Не даступіцца…

№ 52 (1387) 30.12.2018 - 05.01.2019 г

Мае нататкі — суб’ектыўныя і ў пэўнай ступені — правакацыйныя. Чытайце, не пагаджайцеся, абурайцеся і ўступайце ў спрэчку. Будзем спадзявацца, разам мы адшукаем праўду, схаваную недзе паміж пульхных папак бясконцых справаздач.

/i/content/pi/cult/725/15792/8.JPGАктыў

Дык якія бліскучыя шары-здабыткі павесім на навагоднюю ялінку нашай рэгіянальнай культуры? Адзін з галоўных — фестываль “Берагіня”. Не буду тлумачыць, чаму, бо шмат пра гэта пісаў. Што яшчэ? Паспяховы ўдзел выхаванцаў школ мастацтваў у міжнародных фэстах. Але ці ведаем мы пра далейшы лёс кожнага такога таленту ў музыцы, жывапісе, харэаграфіі і вакале?

Далей. Бліскучыя высілкі раённых дамоў рамёстваў. Рэбрэндынг клубнай дзейнасці на ўзроўні раёнаў і вёсак. Найбольш актыўнічаюць тут, на мой погляд, Гродзеншчына і Віцебшчына. Аднак пастараюся застацца справядлівым, яркія прыклады праектнай дзейнасці можна адшукаць цяпер калі не ў кожным першым, дык у кожным другім раёне нашай краіны дакладна. Шмат цікавых праектаў і сярод бібліятэк. Багата ўражанняў, да прыкладу, прынеслі мае камандзіроўкі ў Зэльву, Дзяржынск, Навагрудак. Усе падрабязнасці — у апублікаваных артыкулах.

/i/content/pi/cult/725/15792/9.JPGПра дзейнасць Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці скажу асобна. Мяне даўно здзіўляе дырэктар установы спадарыня Лабука. Вельмі ціха, сціпла, без павышэння голасу яна разам з калегамі робіць у вобласці культурную рэвалюцыю. Адзінае, чаго не хапае справе — гэта рэкламы, галоснасці. Не сквапнічайце, Кацярына Пятроўна, ваш вопыт патрэбны ў раёнах, а вы сабе яшчэ штосьці прыдумаеце!

Усё часцей чутно пытанне: а ці патрэбны нам метадысты? Абласныя патрэбны. Пакуль існуе востры дэфіцыт кадраў, застаецца і патрэба ў метадычнай структуры, здольнай на аналіз і прагноз.

Не без гонару пішу зараз пра навукова-выдавецкую дзейнасць Веткаўскага музея стараабрадства і беларускіх традыцый. Кніжкі, якія з зайздросным пастаянствам выдаюць Галіна Нячаева і Генадзь Лапацін — патрэбны для жыцця. Не здзіўлюся, што неўзабаве пры гэтым музеі пачне дзейнічаць бібліятэка. Дачакаюся пенсіі і пайду туды бібліятэкарам. Калі возьмуць, канечне. Вельмі чакаю, калі на Дзяржыншчыне ўзнікне музей кінематыкі і часу, на Докшыччыне — музей вады.

Міністэрства культуры абяцае ліквідаваць фестывальныя клоны. Справа больш чым карысная ды своечасовая. Калі атрымаецца, руціны паменее, а адметнасцяў стане больш. Асабіста я для сябе даўно вышукаў паказчык фестывальнай грунтоўнасці: калі на адрас рэдакцыі паступаюць пахвальныя лісты ад прыезджых удзельнікаў фэсту, зыніцыяваныя яго арганізатарамі, фэст — кепскі.

І апошняе, пра што хачу сказаць у гэтым раздзеле. Калі бачыце жанчыну, якая зранку цягне на працу валізкі з хаты, гэта работнік культуры. А ў сумках — не толькі торт для калег-сябровак, але і ноўтбук, відэаплэер, тэлевізар, фарбы, алоўкі, ідэі, мары і спадзяванні.

Пасіў

Уяўляеце занесеную снегам вёску, дзе з-за начной завірухі не бачна цьмянага святла адзінага ліхтара напачатку адзінай вуліцы, а днём толькі бабулька пройдзе ў госці да такой жа бабулькі? Я зараз пра вёску. Любы няспраўджаны вынік аўтаматычна і непазбежна пераўтвараецца ў праблемнае пытанне, якое (каб пазбегнуць рэцыдыву) трэба неадкладна вырашаць. Падчас рэалізацыі Дзяржаўных праграм, скіраваных на развіццё нашай вёскі, мы часта казалі пра даступнасць культуры. Даступная — не значыць зразумелая, даступная — значыць дасягальная. Вось захацелі, да прыкладу, тыя бабулькі пабываць у клубе — і пайшлі. Наведаць бібліятэку — а вось яна. Памарылі: нам бы ў тэатр — абласныя артысты ўжо едуць. Ці так гэта насамрэч? Не!

Падчас аптымізацыі мы запэўнівалі тых, хто застаўся без клуба і бібліятэкі: да вас абавязкова будуць прыязджаць па строгім графіку мабільныя ўстановы культуры. А тым мабільным ужо ці не па 20 гадоў. Іх падшаманяць, а праз дзень зноў рамонт патрэбны. І нават у гэтым выпадку сям-там канстатуюць, што з-за малога фінансавання не стае грошай на набыццё колавай гумы і паліва. Дарэмна чакае бабулька аўтаклуб. Не, ён прыедзе, але не па графіку. І не гэтай зімой. Горш няма: паабяцаць — і нічога не зрабіць. Словам, бывае і такое, што да культуры — не даступіцца.

Я спачатку здзіўляўся, калі бачыў на лядашчых вясковых хацінках навюткія талеркі спадарожнікавай тэлесувязі. А потым зразумеў: даступнасць культуры ў сусветным маштабе забяспечвае бабулям ды дзядулям найперш удзячныя гарадскія сыны ды дочкі. Лепей так, чым ніяк ці кепска.

Неадкладнага абнаўлення патрабуе і камп’ютарны парк бібліятэк, у першую чаргу — сельскіх, у асобных з якіх па-ранейшаму няма інтэрнэту.

Памятаеце апавяданне Змітрака Бядулі “Пяць лыжак заціркі”? Ці можна імі накарміць дзесяць чалавек? Аўтар класічнага твора не ведае, а добры начальнік аддзела культуры — заўжды ў курсе спраў. Таму і трасуць яго правяраючыя, як дзікую грушку ў галодны год. Але ў такога ўсё круціцца, едзе, грае і спявае, нават бягучы рамонт сям-там робіцца. Гэта безумоўны плюс. А вось абсалютная юрыдычная неабароненасць такіх спецыялістаў — абсалютны мінус. Трэба вучыцца паважаць сябе і адстойваць сваіх.

Цяпер — пра раённыя музеі. Большасць з іх я назваў бы прыдворнымі. Сутнасць такой назвы мне патлумачыў калісьці адзін са старшыняў райвыканкама: “Калі да мяне прыязджаюць дзелавыя партнёры, я па этыкеце павінен пазнаёміць іх з нашым краем, яго культурай ды гісторыяй. Каб язык не ламаць, вязу гасцей у музей, дзе ім падрабязна ўсё расказваюць. А потым ужо пачынаем вырашаць дзелавыя пытанні”. У такіх установах, як правіла, ёсць усё: і воўк, і рыцар, і салдацкая каска. А пра ўсё — гэта ні пра што. Няма сюжэтнага стрыжня, адсутнічае інтрыга, аблічча яшчэ шукаць ды шукаць.

Чарговы, вельмі сур’ёзны, на мой погляд, пралік у стратэгіі і тактыцы клубнай дзейнасці. У бібліятэкараў ёсць прафесійны рэспубліканскі конкурс, а ў клубных работнікаў такая матывацыя для кваліфікацыйнага росту цалкам адсутнічае. Крыўдна? Не тое слова!

У сувязі з недастатковым фінансаваннем карэнным чынам знізілася і выніковасць работы Рэспубліканскага савета па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці. Каардынацыі паміж абласцямі не стае хранічна. А ў раёнах прапаноўваюць: не былі б лішнімі і рэспубліканскія спаборніцтвы паміж аўтаклубамі і аўтабібліятэкамі. Цалкам згодны!

Шмат размоў сёння пра малую радзіму. Цудоўна! У мяне, бадай, адна прапанова: давайце не толькі дыфірамбы вёсцы спяваць, а думаць, як нам ёй канкрэтна дапамагчы, упрыгожыць ды захаваць.

І напрыканцы артыкула я занёс бы ў лік вялікіх праблем і падпіску на нашу газету. Яна апошнім часам істотна знізілася. Прычыны вядомыя: пры нізкіх заробках у першую чаргу дбаюць пра хлеб. Але вельмі не хочацца губляць правераных сяброў. Нам яшчэ ёсць што сказаць адзін аднаму.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"