Магіканін тэхнічнай эстэтыкі

№ 50 (1385) 15.12.2018 - 22.12.2018 г

У 1977 годзе ў Харкаве праходзіў семінар “Інтэрдызайн-77”, які праводзіла Міжнароднае аб’яднанне нацыянальных арганізацый прамысловага дызайну ІКСІД. Беларусь прадстаўляў супрацоўнік філіяла Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута тэхнічнай эстэтыкі (УНДІТЭ) Кім Лыцін. Аўтар, які ствараў дызайн для медыцынскіх апаратаў, смеццявозаў і сталоўскага посуду — і знаходзіў у гэтых тэмах натхненне.

/i/content/pi/cult/723/15767/21.JPGТакія семінары рэгулярна ладзіліся ў розных краінах свету, і з’язджаліся на іх профі ці не з усіх кантынентаў, каб разам папрацаваць над актуальнымі на той час тэмамі дызайнерскіх распрацовак. Трэба адзначыць, што першы быў праведзены ў Мінску ў 1971 годзе. На ім распрацоўваліся дзве тэмы: сістэма візуальных камунікацый для горада Мінска і ўдасканаленне функцыянавання галіны па вытворчасці хлеба. Харкаўскі ж семінар 1977 года быў другім “Інтэрдызайнам”, які праводзіўся ў СССР.

Група, у якую ўваходзіў Кім Лыцін, складалася з дызайнераў з Расіі, Арменіі, Грузіі, Новай Зеландыі, Швецыі, Венгрыі. Для распрацоўкі была прапанавана няпростая і дасюль яшчэ актуальная тэма: кампактнае кухоннае абсталяванне для пажылых людзей і інвалідаў. І ўсё гэта — ва ўмовах малагабарытнай гарадской кватэры.

У выніку семінара з’явіўся праект, які ўключаў варыянты размяшчэння абсталявання ў кухнях рознай планіроўкі і памераў, ды нават эскізы некаторых вузлоў, якія мелі прынцыповае значэнне для прапанаванага рашэння. Праца атрымала высокую ацэнку ўсіх удзельнікаў “Інтэрдызайну”. Некаторыя ідэі, якія тады нарадзіліся, потым былі тым ці іншым чынам выкарыстаны дызайнерамі, што раз’ехаліся з Харкава ў розныя куткі свету.

Для некаторых дызайн станавіўся сінонімам мастацтва дзеля мастацтва. А вось Кіма Лыціна ад самага пачатку цікавілі праекты прыземленыя, але здатныя прынесці практычную карысць. Скажам, тэмай яго дыпломнай работы на аддзяленні прамысловага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута быў “Апарат штучнага кровазвароту”. А дакладней, зразумела, яго дызайнерскае рашэнне.

Яшчэ да атрымання дыплома Кім пачаў працаваць у Беларускім філіяле УНДІТЭ. Сярод яго першых распрацовак быў камплект посуду з нержавеючай сталі для прадпрыемстваў грамадскага харчавання — тых самых небезвядомых савецкіх сталовак. Работу маладога дызайнера ўкаранілі ў вытворчасць. Такі самы поспех спазнаў і створаны ім прамысловы швейны паўаўтамат.

Пасля заканчэння інстытута Кім працягваў актыўна працаваць у галіне дызайну. Атрымаў болей за 20 аўтарскіх пасведчанняў на прамысловы ўзор і з дзясятак патэнтаў. На спецыяльных выставах работы Кіма былі адзначаны граматамі і медалямі. Працягваў Лыцін і сваю тэму дыпломнай работы па распрацоўцы меды-
цынскага абсталявання — у сааўтарстве з іншымі супрацоўнікамі УНДІТЭ былі створаны дызайн-праекты апарата дапаможнага кровазвароту, медыцынскага ўніфікаванага блока-пульта, электроннага прыстасавання для вымярэння артэрыяльнага ціску, электроннага прыстасавання для збору анамнезу… Агулам — два дзясяткі розных распрацовак. Цэлая дызайн-праграма па стварэнні медыцынскага абсталявання!

/i/content/pi/cult/723/15767/22.JPGДырэктар Беларускага філіяла УНДІТЭ Барыс Усаў тады пісаў з гэтай нагоды ў часопісе “Техническая эстетика”: “Галоўнае ў тым, что распрацоўка і рэалізацыя дызайн-праграм зробіць клопат аб павышэнні мастацка-канструктарскага ўзроўню тэхнікі адным з галоўных элементаў тэхнічнай палітыкі галіны, які не залежыць ад волі асобных кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў”. Усе медыцынскія прыборы, распрацаваныя Лыціным з яго калегамі, характарызаваліся рацыянальнасцю і функцыянальнасцю формы ў спалучэнні з яе гарманічнасцю.

У багажы набыткаў Кіма былі і іншыя складаныя тэхнічныя аб’екты: тэрмарэгулюючае ўстройства, аўтаматызаваная лінія для цеплавой апрацоўкі мінералаватных матэрыялаў. Працаваў Лыцін і над сродкамі транспарту спецыяльнага прызначэння. Так ім былі спраектаваны: машына для зімовага ўтрымання гарадскіх тэрыторый на базе трактарнага шасі “Беларусь ШУ-356” і спецыяльны аўтамабіль для збору смецця. Былі зроблены і асобныя канструктыўныя элементы для аўтамабіляў: рулявое кола, сядзенне транспартнага сродку. Сярод распрацовак Кіма Лыціна ёсць і буйныя аб’екты — скажам, навес для пасажыраў гарадскога транспарту, — і зусім невялікія рэчы хатняга ўжытку, як, напрыклад, электрафен з насадкамі.

У Беларускім філіяле УНДІТЭ Кім Лыцін прапрацаваў, можна сказаць, усё жыццё. Ён застаўся там і тады, калі ў 1990-я ўстанова была ператворана ў Беларускі інстытут дызайну, і тады, калі інстытут быў рэарганізаваны ў Нацыянальны дызайн-цэнтр, і тады, калі апошні страціў самастойнасць і стаў аддзелам НВА “Цэнтр”.

Сёння Кім з’яўляецца “апошнім з магікан” — адзіным супрацоўнікам легендарнага УНДІТЭ, які працуе ў пераемніку гэтай арганізацыі да цяперашняга часу. І працуе актыўна — нягледзячы на тое, што праз некалькі год ён пераступіць парог дзявятага дзясятка.

Але часта ў яго памяці ўзнікаюць вобразы мінулага, калі існаваў УНДІТЭ — вялікая навукова-даследчая і праектная арганізація беларускіх дызайнераў, аналагаў якой, на вялікі жаль, сёння няма.

Якаў ЛЕНСУ, Анатоль ЦЕХАНОВІЧ, члены Беларускага саюза дызайнераў