Гуманізм мастакоў ХХ-га

№ 29 (847) 19.07.2008 - 25.07.2008 г

Каля 150 работ вядомых беларускіх мастакоў ХХ стагоддзя прадстаўлена на выстаўцы “И дольше века...”, адкрыццё якой адбылося 11 ліпеня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Экспазіцыя, якая аб’ядноўвае творы жывапісу, графікі і скульптуры, прадоўжыцца да 1 верасня.

Выстаўка адметная тым, што ўпершыню ў практыцы музея было вырашана аб’яднаць амаль усіх майстроў, чый 100-гадовы юбілей прыпаў на 2008 год. У іх ліку — Заір Азгур, Сцяпан Андруховіч, Анатоль Волкаў, Аляксей Глебаў, Міхаіл Даўгяла, Людміла Зданоўская, Яўген Красоўскі, Барыс Малкін, Таццяна Разіна, Іван Рудчык, Уладзімір Сакалоў, Уладзімір Сухаверхаў, Мікалай Тарасікаў, Ілля Эйдэльман.
У экспазіцыі сабраны творы, выкананыя ў разнастайных жанрах: нацюрморт, пейзаж, партрэт, побытавыя кампазіцыі. “Гэта не традыцыйны кананічны рэалізм, а рэалізм у больш шырокім разуменні. Усе мастакі вельмі розныя, не падобныя адзін на аднаго, у кожнага — свой лёс, асаблівая творчая індывідуальнасць і бачанне свету, што не магло не выявіцца ў мастацтве. Але калі паспрабаваць вылучыць нешта агульнае, дык, напэўна, гэта будзе лірызм, рамантызм, савецкі гуманізм”, — адзначыла загадчыца аддзела сучаснага беларускага мастацтва музея Валянціна Вайцяхоўская.
У адкрыцці выстаўкі прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускага саюза мастакоў, сваякі аўтараў работ.

Ул. інф.