Музей, што з’явіўся праз краўдфандынг

№ 51 (1386) 22.12.2018 - 29.12.2018 г

Першы музей Адама Міцкевіча з’явіўся ў 1911 годзе ў Вільні, другі — у 1930 годзе ў Парыжы. Трэці рана ці позна меўся паўстаць у Навагрудку — зважаючы хаця б на тое, якую ролю старажытны горад і ягоныя ваколіцы адыгралі ў жыцці паэта. Паводле большасці крыніц, гісторыя ўстановы пачынаецца з 1955 года. Аднак мала хто ведае, што спробаў яе заснаваць было ажно тры. Гісторыя музея драматычная, але ў нечым і павучальная.

/i/content/pi/cult/724/15785/21.JPGЗа высокім парканам

Ліпень 1920 года. У Навагрудак у чарговы раз прыходзяць Саветы. Новаствораны Павятовы рэвалюцыйны камітэт шчыруе над усталяваннем новага ладу. Яго загад № 40 ад 16 верасня прадпісвае вызваліць колішні дом Міцкевічаў ад жыхароў (што характэрна, выганялі іх не на вуліцу — жыллёвы аддзел мусіў у тэрміновым парадку выдзеліць ім наўзамен іншую жылплошчу), каб арганізаваць там музей альбо народную бібліятэку імя класіка. Адзін з пунктаў прадугледжваў і збор музейных фондаў. Аддзелу народнай адукацыі было загадана сабраць усе наяўныя ў павеце кнігі і “проч. памятки”, прысвечаныя Міцкевічу. Аднак выканаць той загад папросту не паспелі: затрымаліся Саветы ў горадзе нядоўга. Пасля Рыжскай дамовы ён
адыходзіць да Польшчы.

У 1922 годзе ў Навагрудак з Францыі прыязджае 83-гадовы сын класіка Уладзіслаў Міцкевіч — і атрымлівае настолькі сардэчны прыём, што доўга не можа яго забыць. Прыгадваючы потым гэтыя мясціны, “пажыццёвы парыжанін” марыць закончыць сваё жыццё пад дахам аднаго з тамтэйшых шляхецкіх дамоў. Да ўсяго, менавіта гэты візіт стаў пунктам адліку новай спробы стварэння музея.

У 1924 годзе, пасля чарговага візіту шаноўнага госця, з ініцыятывы мясцовага суддзі Леана Дабашынскага пачынае дзейнасць “Камітэт увекавечвання памяці Адама Міцкевіча на зямлі Навагрудскай”. Галоўнай яго мэтай было выданне і распаўсюд твораў класіка як у краіне, так і за яе межамі (паэт марыў, каб кнігі яго былі ў кожнай хаце). Але разам з тым распачаўся і збор грошай для рамонту сядзібы і адкрыцця музея.

Гэтая грамадская арганізацыя была даволі прадстаўнічай — яе кіраўніком стаў тагачасны Наваградскі ваявода Уладзіслаў Рачкевіч, а ганаровым апекуном пагадзіўся быць сам прэзідэнт Польшчы Станіслаў Вайцяхоўскі. Аднак справа з музеем ішла даволі марудна. І толькі ў 1930 годзе на паседжанні камітэта з ініцыятывы ўжо новага ваяводы Зыгмунта Бячковіча было прынятае рашэнне выкупіць з прыватных рук той самы колішні дом Міцкевічаў. Яго ўладальнік Тадэвуш Данброўскі да просьбы перадаць сядзібу дзяржаве паставіўся прыхільна. Але ў яго была заключана дамова арэнды, і паводле яе ўмоваў дом нельга было вокамгненна вызваліць ад жыхароў.

На падворку ў той час гаспадарыць нейкая пані Марыя Вяржбоўская. Натоўпы турыстаў, якія літаральна топчуцца пад яе вокнамі, прагнучы патрапіць у родавае гняздо Міцкевіча, выклікаюць у яе адно раздражненне. Яна рашуча перакрывае доступ на сваю прыватную тэрыторыю, і сядзібу пачынаюць называць наваградскім Ватыканам. За высокім парканам пануе ўрачыстая цішыня, а брама зазвычай шчыльна зачыненая. Адзінае, чаго змог дасягнуць камітэт — усталяванне 28 чэрвеня 1931 года на доме паэта мемарыяльнай дошкі з надпісам на польскай мове “Тут на досвітку жыцця раскрыў крылы для паэтычнага ўзлёту Адам Міцкевіч”.

Паводле “Пана Тадэвуша”

У 1931 годзе ва ўсёй Польшчы прайшла вялікая хваля святаў, прысвечаных 75-й гадавіне смерці Міцкевіча і 100-годдзю “Пана Тадэвуша”. У будынку Наваградскага ваяводства адкрылася вялікая выстава, што заняла ажно пяць залаў, змясціўшы шматлікія рарытэты з прыватных збораў. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікаў “пакой Зосі”, інтэр’ер якога быў “адноўлены” паводле твора, а таксама фрагмент засценка Дабрынскіх. Як вядома, “Пан Тадэвуш” утрымліваў вялікую колькасць апісання побыту і нораваў тагачаснай літоўскай і польскай шляхты, што дазваляла выкарыстоўваць яго пры стварэнні музейнай экспазіцыі.

Выстава, апісанне экспанатаў якой выйшла асобным выданнем, здавалася генеральнай рэпетыцыяй перад адкрыццём музея. Аднак юбілей прайшоў, і зноў наступіла ціша.

У маі 1934 года камітэт у чарговы звяртаецца да Данброўскага з просьбай аддаць сядзібу дзяржаве, на што ўрэшце атрымлівае дазвол. А вось пані Вяржбоўская нікуды перабірацца не жадае. Таму камітэт пакуль займае толькі сядзібны флігель, дзе размяшчаюцца бюро і экспанаты будучага музея.

Улетку 1936-га пані Вяржбоўская ўрэшце пагадзілася вызваліць сядзібу, але на тое, каб сабраць рэчы, ёй спатрэбіўся амаль цэлы год. Толькі 9 чэрвеня 1937 года ўжо ў самім доме адбылося ўрачыстае паседжанне пад кіраўніцтвам навагрудскага ваяводы Адама Сакалоўскага. Абмяркоўваліся пытанні пашырэння музея і яго папулярызацыі, але найперш — пошук фінансавых сродкаў на рамонт і добраўпарадкаванне сядзібы. Будынак на той час вымагаў неадкладных рэстаўрацыйных прац.

Няздольны справіцца з праблемай уласнымі намаганнямі, камітэт звярнуўся да кожнага неабыякавага да памяці паэта чалавека з просьбай аб матэрыяльнай дапамозе. Паводле ініцыятараў, гэты праект краўдфандынгу павінен быў стаць агульнай справай усяго грамадства, і справай не аднадзённай, але арыентаванай на будучыню.

Люстэрка Марылі і фатэль Міцкевічаў

Сродкі і сапраўды пачалі паступаць, і неўзабаве патрэбныя працы былі выкананы. Урачыстае адкрыццё музея адбылося 11 верасня 1938 года, падчас чарговых “Дзён Міцкевіча”. Цырымонія транслявалася па радыё і атрымала шырокі розгалас па ўсёй Польшчы. Загадчыкам быў прызначаны Уладзімір (у некаторых крыніцах Уладзіслаў) Ляруй.

Экспазіцыя займала сем пакояў. У першых дзвюх залах — налева ад гасцінай — былі размешчаныя друкаваныя выданні і партрэты паэта розных эпох, а таксама тая рыдлёўка, якой прэзідэнт Вайцяхоўскі насыпаў першы грудок зямлі на курган Міцкевіча (яго з’яўленне стала яшчэ адным удалым праектам краўдфандынгу ў Другой Рэчы Паспалітай). Важнае месца ў экспазіцыі займаў макет звычайнай навагрудскай хаты з традыцыйным жоравам пры студні.

Сцены гасцёўні былі дэкарыраваныя гербамі ўсіх павятовых цэнтраў Навагрудскага ваяводства. У наступнай зале ўвагу прыцягваў перадусім макет усталяванага ў Парыжы помніка Міцкевічу, выкуплены намаганнямі камітэта ва ўдавы скульптара Эміля Бурдэля. Сцены гэтай залы ўпрыгожаныя партрэтамі, мініяцюрамі і іншымі артэфактамі, датычнымі эпохі паэта. У іх ліку і рэчы, што калісьці месціліся ў доме Міцкевічаў: фатэль, абраз святога Антонія, пісаныя гусіным пер’ем судовыя акты. Яны ўтрымліваюць прозвішчы Сапліцаў, Бірбашоў ды іншых шляхецкіх родаў, што ўзгадваюцца ў “Пане Тадэвушы”.

У вітрынах знаходзіліся рэшткі бібліятэкі Міцкевічаў, лісты і нататкі паэта, старыя выданні яго твораў. А таксама — карэспандэнцыя яго сяброў Адынца і Дамейкі, дзе ўспамінаецца “наймілейшы” Адам. Наступная зала была прысвечана памяці Марылі Верашчакі, імя якой непарыўна звязанае з імем Міцкевіча: ноты вальсаў, гіпсавы крыж, шаль з воўны, люстэрка, у якое калісьці глядзелася Марыля, скаваны масіўнымі абручамі куфар з Туганавіч ды іншыя рарытэты. Зразумела, папаўняць імі калекцыю на той час было куды прасцей, чым сёння. А ў бліжэйшым часе музей спадзяваўся атрымаць такую каштоўнасць, як рукапіс “Пана Тадэвуша”.

Планы на будучыню былі грандыёзнымі. Музей меўся пераўтварыцца ў своеасаблівы “санктуарый” у гонар класіка. Стаць буйным навуковым цэнтрам края, які б утрымліваў матэрыялы, звязаныя не толькі з асобай Міцкевіча, але і з мінулым усёй Наваградчыны.

У верасні 1939 года Навагрудак становіцца часткай БССР. Як ні дзіўна, на дзейнасць музея змена ўлады асабліва не паўплывала. Яго дырэктар пан Ляруй не патрапіў пад рэпрэсіі і чысткі як асоба, што садзейнічала паланізацыі краю, і застаўся пры сваёй пасадзе. Што цікава, справаздачы навукова-даследчаму інстытуту краязнаўчай і музейнай працы ў Маскве ён пісаў на старых бланках — яшчэ часоў камітэта Міцкевіча. Больш за тое: па словах цяперашняга дырэктара музея Мікалая Гайбы, яго папярэдніку Лярую ўдалося эміграваць у Польшчу.

Аднак савецкі перыяд “першага” музея Міцкевіча быў нядоўгім. На самым пачатку вайны ў яго будынак трапляе бомба. З экспанатаў ацалеў толькі макет помніка Бурдэля. І калі музей пачне сваё новае жыццё ў 1955 годзе, яму давядзецца літаральна адраджацца з попелу.

Ідэалізаваць той першы перыяд існавання музея сёння не выпадае. Як і многія іншыя ўстановы культуры Заходняй Беларусі, акрамя навукова-даследчай дзейнасці, ён ставіў перад сабой мэту ідэалагічнага выхавання ў духу ідэй “польскасці”.

Але варты ўвагі феномен узнікнення той установы — з мінімальнай фінансавай падтрымкай з боку дзяржавы. У мерапрыемствах Міцкевічаўскага камітэта актыўны ўдзел бралі першыя асобы ваяводства і нават краіны, а іх роля ў асноўным абмяжоўвалася выключна прыцягненнем увагі да справы. Да ўсяго, тагачаснае эканамічнае становішча рэгіёна пакідала жадаць шматкроць лепшага. І таму музей паўстаў найперш дзякуючы грамадскасці, якая сабрала неабходную суму грошай. Ды і экспазіцыю склалі пераважна ахвяраванні з прыватных збораў.

Міцкевіча ў Другой Рэчы Паспалітай лічылі прарокам і сапраўдным нацыянальным героем. І таму многія грамадзяне ўважалі за гонар зрабіць свой унёсак ва ўшанаванне яго памяці. Думаецца, такой, у добрым сэнсе слова, апантанасці варта і нам павучыцца.

Алена ЖАСТКОВА