Яснасць “вечных” тэмаў

№ 50 (1385) 15.12.2018 - 22.12.2018 г

Выстава Андрэя Басалыгі і Вольгі Нікішынай “Разам”, якая не так даўно адкрылася ў Полацкай мастацкай галерэі, налічвае больш за 70 графічных лістоў, выкананых у тэхніках афорта і літаграфіі.

/i/content/pi/cult/723/15762/t.jpegРаскрываючы задуманую тэму, аўтары не абмежаваліся графічнымі аркушамі, далучыўшы да іх відэаінсталяцыю, якая распавядае пра этапы нараджэння твору: эскізныя задумы, тэхналагічная распрацоўка ідэі, пошук варыянтаў каляровага рашэння.

Тандэм мастакоў уяўляе з сябе тыя творчыя шалі, што несупынна знаходзяць раўнавагу. Вельмі добра наладжаны механізмы тонкага і працаёмкага працэсу, у якім нараджаюцца новыя формы, а разам з імі і новыя сэнсы. Андрэй жартаўліва тлумачыць гэты працэс так: “Я друкую, яна творыць. Я ствараю, яна сварыцца”. Але менавіта прастата і давер спрыяюць творчай разняволенасці ды абсалютнай шчырасці і з сабою, і гледачом.

У сваім мастацтве гэтыя аўтары шукаюць сябе, прыслухоўваючыся да ўласных эмоцый і да агульнага сумеснага настрою. Ім ужо на працягу многіх гадоў удаецца перадаваць прыродную дваістасць чалавека, палярнасць формы і зместу. Пад эгідай гармоніі двух пачаткаў — мужчынскага і жаночага — праходзіць кожны іх сумесны праект, у якім мастакам важна не проста адлюстраваць канкрэтны сюжэт, але і падабраць найбольш дакладную мову для яго адлюстравання.

Пераход ад лініі да аб’ёму і назад — гэта адзін з магчымых спосабаў, якія ўжываюцца мастакамі, каб раскрыць тэму злучэння духоўнага і матэрыяльнага. Так, у літаграфічнай гравюры “Падзенне” з серыі “Пантэон” Андрэй Басалыга па-майстэрску перадае напружанне праз танальныя пераходы і контурны хаос. На думку мастака, каб раскрыць сутнасць матэрыі, неабходна разумець яе на духоўным, больш высокім узроўні. Поўнае разуменне свету прыходзіць праз сінтэз супрацьлегласцяў.

Работы Вольгі Нікішынай вельмі эмацыйныя і выразныя. У іх шмат прасторы, а вобразы прымаюць іерагліфічную пластычнасць з экспрэсіўнай дзёрзкасцю. Яна гаворыць на мове лініі. Трансфармуючы вобразы, выпрацавоўвае свой вядомы стыль. Спарадзіць такі магутны эмацыйны эфект можа не кожны графік.

Выстава адказвае на пытанні сучаснасці. Але пры гэтым стварыць зборны вобраз для выражэння фундаментальнай значнасці ўсіх аспектаў чалавечага быцця мастакам дапамагае зварот да фактурных твораў антычнасці.

Часцяком унутраны цэнзар становіцца перашкодай для многіх творцаў на шляху да самавыяўлення. Аднак у Вольгі Нікішынай і Андрэя Басалыгі кожная праца напоўнена яснасцю “вечных” тэмаў.

Мікіта Мельнікаў

Фота Кірыла СМАЛЯКОВА