Фестываль як навуковы феномен

№ 50 (1385) 15.12.2018 - 22.12.2018 г

На юбілейным ХХХ Міжнародным музычным фестывалі імя Івана Салярцінскага ў Віцебску быў прэзентаваны зборнік, прысвечаны гісторыі гэтага форуму і самога горада.

/i/content/pi/cult/723/15761/opt.jpegКніга так і называецца: “Міжнародны музычны фестываль імя Івана Салярцінскага, 2008 — 2018: зборнік артыкулаў, даследаванняў, матэрыялаў навуковых чытанняў”. Выданне адрасавана не толькі спецыялістам, але і самай шырокай аўдыторыі, якая цікавіцца музычнай культурай Беларусі і Віцебска розных эпох. Тут шмат сучасных і архіўных фотаздымкаў, багаты дадатак, дзе сабраны афішы, праграмы, дадзены пералік фестывальных праектаў, сведчанні пра аўтараў. Складальнікамі выступілі Алена Падаляк — дырэктар Віцебскай абласной філармоніі, на базе якой ладзіцца фестываль, і Нэлі Мацаберыдзэ (на здымку) — былы мастацкі кіраўнік гэтай установы, куратар навуковых чытанняў фестывалю, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, загадчык навукова-даследчым аддзелам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

— Гэтая кніга, — распавядае Нэлі Вячаславаўна, — з’яўляецца лагічным працягам гісторыі фестывалю, які вядзе свой адлік з 1989 года. Доўгі час неацэнныя матэрыялы, многія з якіх збіраліся непасрэдна да фестывалю і агучваліся на яго навуковых чытаннях, заставаліся неапублікаванымі. Толькі маленькая іх частка трапляла ў буклеты, што друкаваліся да кожнага такога форуму. Але ў 2011-м узнікла ідэя сабраць тыя даклады і выдаць іх асобнай кнігай. Ідэя сябе апраўдала — тым больш, што да таго часу ў саміх навуковых чытаннях сфарміраваліся пэўныя кірункі. Гэта даследаванні, звязаныя з развіццём самога фестывалю. Усё — новыя матэрыялы, прысвечаныя жыццю і творчасці знакамітага мастацтвазнаўцы і дзеяча культуры Івана Салярцінскага. Вывучэнне феномена віцебскага мастацкага рэнесансу — у тым ліку, на аснове знойдзеных архіўных дакументаў. Нарэшце, разнастайныя даследаванні сучаснай музычнай культуры: як кампазітарскай школы, так і выканальніцтва. Азначаныя чатыры галіны былі адлюстраваны ўжо ў тым першым зборніку. Але прайшоў час, назбіраліся новыя матэрыялы, наспела неабходнасць іх далейшай сістэматызацыі і больш актыўнага ўключэння ў навуковую і культурную прастору. Таму цяперашні зборнік — гэта адлюстраванне апошняга фестывальнага дзесяцігоддзя, калі навуковы складнік форуму стаў яшчэ больш яркім і заўважным.

Дадам, што навуковыя чытанні ладзіліся не штогод. Яны пачаліся ў 1991-м, потым быў некаторы перапынак. Таму фестываль — 30-ы, а чытанні — 20-я. Падвойны юбілей! Чаму б не скарыстаць такую магчымасць для падвядзення чарговых вынікаў?

Зборнік атрымаўся даволі аб’ёмным, больш за 260 старонак. У ім захавалася раней акрэсленая структура з яе чатырма раздзеламі: “Фестываль: вопыт абагульнення”, “Іван Іванавіч Салярцінскі ў каардынатах часу”, “Віцебск: падзеі і лёсы”, “Гісторыя і сучаснасць у музыказнаўстве”. Але ж у адрозненне ад першай кнігі, тут зроблена спроба не толькі канстатацыі фактаў, але і грунтоўнага аналізу дасягненняў, тэндэнцый і магчымасцяў далейшага развіцця фестывалю. Вядома, сюды ўвайшлі і ўсе праграмы канцэртных выступленняў, навуковых чытанняў, выставачных праектаў. Але галоўным застаўся вопыт абагульнення і ўласна фестывальнага руху, і тэматыкі, перспектыў навуковых даследаванняў. Дарэчы, адна з высноў, да якіх мы прыходзім, — гэта неабходнасць прыцягнення да ўдзелу ў фестывалі творчай моладзі: даследчыкаў, кампазітараў, выканаўцаў. Вялікую ўвагу надаем тым, хто пасля замежнага навучання ці выканальніцкай практыкі вяртаецца на радзіму, узбагачаны новым вопытам і набытымі ведамі.

З’яўляюцца на фестывалі і новыя формы выставачнай дзейнасці. Так, ужо трэці год запар праводзяцца выставы плакатаў студэнтаў-дызайнераў, дзе асноўнай тэмай з’яўляецца візуалізацыя музыкі. Гэта надзвычай актуальна! Бо справа не толькі ў сінтэзе мастацтваў, але і ў пошуку новых, прывабных для моладзі ідэй папулярызацыі розных музычных кірункаў. Такім чынам і самі студэнты пачынаюць больш цікавіцца фестывальнымі падзеямі, асобай Івана Салярцінскага. Так форум становіцца своеасаблівым цэнтрам прыцягнення, дзе збіраецца маладая творчая інтэлігенцыя горада, выхаваная фестывалем і ўсім, што на ім адбываецца.

Сярод найбольш цікавых матэрыялаў, што ўвайшлі ў зборнік, артыкул Яўгена Герашчанкі “Музычнае жыццё Віцебска ХVIII — ХХ стагоддзяў”. Тут важна не толькі тэма, але і сама фігура даследчыка, які ўжо пайшоў з жыцця, але, па сутнасці, працягнуў справу Салярцінскага. Музыказнаўца, выпускнік нашай кансерваторыі, ён рабіў на Віцебскім абласным тэлебачанні шэраг праграм, прысвечаных фестывалю і яго ўдзельнікам. А Вольга Жукава — яшчэ адна з нашых дакладчыц і, адпаведна, аўтараў зборніка — нядаўна абараніла дысертацыю, прысвечаную фестывальнай дынаміцы. Калі фестываль не толькі шырока адлюстроўваецца ў СМІ, але і атрымлівае глыбокі аналіз, вывучаецца, даследуецца, — гэта спрыяе далейшаму развіццю ўсяго фестывальнага руху ў нашай краіне.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"