У памкненні да неба

№ 51 (1386) 22.12.2018 - 29.12.2018 г

І вось падчас той сяброўскай гутаркі ля каміна айцец Фёдар Конюхаў дзеліцца сваёй папраўдзе неверагоднай задумай: абляцець вакол зямнога шара без пасадкі. Прычым ляцець ён будзе на самалёце з электрарухавіком на сонечных батарэях.

/i/content/pi/cult/724/15786/22.JPGВакол свету за пяць сутак

— А такі самалёт ужо ёсць? — са здзівам запытвае яго суразмоўца, ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк.

Як выявілася, самалёт пакуль яшчэ дабудоўваюць — спецыяльна для гэтага падарожжа. Конюхаў назваў яго “Альбатросам”: размах крылаў 45 метраў, а ўся іх плошча ў 100 квадратных метраў абклеена гнуткімі сонечнымі пласцінамі-батарэямі расійскай вытворчасці.

— Я планую абляцець вакол свету на вышыні 15 — 20 тысяч метраў, вышэй за аблокі, — працягвае падарожнік. — Там вельмі спрыяльныя паветраныя патокі. Удзень я буду рухацца за кошт сонечных батарэй і электрарухавіка — вось таму я і вучуся ў Беларусі кіраваць як самалётам, так і планёрам. Калі сонца зойдзе, усю ноч буду павольна планіраваць. Да раніцы я з 17 тысяч метраў апушчуся да 10-ці нават да 8 тысяч. А як сонца ўзыдзе — пачну зноў узнімацца.

Як мы даведаліся, рызыкоўная задума была ўжо дакладна разлічаная. Рухавік самалёта забяспечвае яму хуткасць недзе 120 кіламетраў у гадзіну.

— А спрыяльны вецер жа дзьме! — дадае айцец Конюхаў. — Калі я ляцеў на паветраным шары, паток гнаў мяне з хуткасцю 300 — 360 кіламетраў. Ну, і дадаць тую сотню, што ад электрарухавіка — вось я і буду недзе з хуткасцю ў 400 кіламетраў рухацца. І такім чынам я, паводле разліку, за пяць сутак павінен абляцець зямны шар.

Уявіў сабе: пяць сутак — у поўнай цішыні: ні гула матораў, ні крыку птушак, ні рэву акіяна…

Разумею, што мы з ксяндзом Завальнюком — а таксама і тыя, хто цяпер чытае пра гэта — нешматлікія ў свеце шчасліўцы, якія ўжо ведаюць пра новы прарыў чалавецтва. І не толькі тэхнічны.

Што характэрна, Завальнюка цікавяць падрабязнасці:

— Вы будзеце ў скафандры?

— Не. У мяне герметычная кабіна з наддувам. Я буду выдыхаць вуглякіслы газ, а там фільтры стаяць, як на падводнай лодцы, і яны чысцяць паветра. Канешне, кіслароду ўжо менш становіцца. Але ў мяне яшчэ балоны, буду дадаваць. Трэба, каб кіслароду ў самалёце было 20 — 22 працэнтаў. Цяпер тут, ля каміна, недзе 21 працэнт. Калі будзе 26, пачне галава балець, калі 18 — 19 — таксама. А калі яшчэ ніжэй, то страцім прытомнасць. Пакуль у “Альбатросе” два крэслы: для мяне і інструктара, але не побач, а адно за адным — для трэніровачных палётаў.

— Калі там можна размясціцца ўдвух, узялі б мяне: гарбату падаваў бы вам, — спрабуе жартаваць ксёндз.

— Не, ойча Уладзіслаў. Потым адно крэсла здымуць, а другое будзе адкідвацца: я ж не здолею пяцёра сутак сядзець, у мяне ўсё цела зацячэ. Удзень, калі я ўздымуся і перайду на аўтапілот, з’явіцца магчымасць выцягнуцца, паляжаць. І на зямлю згары паглядзець, калі аблокаў не будзе.

— Якая ўсё ж недасканалая пакуль тэхніка! Электраматоры не здолеюць нас дваіх узняць! — засмуціўся ксёндз Завальнюк.

— Чалавецтва ўжо можа прымаць энергію сонца, а вось захоўваць яе — праблема, — сур’ёзна патлумачыў Конюхаў. — Няма пакуль лёгкіх акумулятараў, якія б маглі тую энергію берагчы. І таму мне ўначы прыйдзецца планіраваць.

“Зямля ўся прыгожая”

Запыталі мы і пра тое, чаму для старту ды прызямлення была абраная менавіта Аўстралія. Як выявілася, справа — не толькі ў ветры.

— 75 працэнтаў палёту — над акіянамі. Я ўзлятаю з Аўстраліі — гэта краіна добрая, гасцінная. Новую Зеландыю праходжу — мяне там ведаюць, любяць. У Чылі таксама, я там шмат разоў быў. Далей Аргенціна, Бразілія, Паўднёвая Афрыка, ізноў Аўстралія… А тут, у Паўночным паўшар’і — небяспечна. У Сірыі вайна, у Афганістане… Кітай дае для палётаў толькі вузкія паветраныя калідоры. Упісацца ў такі, ды яшчэ і ў строга акрэслены час, вельмі складана. А ў Японіі і ЗША неба запруджана самалётамі, і трэба несупынна весці перамовы з дыспетчарамі. А што калі вымушаная пасадка недзе ў гарах Пакістана? Там могуць забіць або ўзяць у закладнікі. Пакуль Паўднёвае паўшар’е больш-менш спакойнае. Больш-менш.

Як святар святара ксёндз Завальнюк пытае падарожніка і пра царкоўную дысцыпліну. Маўляў, не кожны архіерэй будзе трываць доўгія адлучкі.

— Уладыка мой і духоўны настаўнік кажа: “Ты можаш быць больш карысным для нашай хрысціянскай веры і ўвогуле для людзей, калі ты робіш тое, што робіш”, — апавядае айцец Фёдар. — У мяне цяпер у Маскве невялікі храм — для вандроўнікаў, у імя Мікалая Цудатворцы. І калі ад’язджаю, мае прыхаджане ходзяць да іншага святара, айца Рамана. Я вось бачу: ёсць бацюшкі, здольныя даць болей, ніж я, у іх пропаведзі лепей. Але я магу ўласным прыкладам паказаць, як трэба праходзіць выпрабаванні. Таму мне больш даверу.

Як выявілася падчас той гутаркі ля каміна, у праваслаўнага святара больш шырокае веданне геаграфіі распаўсюджвання розных рэлігій, канфесій, веравызнанняў. І падарожжы дапамаглі яму зрабіць важныя высновы:

— Я пражыў амаль год у Эфіопіі. Гэта краіна збольшага праваслаўная, а вось Уганда — язычніцкая. А прыглядзеўся і адчуў: Бог — Ён усіх любіць! І нават язычнікаў. У мяне часта пытаюцца: “Дзе прыгажэй? Дзе людзі лепей?” А Госпад Бог стварыў усіх людзей і ўвесь свет добрымі і прыгожымі. Толькі палітычныя, эканамічныя, ваенныя сістэмы гэта мяняюць. Ды яшчэ экалогія. Шмат на Зямлі месцаў, якія літаральна пераўтварыліся ў сметнікі! Хто гэта зрабіў? Чалавек. Бог гэтага не ствараў.

Цішыня зацягнулася. Нейкі час святары ў задуменні ўзіраліся ў агонь.

— Нам Гасподзь стварыў Зямлю вельмі прыгожую, — працягнуў айцец Фёдар. — І няма на зямным шары непрыгожых месцаў. Паверце: я быў на ўсіх кантынентах, шэсць разоў хадзіў на яхце вакол свету, лётаў праз Атлантыку, праз Ціхі акіян… Зямля ўся прыгожая!

— А Сахара? — запытаў ксёндз Завальнюк.

— І Сахара вельмі прыгожая! Не меней, чым мора, але — па свойму. Беларусь прыгожая сваёй прыгажосцю, Саудаўская Аравія — сваёю. А Грэнландыя або Антарктыда — які цуд!

І тут Конюхаў заўсміхаўся ад прыемных успамінаў:

— Учора паляцеў у сем гадзін раніцы: такая прыгажосць, жаўрукі над аэрадромам спяваюць! Я здаўна люблю Беларусь: лясы, паляны, балоты, бусел праляцеў нізка, пад маім “Даймандам”. Але захапляцца ў поўнай меры не мог — увесь час погляд на прыборы, увесь час перагаворы з дыспетчарамі. Калі прызямліўся, па тэлефоне з матухнай звязаўся. Яна пытаецца: “Ты там, пэўна, гэтай цудоўнай раніцай з асалодай аглядаўся, а я вось тут, у душнай Маскве…” А я кажу: “Ірачка, нічога не бачыў! І прырода, і ўвогуле тут усё прыгожа, але самалёт патрабуе такой увагі!”

Ксёндз лётае ўжо даволі ўпэўнена, а таму можа дазволіць сабе больш:

— А я вось паглядаю: што там, пад крылом? І бачу столькі дзівоснага: храмы, цэрквы, замкі, палацы! Па ўсёй Беларусі такая прыгажосць!

На лётнай дарожцы

Яны ўжо ў лётных камбінезонах, ужо прайшлі абавязковы перадпалётны медагляд; у класе з трэнажорамі затрымаліся ля мапы з дазволенымі маршрутамі палётаў. На стэндзе Конюхаў заўважыў вялікі фотаздымак: праваслаўны святар і ксёндз Завальнюк у дзень прыняцця прысягі бласлаўляюць навабранцаў — тэхнікаў, а магчыма, і будучых пілотаў.

— Мяне вельмі кранула, што вы, ойча Уладзіслаў, з’яўляецеся капеланам ваенных лётчыкаў. Вы самі лётаеце і адчуваеце, што такое палёт! Упэўнены: у душы кожнага святара закладзена рамантыка!

Яны ішлі па стырнавой бетонцы да сваіх самалётаў, працягваючы размову.

— Я заўсёды жыву будучым: будучай экспедыцыяй, будучай сустрэчай з сябрамі, будучымі карцінамі, кнігамі, планамі. Мінулым жыць не люблю. Мне гэта ўжо не цікава. Ну, было ды й было. Лепш падумаць аб тым, што наперадзе. Мне нават карціны больш падабаюцца тыя, якія яшчэ не намаляваў — але яны ўжо ёсць у мяне ў галаве. Ходзіш, раздумваеш, адчуваеш, што ў які заўгодна момант можна нешта памяняць. Таксама і з экспедыцыямі.

— Зараз чатыры месяцы на лодцы, потым вакол Зямлі на “Альбатросе”… А пра што яшчэ марыце?

— Падумваю пра Марыянскую западзіну.

Абодва пабывалі ў нябёсах.

Завальнюк адлётаў на “Вайперы”.

Конюхаў — на “Даймандзе”, прычым, ксёндз у гэтым палёце сядзеў за ім на пасажырскім крэсле.

Абодва прыгожа прызямліліся.

Накіроўваючыся ў гасцявы дамок, закранулі тэму пакутаў ад самоты. І тут у айца Фёдара ўспамінаў і адчуванняў непараўнальна болей.

— У цяперашнім маім веку, канешне, адзіноту лягчэй пераносіць. Але ты не адзін, нават калі побач няма людзей. Іду я, памятаю, 72 дні на Паўночны полюс — нікога няма! Але я ведаю, што заўсёды нехта прысутнічае. Госпад Бог усюды ёсць! Ён і тут з намі, і ў акіяне, і ў нябёсах, і ў шахтах… Але калі ты сам-насам з сабой застаешся, і людзі далёка, за тысячы-тысячы міль нікога няма, то, канешне… Як сказана: “Тапелец хапаецца за саломінку”. Што нам застаецца рабіць? Только хапацца за малітву і прасіць Госпада Бога праз Яго святых: “О, всесвятый Николае! Моления теплыя приемля, благослови путь и воздушное шествие...” Вы, ойча Уладзіслаў, верна сказалі, што Бога трэба сустрэць. Нехта сустрэў яго ў творчасці, нехта ў дарозе, нехта ў навуцы. Мы з вамі як святары — за святым прастолам.

— Перадайце матушцы Ірыне, што яшчэ адзін будзе маліцца за вас — гэта я, — папрасіў на развітанне ксёндз Завальнюк.

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр