“Наваселле” для перамог

№ 29 (847) 19.07.2008 - 25.07.2008 г

Падведзены вынікі ІІ Міжнароднага конкурсу “Манетнае сузор’е-2008” . У шэрагу пераможцаў — і беларускія манеты.

 /i/content/pi/cult/169/1580/Navaselle.jpg
Памятная манета “Крыж Еўфрасінні Полацкай” мастака Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Святланы Заскевіч (інтэрв’ю з дызайнерам — у “К” № 25 за 2008 г.) стала лепшай у сезоне. Гэты ж твор адзначаны за арыгінальную тэхналогію і паводле вынікаў інтэрнет-галасавання гледачоў. Беларускія манеты “Легенда пра бусла” мастака Аксаны Навасёлавай названа найлепшай са срэбра, а “Беларускі балет-
2007” Святланы Заскевіч — другой на “Манетным сузор’і” сярод залатых.
Дарэчы, зусім нядаўна Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў у абарачэнне памятныя манеты “Наваселле” серыі “Сямейныя традыцыі славян”.
Срэбная манета мае намінал 20 рублёў, пробу сплаву 925, масу 33,63 г, дыяметр 38,61 мм; медна-нікелевая — наміналам 1 рубель, масай 13,16 г, дыяметрам 32 мм. Тыраж срэбнай — да 25 000 штук, медна-нікелевай — 5000 штук.
На пярэднім баку манет размешчаны: уверсе — рэльефная выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь; у цэнтры — выява ката, што ўзвышаецца на паўкруглай дэкаратыўнай кампазіцыі (вобраз зямлі-карміцелькі), якая ўключае сімвалы сонца, агню “Жыжаля” і хатняга ачага — знака сям’і. Пад імі ўказаны год чаканкі, проба сплаву і наміналы. У верхняй частцы па крузе — надпіс: “Рэспубліка Беларусь”.
На адваротным баку манет размешчаны атрыбуты дома ў выглядзе фрагмента сцяны з акном, над папярочкай якога, як сімвал спакою і абярэгу дома, закампанаваны ключ. Шалёўка акна прадстаўлена ў выглядзе кампазіцыі з арнаментаў-сімвалаў, звязаных па сэнсе з атрыбутамі наваселля. Расчыненыя аканіцы і фіранкі сведчаць пра хатнюю ўтульнасць і гасціннасць. У ніжняй частцы манеты па крузе — надпіс: “Наваселле”.

Паводле паведамлення Упраўлення інфармацыі
Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь