У агні народжаная

№ 52 (1387) 30.12.2018 - 05.01.2019 г

Напачатку, як мы ведаем, было Слова: верш Песняра пра пачэсны пасад Беларусі між народамі. А потым — справа. У першы дзень неймаверна цяжкага 1919 года зроблена яшчэ адна спроба адраджэння беларускай дзяржаўнасці, якая даўно ўжо была марай многіх. І гэтая спроба — хай сабе, і ў рамках камуністычнай утопіі пераўтварэння свету — аказалася ўдалай. Цяперашняя незалежная Рэспубліка Беларусь — мірная, дагледжаная, па-святочнаму апранутая — стала прамой спадкаеміцай той, здавалася б, кволай ССРБ, што ўзнікла на гістарычных скразняках. І сёння, калі беларускія гарады і вёскі ўпрыгожваюць прыгожыя калядныя агні, варта згадаць і пра той агонь, у якім, паводле трапнай метафары сцэнарыста знакамітага фільма Анатоля Вольнага, нарадзілася наша краіна.

/i/content/pi/cult/725/15788/2.JPGУ Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстава, прысвечаная 100-годдзю абавяшчэння БССР “Маніхвэст Рэспублікі”. Арганізатары захавалі ў назве тагачасную, яшчэ неўнармаваную беларускую арфаграфію, каб наведвальнікі маглі адчуць той стан неакрэсленасці і знерваванасці, які панаваў у грамадстве, калі так званы стары свет ужо спыніў існаванне, а абрысы новага яшчэ былі вельмі няпэўнымі.

На выставе можна ўбачыць мноства ўнікальных артэфактаў, здатных перадаць дух таго часу. Скажам, нумар газеты “Вольная Беларусь” ад 31 снежня 1917 года, дзе паведамляецца пра разгон Першага Усебеларускага з’езда, які выявіў волю нашага народа да самастойнасці.

Побач прадстаўлены Устаўныя граматы Беларускай Народнай Рэспублікі. Такім чынам даводзіцца: БССР (дакладней, ССРБ) з’явілася не на пустым месцы.

Бібліятэка рабіла гэтую выставу ў супрацы з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, які знаходзіцца з ёю ў адным будынку. Менавіта архіў перадаў для экспазіцыі надзвычай цікавыя дакументы, датычныя першага савецкага ўрада Беларусі. Сярод іх — тэлеграмы, якія Сталін, які ў той час быў наркомам па справах нацыянальнасцей РСФСР, дасылаў Мяснікову і Жылуновічу. Дакументы з архіва перадаюць барацьбу за ўладу, якая адбывалася ў межах савецкага праекта для Беларусі.

Галоўны экспанат выставы — той самы гістарычны “Маніхвэст Часовага работніча-сялянскага Савецкага правіцяльства Беларусі”. Тэкст надрукаваны ў вельмі рэдкім сёння выданні “Весткі”, а ў рускім перакладзе — у газеце “Дзянніца”.

Як вядома, абвяшчэнне ССРБ адбылося ў Смаленску. А для таго, каб гэты акт у канстытуцыйным парадку ўзаконіць, на пачатку лютага таго ж 1919 года ў Мінску адбыўся Першы Усебеларускі з’езд Саветаў. У экспазіцыі прадстаўлены фота тых будынкаў, дзе ў даўно ўжо прыфрантавым горадзе месціўся савецкі ўрад: колішні езуіцкі калегіум, які стаў першым Домам Саветаў, і гатэль “Еўропа”.

/i/content/pi/cult/725/15788/3.JPGУ наступнай вітрыне — Канстытуцыя ССРБ. Яе класавая скіраванасць відавочная: паўсюль падкрэсліваецца, што Беларусь — гэта краіна пралетарыяту і беднага сялянства.

Цікавасць для гісторыка і паспалітага гледача ўяўляюць карты Беларусі і сумежных дзяржаў тае пары. Мяняліся яны імкліва. Але варта адзначыць, што Беларуская савецкая рэспубліка павінна была ахапіць тэрыторыю ўсёй нашай этнічнай супольнасці. Канешне, рэалізаваць гэты праект у тыя часіны не атрымалася.

Наступныя некалькі вітрын распавядаюць пра тое, як ліхаманкава развіваліся палітычныя падзеі. Толькі-толькі з’явілася ССРБ — і ўжо рашэннем Масквы яна ператвараецца ў саюз савецкіх рэспублік Літвы і Беларусі. Цікава, што ў дакументах, якія ініцыявалі гэта рашэнне, адзначалася даўняя традыцыя сумеснага пражывання літоўцаў і беларусаў. І таму рэвалюцыйная рэчаіснасць, маўляў, абапіралася на гістарычныя традыцыі. Аднак на чале палітычнага новаўтварэння стаялі пераважна тыя людзі, якія да Беларусі нават асаблівых адносін не мелі. Да ўсяго, усходняя частка нашага краю трапляла ў склад РСФСР.

Гэтыя падзеі на выставе адлюстраваны праз афіцыйныя перыядычныя выданні: газету “Бядняк” і “Бюллетень Высшего совета народного хозяйства Советской Социалистической Республики Литвы и Беларуси”. Ёсць і літоўскамоўная Komunista (агулам дзяржаўных моў у ЛітБеле было пяць).

ЛітБел задумвалася як буферная дзяржава. Яе існаванне дазваляла Чырвонай Арміі на пэўны час адтэрмінаваць вайну з Польшчай. Але яна была непазбежнай. Ужо 9 жніўня таго ж года часткі Пілсудскага ўвайшлі ў Мінск.

Апошні раздзел выставы прысвечаны персаналіям. Тут найбольш адчуваецца супраца бібліятэкі і Нацыянальнага архіву. Прадстаўлены, рукапісы, фотаздымкі і асабістыя рэчы ўтваральнікаў Савецкай Беларусі. Адзін з самых каштоўных дакументаў — рукапіс успамінаў Жылуновіча, дзе ён узгадвае падзеі 1919 года ў Смаленску.

Варта адзначыць, што стваральнікі выставы не абміналі даволі вострыя тэмы. Тут можна даведацца пра тое, што ў першым урадзе БССР былі і даволі парадаксальныя для сваіх пасад людзі, якія адмаўлялі існаванне нашага народа як такога. Вось і Аляксандр Мяснікоў разглядаў “беларускае пытанне” як надуманае.

Перад намі праплываюць лёсы членаў першага ўраду. Вось Фабіян Шантыр — беларускі пісьменнік, які быў камісарам па нацыянальных справах. У 1920 годзе ён стаў ці не першай сярод нашай інтэлігенцыі ахвярай Чырвонага тэрору. Рэпрэсаваны ў 1921 годзе быў і камісар па замежных справах Усевалада Фальскага. Зрэшты, як усе мы ведаем, на пачатку дваццатых рэпрэсіі яшчэ толькі распачыналіся. Наступныя іх хвалі паглынулі многіх з тых рамантыкаў, хто спрычыніўся да абвяшчэння Савецкай Беларусі.

З гледзішча 100-гадовага досведу, у якім былі пакуты і радасці, страты і перамогі, мы многае бачым інакш чым тыя, хто паставіў свой подпіс пад гістарычным маніфестам пра ўтварэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі. Але мы можам канстатаваць, што радкі Песняра аказаліся прарочымі. Наша дзяржава цяпер называецца інакш. Ад той пачатковай доўгай назвы засталіся два галоўныя словы — Рэспубліка Беларусь. І гэтая тэза ўжо не падлягае гістарычнаму рэдагаванню.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"