Нажніцы між класікай і папсой

№ 52 (1387) 30.12.2018 - 05.01.2019 г

Мінулым тыднем прайшла апошняя лекцыя цыкла “Ад Баха да Гершвіна: гутаркі пра класічную музыку і мастацтва”, які па суботах цягам апошніх двух месяцаў збіраў у галерэі Міхаіла Савіцкага зацікаўленых слухачоў. Гэты цыкл з’явіўся адным з праектаў Музычнай школы Арцёма Шаплыкі. І стаў сугучным суцэльнай повязі пытанняў і набалелых праблем. Якім павінна быць сёння музычнае і, шырэй, мастацкае, гуманітарнае асветніцтва? А музычная школа — на якія вынікі ёй трэба працаваць? Бо гэта можа быць і дасягненне прафесійнага ўзроўню, і, наадварот, падрыхтоўка шматлікіх аматараў — тых, хто не страціць любові да музыкі пасля заканчэння навучання. І якім дысцыплінам тады трэба вучыць? Ці патрэбна пачаткоўцам тэорыя? У якім аб’ёме? І як увогуле пераадолець існуючы разрыў паміж музыкай акадэмічнай і эстраднай?

/i/content/pi/cult/725/15799/13.jpgУсе гэтыя пытанні — далёка не пустыя. Больш за тое, іх актуальнасць узрастае з кожным днём. Бо адной з галоўных праблем сучаснай беларускай музычнай культуры, нягледзячы на ўсе намаганні зацікаўленых арганізацый і творчых асоб, з’яўляецца магчымасць нашых лепшых салістаў напоўніцу рэалізаваць свае творчыя дасягненні не толькі па ўсім свеце, але і на радзіме.

Прычым тут нашы музычныя школы? А пры тым, што іх шматлікія выпускнікі чамусьці потым не імкнуцца запоўніць філарманічныя залы. І ў нашай музычнай культуры ўзнікаюць нажніцы: папраўдзе найвышэйшы сусветны ўзровень прафесійных акадэмічных музыкантаў не знаходзіць адпаведнага попыту. І хаця колькасць удзячных слухачоў апошнім часам паступова пачынае расці, усё роўна яна пакуль мізэрная. Асабліва ў параўнанні з заходнееўрапейскім замежжам, куды на тыя ж калядныя святкаванні звычайна выпраўляюцца суцэльныя натоўпы нашых музыкантаў, не адчуваючы ніякіх праблем з публікай.

Прычыны такога стаўлення трэба шукаць у асаблівасцях музычнага выхавання. Гукавое асяроддзе, што атачае нас з дзяцінства, пераважна эстраднае. А дзіцячыя музычныя школы і школы мастацтваў, дзе навучанне скіравана на класіку, імкнуцца найперш выявіць таленты, закласці і прывіць асновы прафесійнага выканальніцкага майстэрства. Толькі хіба ўсім вучням гэта патрэбна? Большасць абірае такія школы дзеля агульнага развіцця — нават каб дзіця не швэндалася абы-дзе, а было занята справай. Які тады сэнс развучваць гамы, будаваць інтэрвалы на сальфеджыа?

Вось і атрымліваецца часам, што па заканчэнні навучання “з-пад прымусу” класіка пачынае асацыявацца з сумным школьным вопытам. І чалавек, пры ўсёй сваёй любові да музыкі як крыніцы эмоцый, набывае стойкую алергію на акадэмічныя творы. Не, я ні ў якім разе не хачу кінуць камень у нашы школы! Там працуюць папраўдзе адданыя выкладчыкі, літаральна ў кожным з такіх педагагічных калектываў робяцца разнастайныя захады, каб зрабіць навучанне больш прывабным: распрацоўваюцца новыя вучэбныя праграмы, пашыраецца рэпертуар, актывізуецца канцэртная дзейнасць, праводзяцца разнастайныя конкурсы. Але адным з галоўных паказальнікаў добрай працы такіх навучальных устаноў па-ранейшаму застаецца колькасць тых, хто працягнуў навучанне далей — паступіў у музычны каледж, а значыць, паспрабаваў звязаць сваё жыццё з гэтай прафесіяй. І гэта не можа не ўплываць на ўсю музычную педагогіку.

На іншым полюсе — безліч студый ранняга (і ў тым ліку музычнага) развіцця, прыватныя заняткі для дарослых. Але як не памыліцца і знайсці сярод усёй гэтай разнастайнасці менавіта тых выкладчыкаў, якія прафесійна валодаюць і музычнымі прамудрасцямі, і сучаснымі методыкамі, і асаблівасцямі псіхалагічнага падыходу?

У пошуках свабоды і фантазіі

Пра гэта дбаюць не толькі бацькі, але і, як высветлілася, маладыя музыканты. Яшчэ ў гады вучобы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі піяніст Арцём Шаплыка пачаў задумвацца пра тое, як вярнуць у музычную адукацыю для пачаткоўцаў свабоду, фантазійнасць, індывідуальны падыход не толькі на ўзроўні выканальніцкага рэпертуару, але і саміх вучэбных праграм. Сёння Арцём — саліст сталічнай філармоніі, лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. І да ўсяго — заснавальнік установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якая так і называецца — Музычная школа Арцёма Шаплыкі.

— Ідэя публічных лекцый узнікла спантанна, — распавядае Арцём. — Але хацелася выйсці за межы ўласна школы. Каб людзі, якія на філарманічных канцэртах шчыра апладыруюць між часткамі буйных твораў і нават у кожнай паўзе, не разумеючы, чаму іх не падтрымлівае ўся зала, атрымалі нейкі гісторыка-тэарэтычны падмурак. Трэба было знайсці памяшканне, і я ўзгадаў Мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага, дзе мне даводзілася выступаць: там і раяль ёсць у выставачнай зале, і магчымасці прадэманстраваць аўдыя- ці відэазапісы, і акустыка добрая. Кіраўніцтва пайшло насустрач. Думаю, такі тандэм музыкі з жывапісам пайшоў на карысць абодвум відам мастацтва. Бо лекцыямі зацікавіліся не толькі аматары музыкі, але і тыя, хто хацеў бы да іх далучыцца. Мы рабілі разлік і на сямейнае наведванне: дзеці да 14 гадоў праходзілі бясплатна, але разам з бацькамі. Набыццё абанемента на ўвесь курс каштавала танней, чым на кожную лекцыю паасобку. А ўлічваючы, што апошняя субота была працоўнай, перасунулі пачатак на гадзіну пазней.

— Экспрэс-курс у дзесяць заняткаў — задача амаль невыпаўняльная, — працягвае размову лектар-музыказнаўца Беларускай дзяржаўнай філармоніі Варвара Царук. — Але ідэя Арцёма ўявілася цікавай, вымусіла шукаць новыя ракурсы, формы падачы матэрыялу, выкарыстоўваць не толькі запісы і жывое выканальніцтва, але і інтэрактыў.

Пакуль што першая і адзіная

А што ж сама школа? Наколькі ўдалося рэалізаваць усё тое, пра што марылася, у рэальнасці? Што, магчыма, выклікала цяжкасці? Якія перспектывы ў такой навучальнай установы і яе выпускнікоў?

— Улічваючы, што музыканты — людзі творчыя, для мяне самымі складанымі былі пытанні юрыдычныя, — працягвае Арцём Шаплыка. — Тым больш, што навучальная ўстанова такога кшталту аказалася першай і пакуль адзінай: не было на што абаперціся. Але я звярнуўся да прафесійнага юрыста, які дапамог падрыхтаваць усе неабходныя дакументы і зарэгістраваць школу ў адпаведнасці з нарматывамі Кодэкса аб адукацыі. І сёння мы з’яўляемся нейкім сярэднім звяном між дзіцячымі музычнымі школамі, з аднаго боку, і прыватнымі студыямі — з другога. Мы адкрыты для ўсіх узростаў — як кажуць, ад 2-х да 80-ці гадоў, хаця вучні могуць быць і старэйшымі: абмежаванняў ніякіх няма.

Асаблівасць навучання ў тым, што мы сыходзім не ад складзеных і зацверджаных праграм, нават не ад выкладчыкаў, якім трэба забяспечыць працоўную нагрузку, а ад саміх вучняў, іх пажаданняў і патрабаванняў. Камусьці, да прыкладу, трэба проста падрыхтавацца да карпаратыва: развучыць любімую мелодыю, каб бліснуць перад калегамі. А хтосьці імкнецца да большага. І кожны мае рацыю! Асабіста я чым далей, тым больш разумею, што музыцы, як і ўсялякаму майстэрству, трэба вучыцца ўсё жыццё. Да гэтага, дарэчы, прыходзяць і некаторыя нашы выхаванцы. Былі такія выпадкі, калі чалавек пачаў займацца на музычным інструменце, а потым вырашыў цалкам перайсці на тэорыю музыкі. Бо ён па сваёй прафесіі — праграміст. І, як аказалася, будаваць інтэрвалы, акорды яму больш цікава, чым авалодваць ігрой на фартэпіяна ці гітары. Гэта для яго — новая мова, яшчэ адна “матэматыка”. А ў групе па сальфеджыа разам вучацца 8-гадовая дзяўчынка і 12-гадовы хлопчык. І гэтая розніца ва ўзросце — толькі на карысць! Звычайна хлопчыкі-падлеткі не любяць займацца тэорыяй, яны скіраваны на практычныя навыкі. А тут ён узяў своеасаблівае “шэфства”, пачаў сам тлумачыць ёй навуковыя “прамудрасці”.

Даць тое, чаго не стае

Дэталёва вывучаю сістэму навучання ў школе Арцёма Шаплыкі і разумею, што ў ёй няма ніякіх іспытаў, залікаў, звыклых адзнак. Вынікам становіцца ўдзел у канцэрце. Але — па жаданні. Само разуменне таго, што выхад да слухачоў не
абавязковая справаздача, а ўзнагарода для сябе самога, дазваляе пераадолець тое, што завецца “страхам сцэны” і бывае ўласціва нават знаным прафесіяналам.

— Так, мы не выдаём пасведчанні дзяржаўнага ўзору, — гаворыць Арцём. — Нашы праграмы шмат у чым эксперыментальныя. Але мэта адна — даць чалавеку тое, чаго ён прагне, чаго яму не стае. І не абмяжоўваць тэрміны дасягнення. Хочаш вывучыць любімы твор? Калі ласка. Для гэтага трэба зрабіць тое і тое. Калі дакладна выканаеш усё зададзенае — твая ўласная справа. Але без гэтага ты не зможаш рушыць далей. Што ж тычыцца абраных інструментаў — гэта, зноў-такі, уласны выбар кожнага. Сыходзячы з гэтага, я і шукаю пэўных выкладчыкаў. Сёння запатрабаваны фартэпіяна, флейта, гітара, цымбалы. З’явяцца іншыя патрэбы — адпаведна, знойдуцца і неабходныя педагогі.

Слухаю і думаю: ці значыць гэта, што Музычная школа Арцёма Шаплыкі — выратаванне ад усіх праблем? Не. Ці што гэта адзіна правільная сістэма навучання? Ні ў якім разе! Выснова, падобна на тое, атрымліваецца іншай: сістэмы навучання могуць і павінны быць рознымі. Трэба, каб нязменным заставалася адно — прафесіяналізм тых, хто прапаноўвае свае паслугі. А гэта наўрад ці вызначаецца дыпломам раз і назаўжды. Той гарантуе хіба адно: у пэўны момант чалавек прайшоў курс навучання. А ці працягнулася паглыбленне ведаў і навыкаў у абранай галіне? Апошняе пытанне, дарэчы, тычыцца не адно педагогаў, але і іх выхаванцаў — абсалютна ўсіх. І адказ на яго не ў паперах і атрыманых пасведчаннях, а на сумленні кожнага, у той агульнай культуры, што закладаецца з дзяцінства і працягваецца надалей. Гэты рэгулятар, як ні круці, куды больш важны. І менавіта ад яго, а не адно ад рэкламы, залежыць і прага да мастацтва, і тая ж напаўняльнасць канцэртных залаў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"