Навагодні цуд у Вілейцы

№ 52 (1387) 30.12.2018 - 05.01.2019 г

Што ні кажы, а навагоднія цуды здараюцца і пад самы Новы год. Так, 21 снежня ў рамках Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” госцем навучэнцаў Вілейскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната стаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар.

/i/content/pi/cult/725/15789/4.JPGЮрый Паўлавіч павіншаваў дзяцей з Новым годам, уручыў ім падарункі і ўзяў удзел у святочным прадстаўленні. Разам з міністрам дзяцей віншаваў старшыня Вілейскага райвыканкама Віктар Кот.

— Новы год — гэта сапраўднае свята цеплыні і радасці, — зазначыў кіраўнік Міністэрства культуры падчас свайго выступлення ў Вілейцы. — А акцыя “Нашы дзеці”, што не першы год ладзіцца ў Беларусі, з’яўляецца несумненным сімвалам дабрыні і цудоўнай традыцыяй.

Па словах Юрыя Бондара, у сферы культуры названай акцыі надаецца асаблівая ўвага. Дзякуючы ёй ва ўсіх рэгіёнах Беларусі ладзяцца сотні навагодніх мерапрыемстваў, імпрэзаў, канцэртных праграм. Гэты спіс сёлета дапоўніць новая дзея — навагодні баль у Палацы Рэспублікі.

Пасля выступлення міністра ганаровыя госці школы-інтэрната сталі гледачамі тэатралізаванай казкі, падрыхтаванай выкладчыкамі навучальнай установы.

Да слова, гэта ўжо не першы візіт міністра культуры Беларусі ў Вілейскую школу-інтэрнат. Так, Юрый Бондар пабываў тут з навагоднімі падарункамі яшчэ летась. А ўвогуле, па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Вілейскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната Марыі Дзяруга, кіраўнікі Міністэрства культуры краіны наведваюць інтэрнат вось ужо больш за 15 гадоў. І, натуральна, кожны раз з прэзентамі, якія неабходны ўстанове адукацыі і яе навучэнцам.

Дапамогу, у тым ліку — дабрачынную, аказваюць школе і некаторыя беларускія фонды ды шматлікія валанцёры з іншых краін свету. Напрыклад, як распавёў “К” намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Сяргей Клімёнак, даволі доўгі час супрацоўнічаюць са школай дабрачынны фонд дапамогі дзецям “Белы Бусел” ды валанцёрскі клуб “СЛОН”, які аб’ядноўвае студэнтаў і супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Удзельнікі фондаў ладзяць для дзяцей майстар-класы, конкурсы і гульні, дапамагаюць з адукацыйнымі паездкамі па Беларусі, а таксама паказваюць спектаклі на сцэне мясцовага Дома культуры.

/i/content/pi/cult/725/15789/5.jpgЗ 2006 года ў Вілейскую спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат прыязджаюць ірландскія валанцёры. Група з 20 — 30 чалавек дапамагае рамантаваць кабінеты, ладзіць са школьнікамі гульнявыя праграмы, спартыўныя мерапрыемствы і гутаркі на розныя тэмы. Таксама вось ужо 26 гадоў супрацоўнічаюць са школай нямецкія валанцёры з горада Аберхаўзэн, якія прывозяць у школу гуманітарную дапамогу — харчаванне, спартыўны інвентар і іншыя неабходныя рэчы.

Школьнікі — а іх тут вучыцца і пражывае блізу 170 чалавек з усіх куткоў Мінскай вобласці — пастаянна бываюць на экскурсіях у музеях Беларусі, вандруюць па адметных месцах нашай краіны, знаёмяцца з архітэктурнымі і гістарычнымі помнікамі таго ці іншага паселішча.

— Пазней, з нагоды гэтых экскурсійных паездак, турыстычных паходаў, велавандровак, сплаваў на байдарках па рэках, мы робім справаздачныя фільмы, — кажа Сяргей Клімёнак. — Пры школе працуе турыстычны клуб “Чарапашкі”, які пастаянна папаўняцца дзецьмі, зацікаўленымі гісторыяй і культурай Беларусі.

Падобная цікавасць да гісторыі і культуры краіны — невыпадковая, бо ў школе наладжана сталае супрацоўніцтва з Вілейскім раённым цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ды Вілейскім цэнтрам эстэтычнага выхавання, куды многія школьнікі завітваюць у гурткі. Апошняя з названых устаноў, пра якую “К” неаднойчы пісала на сваіх старонках, скіроўвае сваю дзейнасць менавіта на далучэнне дзяцей і дарослых да духоўных каштоўнасцей, беларускай нацыянальнай культуры, гісторыка-культурных традыцый Вілейшчыны, народных промыслаў і рамёстваў, розных відаў мастацтва.

А яшчэ, мабыць, усе школьнікі навучальнай установы з’яўляюцца досыць частымі гасцямі ў бібліятэках, бо да ўрокаў, натуральна, трэба быць заўсёды падрыхтаванымі. Асабліва сябруе з Вілейскай бібліятэкай сямейнага чытання адзін з вучняў школы — дзевяцікласнік Мікіта Бажэлка. За апошні год ён прачытаў каля 200 кніг. І, дзякуючы гэтаму, не толькі падвысіў свой інтэлектуальны і адукацыйны ўзровень, а і трапіў на першую старонку газеты “Знамя юности”: выданне з ягоным фотаздымкам красуецца сёння адразу на ўваходзе ва ўстанову адукацыі.

Хапае тут і адметных творчых праектаў. Назаву толькі адзін, які зацікавіў мяне як журналіста: нядаўна ў Вілейскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце распачалі выданне сваёй газеты, дзе друкуецца інфармацыя пра падзеі школьнага жыцця. Прычым, пішуць туды не толькі выкладчыкі, але і самі вучні. Так што выразны акцэнт на творчы складнік у дзейнасці ўстановы — навідавоку. Таму не здзіўлюся, калі ў хуткім часе з ліку вучняў школы паўстане творчая асоба, роўная мясцоваму ўраджэнцу Міхаілу Казінцу або вядомы беларускі журналіст, які, мажліва, захоча працаваць у галіне культурнай тэматыкі… Як кажуць, пажывём — пабачым.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"