Яблыкі ўрадзілі, а вось Купалле…

№ 50 (1385) 15.12.2018 - 22.12.2018 г

Так ужо склалася, што гэтым разам праз неспадзяваныя абставіны (хай яны застануцца для вас перадсвяточнай загадкай) мой звыклы план змяніўся. І гэты матэрыял — не аповед пра культурнае жыццё асобна ўзятага паселішча, а гэткі празаічны мікс пра тое, як ідуць справы адразу ў двух аграгарадках у ваколіцах Гродна. Ды і каментарыя — суб’ектыўнага погляду знутры на культуру свайго паселішча — у артыкуле няма: у працэсе яго напісання інфарматар “К” раптам папрасіў мяне не спасылацца на яго меркаванне па вышэйадзначанай тэме. Што ж, не — дык не!

/i/content/pi/cult/723/15764/15.jpgКвасоўка ў разрэзе

“Чым знакаміты аграгарадок Квасоўка?” — спытаеце вы мяне, і я вам адкажу: ды хоць бы тым, што ён з’яўляецца адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў яблыкаў на айчынны рынак. І другі факт, міма якога прайсці немагчыма: у гэтым населеным пункце вельмі трапяткое стаўленне да ўсяго таго, што звязана з беларускай мовай — пачынаючы ад яе выкладання ў школе ды вядзення там на ёй дакументацыі і заканчваючы ўжываннем у побыце.

— Усё так і ёсць, — пагаджаецца загадчыца сельскай бібліятэкі Наталля Канецкая. — А яблыкі настолькі ўвайшлі ў наша жыццё, што пару гадоў таму ў аграгарадку сталі праводзіць свята “Сок + я = Свежедар”. Ну і не зманю, калі скажу, што літаратура па-беларуску карыстаецца ў чытачоў “маёй” установы вялікім попытам.

Да таго, як заняць сваю цяперашнюю пасаду, спадарыня Канецкая працавала на птушкафабрыцы аператарам. Так выйшла, што жаданне Наталлі Іванаўны паспрабаваць рэалізаваць сябе яшчэ і ў культурнай галіне супала з наяўнай вакансіяй у храме кнігі Квасоўкі.

— Вядома, ніхто мяне адразу б на гэтую пасаду не ўзяў, — кажа загадчыца. — Я прайшла сумоўе, мне дапамагала бібліятэкар з суседняй вёскі, быў выпрабавальны тэрмін. І вось ужо два з паловай гады я ўзначальваю нашу бібліятэку.

/i/content/pi/cult/723/15764/16.JPGУ 2018-м асаблівы ўхіл у яе працы быў зроблены на ўсё тое, што звязана з малой радзімай. Прайшлі мерапрыемствы, якія распавядалі пра гісторыю тутэйшай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, знакамітага калгаса “Кастрычнік-Гродна” (цяпер вытворчы кааператыў імя Віталя Крамко), ды і наогул Квасоўкі.

Сярод фарміраванняў, якія дзейнічаюць пры бібліятэцы, спадарыня Канецкая вылучае гурток “Ля самавара”, што збірае сваіх заўсёднікаў і гасцей раз у квартал. Людзі за кубкам гарбаты з пірожнымі дзеляцца навінамі з уласнага жыцця, просяць парады ў знаёмых і, вядома, абмяркоўваюць прачытанае — будзь гэта сенсацыйны артыкул у часопісе або свежы бестсэлер.

— Навінкамі бібліятэка папаўняецца спраўна, — запэўнівае мяне Наталля Іванаўна. — Бывае, што трэба пачакаць, але ў рэшце рэшт “хіты продажаў” да нас даходзяць. А гурток гэты — своеасаблівая Квасоўка ў разрэзе. З усімі яго болькамі і радасцямі, са штодзённай працай і сямейным побытам, і з культурай, вядома. Дарэчы, многія акцыі бібліятэка праводзіць сумесна з нашым Цэнтрам развіцця культуры і народнай творчасці.

Такая розная моладзь

Чым знакаміты Абухаўскі цэнтр развіцця культуры? Пытанне рытарычнае — менавіта гэтая ўстанова з’яўляецца “базай” для заслужанага ансамбля танца “Лялечкі”, які вядомы далёка па-за межамі Гродзеншчыны. Пра гэтую “яркую фарбу” ў палітры дзіцячай творчасці “К” ужо не раз пісала і яшчэ напіша. А сёння ж, паводле нашай завядзёнкі, мы занурымся ў будні тамтэйшай культуры.

— Чым яшчэ мы вядомыя? — перапытвае мяне загадчыца цэнтра Вольга Янучэня. — У тым ліку, і сялянскай хатай — магчыма, адной з лепшых у краіне — па сваім напаўненні і афармленні.

— Мне часам здаецца, што многія з такіх краязнаўчых куткоў — на “адзiн твар”, — спрабую я распачаць спрэчку.

— Часткова пагаджуся з вамі. Але яны вельмі патрэбныя — тым жа 20-ці, а то і 30-гадовым, якія ўжо і не ведаюць пра тое, як іх дзядулі жылі. А гэта ж наша гісторыя, карані… Чалавек, які іх пазбаўлены, і да краіны сваёй не будзе ставіцца з належнымі любоўю і павагай, і дзецям сваім не зможа перадаць гэтыя пачуцці. Што, вядома ж, адаб’ецца на тым, як дзяржава будзе развівацца, на якіх каштоўнасцях працягваць будавацца.

/i/content/pi/cult/723/15764/17.JPGКаштоўнасці Цэнтра — гэта яшчэ і народны тэатр ды дзіцячая студыя сцэнічнага слова, некалькі фарміраванняў, звязаных з вакальным і харэаграфічным мастацтвамі: народныя ансамбль песні “Рукавічкі” і эстрадная студыя “Ісціна”, дзіцячыя калектыў эстраднай песні “Фіеста” і вакальна-харавы гурток “Вясёлка”.

І нездарма некаторыя з іх носяць званне “народны”, бо сваёй творчасцю прапагандуюць тыя самыя каштоўнасці, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Зрэшты, на гэтым грунтуецца дзейнасць і іншых фармаванняў — такіх, як, скажам, дзіцячы клуб аматараў гульні “Забава”, або аматарскае аб’яднанне “Залаты ўзрост”.

Па словах загадчыцы, яшчэ некалькі гадоў таму культура Абухава працавала як бы сама на сябе, арганізуючы вольны час толькі для ўласных жыхароў. Аднак цяпер мерапрыемстваў стала тут больш, прычым некаторыя з іх маюць раённы ўзровень. Ды і самі калектывы Цэнтра рэгулярна выязджаюць з выступамі за межы аграгарадка (нярэдка і за межы краіны), прымаюць удзел у разнастайных акцыях, якія праходзяць у Беларусі.

Аднак, не зважаючы на такую актыўнасць, спадарыня Янучэня прызнае, што абухаўская моладзь ідзе на кантакт з “яе” ўстановай не надта ахвотна. Асноўны актыў тут — людзі сярэдняга і вышэй за сярэдні веку, а таксама дзятва. Зацікаўленыя юнакі і дзяўчаты таксама ёсць, але не надта іх шмат.

Пацвярджэннем адноснай культурнай пасіўнасці абухоўцаў (напэўна, не толькі моладзі) служыць і тое, што зала на пяцьсот з гакам месцаў на шараговых імпрэзах запаўняецца, мякка скажам, не бітма. Альбо такі прыклад. Некалі Купалле адзначалася ў Абухава сапраўды “ад душы” і з размахам. Цяпер жа гэтае свята і наогул не праводзіцца!

Зрэшты, не карыстаюцца вялікім попытам і звычайныя дыскатэкі. Не хавае Вольга Касьянаўна і тое, што ёсць у яе ўстановы праблемы з мерапрыемствамі для людзей пажылых: іх таксама цяжка сабраць пад дахам Цэнтра, бо, як яны кажуць, здароўе ўжо не тое.

— Тым не менш, свой глядач у нас ёсць, ёсць пастаянная публіка рознага ўзросту, і мы як творчая адзінка дастаткова трывала стаім на нагах, — перакананая Вольга Янучэня. — Цяпер бы матэрыяльна-тэхнічную базу нам умацаваць. Вы ж самі бачылі, што з вуліцы выглядаем мы шыкоўна, холы ажно блішчаць, але для залы трэба больш сучаснае асвятленне. На 30-гадовы юбілей Цэнтра, які мы адсвяткавалі сёлета, наш знакаміты СВК імя Іллі Сянько падарыў нам мікшарны пульт, аддзел культуры Гродзенскага райвыканкама дапамог з набыццём мікрафонаў. Засталося зараз яшчэ калонкі набыць, бо яны ў нас патрабуюць абнаўлення. Баян хацелася б новы, акардэон. Мэблю б сям-там памяняць…

А яшчэ адна мара загадчыцы заключаецца ў тым, каб усё ж аднавіць Купалле. Бо хіба можа жыць вёска без такога цудоўнага свята?

— Ажно карціць мне як найхутчэй уключыцца ў гэтую працу, — з запалам кажа мая суразмоўца. — І ў мяне, і ў нашых маладых спецыялістаў, на якіх я, шчыра скажу, проста і не нарадуюся — ініцыятыўных, дзёрзкіх, поўных ідэй.

Развітваючыся са спадарыняй Янучэня, я пацікавіўся ў яе, ці не шкадуе яна пра тое, што была гэтак шчырая са мной, распавёўшы не толькі пра поспехі Цэнтра. Пры гэтым растлумачыў прычыну ўзнікнення такога свайго пытання: не так даўно ў адным з аддзелаў культуры аднаго з выканкамаў краіны яго супрацоўнік папярэдзіў мяне аб тым, каб я не занадта прыслухоўваўся да крытыкі і самакрытыкі (калі яны будуць) аднаго з кіраўнікоў установы культуры, якая знаходзіцца ў канкрэтнай сельскай мясцовасці. Маўляў, залішне гаваркі гэты кадр, любіць ён выносіць “смецце з хаты” ды перагібае з нараканнямі на цяжкасці ў сваёй працы. Аднак карэспандэнту “К”, які прыбыў у той населены пункт, ужо па вонкавым выглядзе ўстановы стала зразумела, што не казаць пра гэта трэба, а крычаць.

Дык вось, Вольга Касьянаўна таксама з тых, хто лічыць, што праблемы самі сабой не знікнуць, што не варта чакаць гады для іх вырашэння. Дзейнічаць, працаваць, калі трэба, сцяўшы зубы, сабраць усе сілы і пераадольваць перашкоды — такі яе жыццёвы прынцып. І канструктыўныя зносіны са СМІ ў тым будуць толькі ў дапамогу, мяркуе яна.

Я з такой пазіцыяй пагаджуся ахвотна.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"