Палессе — Парыж — Мінск

№ 51 (1386) 22.12.2018 - 29.12.2018 г

У славутым, эпатажным для свайго часу, творы Генры Мілера ёсць цікавая сентэнцыя пра тое, што Парыж — гэта месца, дзе ўсё дасягае свайго апагея. Гэта меркаванне можна дапасаваць да лёсу мастака Міхаіла Кікоіна (1892 — 1968): нарадзіўся ў Беларусі (розныя крыніцы называюць месцам нараджэння Гомель альбо Рэчыцу), тут адчуў пакліканне да мастацтва, а вось апагей ягонай творчасці прыйшоўся на Парыж.

/i/content/pi/cult/724/15773/7.jpg18 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы карціны нашага земляка “Нацюрморт” у дар галоўнай мастацкай скарбніцы краіны. У цырымоніі бралі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў і Міністэрства культуры, дыпламаты, што прадстаўляюць інтарэсы Швейцарыі ў Беларусі і нашай краіны ў Швейцарыі. Андрэя Нажэскіна, Ганаровага консула Беларусі ў Лазане, які мае непасрэднае дачыненне да вяртання на радзіму твора Міхаіла Кікоіна, узнагародзілі Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Як распавёў генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, перадача згаданага твора — цудоўны прыклад плённага супрацоўніцтва паміж установай культуры, якая фактычна з’яўляецца адной з візітовак беларускай нацыі, і дыпламатычнай службай краіны. Калісьці калекцыя айчыннага мастацтва ў музеі складалася з твораў, якія нарадзіліся непасрэдна на нашай зямлі і адлюстроўвалі рэаліі нашай гісторыі. Сёння ж мы лічым неабходным засведчыць свой унёсак у агульнаеўрапейскую культурную скарбніцу і свой уплыў на суветны культурны працэс. Карціна Міхаіла Кікоіна, якая зойме ў нашым музеі пачэснае месца, яскравы таму доказ.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"