая перамагла ў конкурсе “Беларускі радыётэатр у ХХІ стагоддзі”. Драматург распавёў пра дзяўчыну, якая выпадкова пазнаёмілася з фехтаваннем і прысвяціла яму ўсё жыццё. Гэтая тэма актуальна гучыць напярэдадні Другіх Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у нашай краіне ў 2019 годзе.

/i/content/pi/cult/725/15801/17.JPGТворчае спаборніцтва, арганізаванае сёлета каналам “Культура”, было скіравана на пошук новых драматургаў і тэм для айчыннага радыётэатра. Ягор Конеў супрацоўнічае з Беларускім радыё не першы раз. Летась па п’есе гэтага аўтара была запісана аўдыёпастаноўка “Злачынства і пакаранне на берагах Свіслачы”. У новай рабоце драматург уздымае адвечныя тэмы шчырасці, адданасці, кахання, саперніцтва і ўплыву творчасці.

Галоўныя ролі агучылі народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч і маладая актрыса Ірына Цвяткова, для якой гэта дэбют у радыётэатры. Упершыню прагучаць у эфіры і галасы Паўла Паўлюця, Вікторыі Кадравай і Аляксандра Тарасава. У спектаклі таксама задзейнічаны акцёры Святлана Цімохіна, Андрэй Кавальчук, Уладзімір Трапянок.

Рэжысёр пастаноўкі — Ліка Пташук. Яна працавала ў камандзе з гукарэжысёрамі Валерыем Бяляевым і Сяргеем Бутоўскім. Музыку да спектакля напісала кампазітар Вольга Падгайская. У запісе музычнага матэрыялу для прэм’еры браў удзел сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі на чале з дырыжорам Уладзімірам Авадком.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"