Сустрэча з “Мадлен”

№ 51 (1386) 22.12.2018 - 29.12.2018 г

Яшчэ адну работу Хаіма Суціна прывезлі ў нашу краіну — у галерэі “Арт-Беларусь”, дзе зараз ладзіцца выстава да 125-годдзя з дня нараджэння мастака, адбылася прэзентацыя карціны “Якая заснула з кнігай. Мадлен Кастэн”. Партрэт 1937 года вядомага французскага дэкаратара і антыквара, а ў той час яшчэ і блізкай сяброўкі і апякункі мастака, стаў трэцім па ліку творам Суціна ў карпаратыўнай калекцыі “Белгазпрамбанка” і ў Беларусі.

/i/content/pi/cult/724/15774/48408172_2276512449290_opt.jpegЗаўзятыя калекцыянеры, уладальнікі карцін Мадыльяні, Пікасо, Лежэ і іншых знакамітых мастакоў, Мадлен і яе муж Марсэль Кастэн былі адданымі прыхільнікамі творчасці Хаіма Суціна і неаднойчы запрашалі яго ў свой маёнтак пад Шартрам. Менавіта там ён намаляваў і карціну “Вялікія лугі ў Шартры, каля віядука”, якая таксама была набыта для карпаратыўнай калекцыі банка, а ў экспазіцыі галерэі знаходзіцца побач з партрэтам Мадлен Кастэн. У сваіх інтэрв’ю яна ўзгадвала, што сапраўды тады заснула, стаміўшыся пазіраваць мастаку. Суцін забараняў не толькі рухацца, але нават і размаўляць, каб ніводнае слова, прамоўленае недарэчы, не магло парушыць яго думкі. Тым больш, што сеансы часта заканчваліся знішчэннем карціны — мастак бязлітасна рваў усё, што яго не задавольвала.

Партрэт “Якая заснула з кнігай. Мадлен Кастэн” быў набыты сёлета на аўкцыёне MacDougall’s. На прэзентацыі карціны куратар карпаратыўнай калекцыі “Белгазпрамбанка” Аляксандр Зіменка звярнуўся да ўсіх аматараў мастацтва і неабыякавых людзей з просьбай паведаміць, у якіх музеях свету яны бачылі карціны нашага славутага земляка, каб стварыць адпаведную інтэрактыўную карту і паспрыяць таму, каб імя Хаіма Суціна стала больш вядомым у нашай краіне.