Беларускі партрэт: межы часу

№ 51 (1386) 22.12.2018 - 29.12.2018 г

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылася выстава “Сучаснікі XX. Стагоддзе беларускага партрэта”, на якой сабрана 150 твораў жывапісу, графікі і скульптуры з розных дзяржаўных збораў і прыватных калекцый. Маштаб экспазіцыі сведчыць не толькі пра разнастайнасць творчых падыходаў, але і пра тое, што цягам цэлага веку гэты складаны і цікавы жанр не здаваў сваіх пазіцый. Толькі калекцыя жывапісных партрэтаў мастацкага музея ў тры разы перавышае агульную колькасць прапанаваных гледачам работ. З гэтай прычыны выстава не ўяўляе з сябе анталогію, а менавіта дэманструе шляхі развіцця жанру.

Адкрывае яе вялікі партрэт Мікалая Бонч-Асмалоўскага пэндзля Льва Альпяровіча. Як і некаторыя іншыя мастакі, Бонч-Асмалоўскі вядомы ў мастацтве толькі сваім імем, паколькі яго ўласных твораў у калекцыі музея няма. Ён намаляваны ва ўласцівай манеры Альпяровіча, які акрамя адлюстравання знешняга падабенства спрабуе зазірнуць і ў таямніцы душы. Яго творы, як і модных у той час партрэтыстаў Юдэля Пэна і Янкеля Кругера, увайшлі ў першы раздзел выставы “Губернскі партрэт”.

У пачатку стагоддзя заказныя партрэты для эліты карысталіся асаблівай папулярнасцю. Звычайна яны камерныя, часта падкрэсліваюць прафесійную прыналежнасць і прызначаюцца для гасцёўняў багатых дамоў. З прыходам 1920-х партрэт змяняецца. Перыяд беларускага адраджэння адлюстраваны на выставе ў раздзеле “У пошуках нацыянальнага”. Яго прадстаўнікі, Міхаіл Станюта і Міхаіл Філіповіч, прымалі ўдзел у этнаграфічных экспедыцыях і збіралі прадметы народнай мастацкай культуры. Уласцівы гэтым рэчам сакавіты яркі каларыт пачаў трапляць у прафесійны станковы жывапіс, мазок набыў экспрэсію і размах.

— На жаль, уявіць, як выглядаў беларускі партрэт і ўвогуле беларускае мастацтва 1920-х — 1930-х гадоў, стварыць яго цэласную
паўнавартасную карціну не ўяўляецца магчымым, — кажа куратар выставы, загадчыца аддзела сучаснага беларускага мастацтва НММ Кацярына Ізафатава. — Захаваліся толькі адзінкавыя творы. Мы валодаем рэдкімі аскепкамі, і практычна ўсе яны тут прадстаўлены.

/i/content/pi/cult/724/15781/15.jpgАсобныя карціны на выставе не толькі захоўваюць свае таямніцы, але часам і дапамагаюць зрабіць цудоўныя адкрыцці. Так адбылося, напрыклад, з партрэтам Мікалая Казака. Сёння вядома, што ён не толькі беларускі мастак першай паловы XX стагоддзя, але і прадстаўнік амерыканскай геаметрычнай абстракцыі. Пасля эміграцыі ў Нью-Ёрк стаў вядомым яшчэ і як тэарэтык.

Наступная частка выставы — “Партрэт краіны-фронту” — у большасці прадстаўлена ў графіцы. Гэта тонкія партрэтныя замалёўкі на невялікіх пажоўклых аркушах, якія з’яўляюцца не толькі мастацкай, але і гістарычнай каштоўнасцю. Побач з імі жывапісныя партрэты тых, хто ўздымаў баявы дух салдат на фронце ў складзе канцэртных брыгад. Пэндзлю Івана Ахрэмчыка належыць партрэт Глеба Глебава, а постаць Аляксандры Нікалаевай занатаваў на палатне Яўген Зайцаў.

З храналогіі выставы выпадаюць першыя пасляваенныя гады. Партрэтаў таго часу няшмат, усе яны пераважна сямейныя і камерныя, іх памеры не большыя за 40х50 сантыметраў. Да гэтага ж перыяду адносяцца партрэты перадавікоў вытворчасці.

— Гэта сваесаблівая дошка гонару, якую я не стала ўключаць у экспазіцыю, — кажа Кацярына Ізафатава. — Нашмат больш цікавы час — другая палова 1950-х і 1960-х гадоў, рамантыка адлігі. Мастакі адмаўляюцца ад партрэтаў правадыроў і перадавікоў на карысць паказу жыцця простага чалавека. Змяняецца жывапісная эстэтыка, з’яўляецца так званы сацыялістычны імпрэсіянізм. Мая задача была паказаць мастацкія выставы 1960-х, на якіх цудоўныя вобразы балерын суседнічалі з беларускімі працаўніцамі. Паглядзіце на сялянку Пятра Крохалева — як яна запальвае сваёй усмешкай — ці на пластыку скульптуры Сяргея Селіханава.

Самая разнастайная частка экспазіцыі — “Эпоха перамен. Партрэт 1980-х — 1990-х”. Умоўна яна падзяляецца на мастацтва афіцыйнае і неафіцыйнае. Асаблівая ўвага надаецца беларускаму авангарду. Для больш шырокай дэманстрацыі гэтай з’явы творы са збору мастацкага музея дапаўняюць калекцыі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея і Андрэя Плясанава. Адным з галоўных жанраў творчасці авангардыстаў становіцца аўтапартрэт, менавіта на ім канцэнтруюцца многія творцы ў пошуках сэнсу жыцця і мастацтва ў час, калі разбураюцца ўсе асновы. Ды і шматлікія партрэты канца стагоддзя адзначаны лёсам і трагічнай прадвызначанасцю.

У адпаведнасці з канцэпцыяй выставы, апошняя работа на ёй датуецца 2000-м годам. Як будзе развівацца гэты жанр далей у жывапісе, графіцы, скульптуры, уявіць складана, улічваючы той факт, што колькасць партрэтаў на сучасных выставах відавочна скарачаецца. Гісторыю ж партрэта XX стагоддзя тэарэтычна падтрымлівае адукацыйная праграма ў мастацкім музеі. У яе ўвайшлі экскурсіі, лекцыі і 15-хвілінныя “Апавяданні аб адным з партрэтаў выставы”.