Шчасце — у мільёнах дзяцей

№ 52 (1387) 30.12.2018 - 05.01.2019 г

Дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, якая традыцыйна праводзіцца напярэдадні Новага года пад патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, завяршылася 27 снежня святам у сталічным Палацы рэспублікі. Пра гэта паведаміла прэс-служба Кіраўніка дзяржавы.

/i/content/pi/cult/725/15787/1.jpgЗ усіх рэгіёнаў Беларусі прыехалі больш за дзве тысячы школьнікаў: дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей, якія выхоўваюцца ў апякунскіх сем’ях, выхаванцаў кадэцкіх вучылішчаў, дзяцей з сем’яў бежанцаў, навучэнцаў — пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных алімпіяд, творчых конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, школьнікаў, якія дасягнулі поспехаў у грамадскай рабоце.

“Вы — галоўны здабытак нашай Беларусі, — звярнуўся да запрошаных на галоўную ёлку краіны дзяцей Аляксандр Лукашэнка. — Гэта не проста прыгожыя словы, за гэтымі словамі — шчырая любоў, жаданне клапаціцца і абараняць”.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што ўдзел у такіх святах для яго хвалюючая місія, бо нічога ў жыцці не прыносіць такую радасць, як магчымасць падарыць казку.

“Для мяне як для Прэзідэнта гэта шчасце — у мільёнах дзяцей, якія жывуць у нашай краіне”, — дадаў ён.

Беларускі лідар у сваёй прамове да падрастаючага пакалення звярнуў увагу на тое, што наперадзе чакае шмат цікавага ў жыцці, а побач заўсёды будуць блізкія людзі.

“Вельмі хочацца, каб вы разумелі каштоўнасць усяго таго, што падарыў вам лёс, самога жыцця, незалежнай краіны, мірнага неба, добрых людзей, якія ў патрэбны момант сустрэліся і будуць пастаянна сустракацца на вашым доўгім шляху”, — адзначыў Прэзідэнт.