На саломінцы душы

№ 52 (1387) 30.12.2018 - 05.01.2019 г

Анатоль Кашталапаў памёр у Калядны вечар — 24 снежня, а 20-й гадзіне. Можа, яго музыка спатрэбілася на нябёсах? Пэўна, так і ёсць. Бо і захварэў ён акурат у дзень стварэння Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята”, у якім прапрацаваў роўна 30 гадоў, апошнія ж 17 з іх быў мастацкім кіраўніком знанага калектыву.

/i/content/pi/cult/725/15798/1_opt.jpegЗаслужаны артыст нашай краіны, Анатоль Міхайлавіч папраўдзе ствараў святочны настрой, атмасферу народнага святкавання — нашага, а не краін-суседзяў ці кагосьці іншага. “Беларускасць” гэтага артыста была не пашпартнай ці паказной, а ва ўсіх сэнсах прыроднай — натуральнай, неад’емнай часткай яго натуры. Ураджэнец Магілёва, Кашталапаў здаўна цікавіўся фальклорам, выпраўляўся ў экспедыцыі, падглядаў-падслухваў народныя песні, танцы, найгрышы, прыпеўкі. І атрымаўшы гэткі музычна-танцавальны штуршок з яркім сялянскім каларытам, перадаваў яго далей “па эстафеце”: выкарыстоўваў знойдзенае ў сваіх новых кампазіцыях.

Ён паспеў вельмі многа. Спачатку на яго творчым шляху была танцавальная група Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча. Потым — знакаміты Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, ля вытокаў якога ён стаяў. Нарэшце, у 1988-м Кашталапаў прыйшоў у “Свята”, створанае Васілём Купрыяненкам, і застаўся тут назаўжды.

Рыхтаваўся да юбілею: 20 ліпеня справіў уласнае 70-годдзе, а святочны канцэрт запланаваў на люты, каб цалкам была гатова новая праграма, складзеная з яго твораў. І гэта не дзіва, бо цягам апошніх гадоў пяці ён напісаў больш як 40 кампазіцый для свайго калектыву, сам рабіў аранжыроўкі. У рэпертуары ансамбля пераважаюць яго творы! А песня “Гуляй, душа!” даўно лічыцца за народную. Дый у танцах ён сам прыдумляў рухі! Бо ў народзе гэта повязь спеваў ці ігры на музычных інструментах з характарным прытанцоўваннем ніколі не называлася мудрагелістым “сінтэзам мастацтваў” — яна была папросту тым багатым на адценні адзінствам настрою, у якім у той ці іншы момант знаходзіцца душа. Ці ж не ў такім стане жывуць народныя музыкі? Яны не могуць не рухацца, сплятаючы музыку паветра і цела ў адзіным парыве.

Анатоль Кашталапаў многае рабіў упершыню. Ды неяк заставаўся ў ценю, не імкнуўшыся абавязкова прысвоіць сабе аўтарства. Сёння нікога не здзівіш музіцыраваннем на той жа саломінцы. Гэты дзіўны музычны інструмент трывала прапісаўся ў многіх прафесійных і нават некаторых аматарскіх калектывах. А ў 1979-м, як распавёў мне яго малодшы калега па “Свяце” Вячаслаў Статкевіч, Кашталапаў убачыў гэты прыём на Случчыне ў народнага мастака Пратасевіча — і вывеў тую чаротку, бы новую прымадонну, на сцэну.

Дый як было не зайграць яму яшчэ і на саломінцы, калі ён валодаў ледзь не ўсім народным інструментарыем: граў на баяне, гармоніку, разнастайных дудачках, акарыне, флейце. Невыпадкова ў свой час менавіта ён стаў правобразам дудара, што глядзіць на нас з мазаічнага пано Аляксандра Кішчанкі на адным з жылых будынкаў па праспекце Незалежнасці насупраць Нацыянальнай бібліятэкі. Там ён заўжды малады. А ці ж не такой была ягоная душа?