У пошуках новых аўтараў

№ 51 (1386) 22.12.2018 - 29.12.2018 г

21 снежня для падрыхтоўкі да XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу ў сталіцу завіталі прадстаўнікі старэйшага выдавецтва на постсавецкай прасторы “Молодая гвардия”.

Мэта візіту — падпісанне дамовы паміж расійскім выдавецтвам і беларускай гандлёвай сеткай “Белкніга”, у межах якога плануецца распаўсюдзіць кнігі серыі “Жизнь замечательных людей” і іншыя выданні па ўсёй рэспубліцы, а таксама прадставіць лепшыя навінкі на мінскай выставе-кірмашы ў лютым 2019 года.

У бліжэйшых планах “Молодой гвардии”, па словах выканаўчага дырэктара Рамана Касыгіна, выпусціць кнігі пра вызваленне Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны і пра аперацыю “Баграціён”. Таксама выдавецтву вельмі цікавыя асобы Пятра Машэрава, Соф’і Кавалеўскай і Дар’і Домрачавай, але пакуль не знайшліся аўтары, гатовыя заняцца іх біяграфіямі. “Нам не хапае беларускіх аўтараў. Таму гэтай праблеме будзе прысвечана наша сустрэча з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Мы лічым, што на такія тэмы варта пісаць людзям, якія лепш за нас ведаюць сваю зямлю”, — патлумачыў Раман Касыгін.

Дарэчы, беларускія культурныя дзеячы ўжо з’яўляліся на старонках “ЖЗЛ”: у 1980-х былі выдадзеныя біяграфіі Янкі Купалы і Францыска Скарыны, якія напісаў Алег Лойка.

У хуткім часе новыя выданні і перавыданні вядомай кніжнай серыі з’явяцца ў беларускіх крамах.