Абломаў. Версія 2.0

№ 52 (1387) 30.12.2018 - 05.01.2019 г

У рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага з’явілася чарговая камедыя. Выбар, на першы погляд, незвычайны для дадзенага калектыву — на рэкламных постарах стаіць прозвішча драматурга Міхаіла Угарава. Новае імя і насупраць радка “рэжысёр”: спектакль “ОбломOFF” паставіла без пяці хвілін дыпламаваны спецыяліст Марыя Матох. Але ці пойдзе наватарства далей афішы?

/i/content/pi/cult/725/15800/14.JPGНа пачатку 2000-х п’еса Міхаіла Угарава нарабіла шуму ў Маскве. Лічыцца, што тэкст, у якім прапанавалася пад іншым ракурсам паглядзець на класічнага героя вядомага са школы рамана Івана Ганчарова, паклаў пачатак руху новай драмы. Спадар Угараў першым загаварыў пра тое, што ў нашым “сёння” стала занадта шмат дзейнасці, вакол, куды ні паглядзі, адны Штольцы. Таму менавіта такія, як Абломавы, патрэбны ўсім нам, каб дапамагаць у неабходны момант скідваць хуткасць у жыццёвай плыні і вучыцца выдыхаць. Яго думка праляцела па безлічы тэатраў, п’еса ўжо стала класікай. Таму выбар Марыі Матох літаратурнай асновы для дыпломнага спектакля нельга назваць рызыкоўным — усё ж матэрыял правераны часам.

І ўсё ж тэатр вырашыў перастрахавацца: на афішах побач з прозвішчам студэнткі пятага курса рэжысёрскага аддзялення Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (дзяўчына заканчвае курс Сяргея Кавальчыка — галоўнага рэжысёра НАДТ імя Максіма Горкага) пазначаны мастацкі кіраўнік пастаноўкі — народны артыст Беларусі Барыс Луцэнка. І вось гэтая схема, калі дэбютанта шчыльна апякаюць вядомыя ў прафесіі людзі, у чарговы раз прынесла не самыя радасныя вынікі. Ад моладзі чакаеш нестандартнага падыходу, рызыкі, хаця б спробы зрабіць нешта не так, як усе папярэднікі. Калі, як не ў студэнцтве шукаць свой асабісты почырк і пераварочваць нешта з ног на галаву? Тым больш, маючы на руках такі шыкоўны матэрыял!

Пазначыўшы “ОбломOFF” у праграмцы лірычнай трагікамедыяй, тэатр ні на крок не адступае ад сваёй традыцыі: дае вясёлае дзейства з сентыментальнымі адступленнямі і трагічным (для большай важнасці) фіналам. Падтэксты тут не маюць значэння, бо на авансцэне ўвесь час нязграбны прастак Ілья Ільіч (Сяргей Савянкоў) — хоць і абаяльны, але досыць недалёкі і дзіўны. Яму можна суперажываць — так з замілаваннем назіраюць за няўклюдным дзіцёнкам, але ці даюць яго прыгоды спажыву для разваг? Побач мітусіцца чалавек адной эмоцыі (і практычнага аднаго жэста) Штольц (Васіль Грачухін), камічны, набліжаны па стылістыцы да герояў “Наша Russia” слуга Захар (Сяргей Юрэвіч), непрыкрыта шалёны доктар Аркадзій (Сяргей Жбанкоў). Зрабіць аб’ёмным свой персанаж спрабуе Настасся Шпакоўская, але яе Ільінскай не заўсёды лёгка існаваць у зададзенай яшчэ адной дэбютанткай спектакля Віталінай Бідзюк досыць аднастайнай пластыцы, як і заглыбляцца ў псіхалагічныя пошукі пры неадназначных трансфармацыях сцэнічнага строю.

/i/content/pi/cult/725/15800/15.jpgРазмову пра касцюмы неабходна весці асобна. Пра цудоўныя здольнасці маладой мастачкі Лідзіі Малашэнка я пісала ўлетку, калі назірала, як яна абараняла дыплом у Барыса Герлавана. Аднак у “ОбломOFF” нешта пайшло не так. Магчыма, перад мастаком былі пастаўлены канкрэтныя задачы ці канцэпцыя пастаноўкі змянілася падчас рэпетыцый, але адзенне персанажаў часта супраціўлялася тэкставаму матэрыялу. Выбар жа для галоўнага героя нязграбнага камбінезончыка, што нагадвае пясочнік для немаўляці, выклікае рэакцыю хіба бездапаможна развесці рукамі…

/i/content/pi/cult/725/15800/16.JPGДэкарацыі новага спектакля, створаныя сцэнографам Веніямінам Маршаком, нагадалі пра нядаўна пастаўлены ў Маладзёжным тэатры спектакль “І не намі тое прыдумана”. У Горкаўскім тэатры таксама галоўным элементам сталі шырмы з гумавымі стужкамі, праз якія з’яўляліся і знікалі акцёры. Толькі ў “абломаўскім” варыянце тыя стужкі былі намёртва замацаваны, дыктуючы тым самым межы для руху дзеяння. І калі ўжо з’явілася гэтае няўлоўнае параўнанне, то завяршыць хочацца пажаданнем. Моладзі — вучыцца намацваць сваю дарогу ў творчасці (гэта магчыма — азірніцеся на калег). А самавітым мэтрам — крыху адпусціць педагагічную аброць. Ваш досвед — бясспрэчна! — бясцэнны і неабходны для новага пакалення, але пачаткоўцам трэба і свае гузакі панабіваць.

 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"