Пасля курантаў — гукі класікі

№ 52 (1387) 30.12.2018 - 05.01.2019 г

Для многіх беларусаў асноўнай навагодняй традыцыяй з’яўляецца прагляд тэлевізійных святочных шоу. Сёлета сацыякультурны канал “Беларусь 3” падрыхтаваў для тэлезаўзятараў праект новага для айчыннага ТБ фармату — спецыяльны канцэрт класічнай музыкі з удзелам выбітных салістаў Музычнага тэатра і Вялікага тэатра Беларусі. На здымачнай пляцоўцы пабывалі журналісты “К”.

/i/content/pi/cult/725/15791/6.jpgУ 600-й студыі Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі панаваў навагодні настрой. У перапынку паміж здымкамі святочнага праекта адказныя за рэквізіт перасоўвалі ялінкі ды бутафорскія падарункі, каб тыя як мага лепш выглядалі ў кадры, прадзюсар і рэжысёр абмяркоўвалі план на дзень, музыканты ў канцэртных строях крочылі па калідорах тэлецэнтра.

І калі непасрэдна на здымачнай пляцоўцы панавала адноснае зацішша, то ў грымёрцы віравала жыццё: перад люстэркамі веерамі раскладзены палеткі з ценямі, шматлікія цюбікі, пэндзлі ўсіх памераў — сапраўдны арсенал інструментаў, з дапамогай якіх грымёры варожаць над тварамі артыстаў, бо хутка ім выходзіць да шматлікіх камер.

— Тэлевізійны грым значна адрозніваецца ад тэатральнага, — адказвае на мае пытанні грымёр Марына Церахава, пакуль крэсла перад ёй займае наступны артыст. — У тэатры важна, каб выраз твару быў бачны з апошняга шэрагу глядзельнай залы, а для гэтага неабходна актыўна выкарыстоўваць колер, падводкі і гэтак далей. Тэлевізійная перадача будуецца на шматлікіх буйных планах, таму і аблічча павінна быць як мага больш натуральным. Летась наша тэлерадыёкампанія перайшла на HD-вяшчанне. Новы фармат запатрабаваў прынцыпова іншага асвятлення — адпаведна, і ў нас змянілася ўся лінія дэкаратыўнай касметыкі. Мы пачалі карыстацца адмысловай палітрай, блізкай да колеру скуры. Галоўная наша задача — пакінуць аблічча натуральным, адкарэктаваўшы толькі некаторыя недахопы.

Больш у спадарыні Марыны не было магчымасці са мной размаўляць — у грымёрку ўплыла оперная дзіва Аксана Волкава. Грымёр дапамагала заслужанай артыстцы Беларусі замацаваць локаны, каб завяршыць чароўны вобраз прымы. У тэлеканцэрце для славутага меца-сапрана падрыхтавалі прэм’еру: спецыяльна для яе оперны хіт Ave Maria запісалі ў адмысловай аранжыроўцы. Сама спадарыня Волкава да здымак падышла надзвычай сур’ёзна, замовіўшы раскошную сукенку, якая найбольш пасавала б нумару. Шыкоўны строй для выканаўцы швачка зрабіла літаральна за два дні!

Паступова ажыўленне перамясцілася ў студыю. З’явіўся галоўны дырыжор сімфанічнага аркестра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандр Сасноўскі, каб пракантраляваць, якія інструменты неабходна дадаткова змясціць на пляцоўцы.

— Такі вялікі праект з удзелам нашага сімфанічнага аркестра ладзіцца ў Белтэлерадыёкампаніі ўпершыню. Асабліва прыемна, што ім мы падсумоўваем наш юбілейны год — у 2018-м аркестр святкаваў 60-годдзе з дня заснавання, — распавядае спадар Сасноўскі. — У гэтай сувязі я наўмысна ўнёс у праграму элемент эстраднасці, каб нагадаць гледачам, з чаго мы пачыналі: пры славутым дырыжоры Барысе Райскім гэты калектыў існаваў у якасці эстраднага аркестра. Да таго ж, на працягу ўсяго святочнага канцэрта тэлеаўдыторыя зможа пачуць аперэтачныя і оперныя блокі. Мы хочам у чарговы раз нагадаць людзям, што класіка — гэта не нудна.

/i/content/pi/cult/725/15791/7.jpgБольшасць твораў прагучыць у аўтарскіх аранжыроўках. Напрыклад, адажыа з балета “Маленькі прынц” Яўгена Глебава ўпершыню будзе выконвацца ў нечаканай для многіх джазавай версіі. У гэтым жа ключы падрыхтаваны і адзін з вальсаў Штраўса. Для адпаведных нумароў да ўдзелу ў запісе запрасілі групу Jazzology пад кіраўніцтвам кампазітара, музыканта Аляксандра Гямбіцкага. У эфіры прагучыць вальс народнага артыста Беларусі Валерыя Іванова, кампазіцыі з вядомых кінафільмаў. Не абыдзецца і без такіх хітоў, як, напрыклад, “А снег ідзе” Андрэя Эшпая. У фінале Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі выканае па-беларуску “Ціхую ноч”.

Для выканання сольных партый тэлевізійшчыкі запрасілі выбітных салістаў Музычнага тэатра і Вялікага тэатра Беларусі. У той час, калі на здымачную пляцоўку трапіла аглядальнік “К”, да запісу рыхтаваліся заслужаная артыстка Беларусі Алена Сало і народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў. Першай пасля перапынку пад аб’ектывы тэлекамер выйшла заслужаная артыстка Беларусі Алена Шведава.

— Паболей было б такіх перадач! — зазначыла яна. — Класічная музыка надзвычай рэдка з’яўляецца ў беларускім эфіры — спрэс эстрада ды эстрада. У Еўропе, між тым, класіка гучыць куды часцей. Нават у звычайным супермаркеце можна яе пачуць. Да запісу я падрыхтавала два нумары. Асабліва прыемна было ўзяцца за “Галоп Ірыны” з оперы Юрыя Семянякі “Калючая ружа”. Гэты твор вельмі даўно ў нас не выконваўся, а для мяне ён мае асабістую сімвалічнасць, бо быў некалі напісаны адмыслова для маёй выкладчыцы — народнай артысткі СССР Тамары Ніжнікавай.

Хутка аператары занялі свае месцы і запіс пачаўся. “К” давялося пакінуць пляцоўку, каб не замінаць творчаму працэсу. Вынік працы вялікай здымачнай каманды, музыкантаў і салістаў кожны зможа ацаніць у навагоднюю ноч.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"