Сучасны дынамізм неўміручай гісторыі

№ 50 (1385) 15.12.2018 - 22.12.2018 г

5 снежня на сцэне Вялікага тэатра адбылася прэм’ера новай рэдакцыі балета Сяргея Пракоф’ева “Рамэа і Джульета” ў пастаноўцы народнага артыста СССР Валянціна Елізар’ева. Гэта першая работа славутага харэографа на пасадзе мастацкага кіраўніка тэатра.

/i/content/pi/cult/723/15760/12.jpg“Самая сумная аповесць на свеце” — гэта яшчэ і самы танцагенічны сюжэт у сусветным балетным тэатры. У розныя часы да яго спрычыніліся Леанід Лаўроўскі (аўтар першай паўнаметражнай версіі пракоф’еўскай партытуры), Алег Вінаградаў, Юрый Грыгаровіч, Кенэт Макмілан, Рудольф Нурэеў, Анжален Прэльжакаж, Раду Паклітару. Разам з тым, нягледзячы на мноства адметных пастаноўчых інтэрпрэтацый, Валянціну Елізар’еву ўдалося стварыць уласную непаўторную версію неўміручай гісторыі.

Чым, акрамя адноўленай сцэнаграфіі і касцюмаў (мастак Эрнст Гейдэбрэхт), адметная новая рэдакцыя ў параўнанні з пастаноўкай 1988 года? Варта адразу адзначыць, што істотныя змены балет не закранулі.

— Кардынальнага перагляду пастаноўкі няма і не можа быць, — распавядае харэограф. — Я не жадаў разбураць спектакль, а хацеў акуратна яго дапрацаваць.

Асобныя новаўвядзенні характэрныя для лексічнага вырашэння некаторых сцэн: напрыклад, ускладніліся падтрымкі ў дуэце Рамэа і Джульеты ля балкона. Яшчэ большую драматургічную значнасць набыў персаніфікаваны вобраз Варожасці, што адчувальна ўзмацніла канфлікт і зрабіла ярчэйшымі кантрастныя фарбы ў супрацьстаянні кахання і смерці — дзвюх асноўных харэаграфічных лейттэм балета. Іх узаемадзеянне надае сцэнічным падзеям філасофска-экзістэнцыяльную глыбіню: у змаганні са смерцю героі бяссільныя, а чалавечае жыццё паўстае крохкім і эфемерным.

Спектакль у чарговы раз прадэманстраваў здольнасць харэаграфіі Елізар’ева суіснаваць у некалькіх часовых вымярэннях, перакідваць масты паміж даўніной і сённяшнім днём, актуалізаваць падзеі мінулага. Балет сучасны па сваім дынамізме змены падзей, сімвалізацыі сцэнічнага дзеяння, пазачасовай трактоўцы вобразаў Рамэа і Джульеты, якія паказваюцца не апантанымі героямі эпохі Адраджэння, а летуценнымі, ідэальнымі каханкамі.

Спектакль уражвае дзівоснай музыкальнасцю, якая заўсёды была ўласцівай балетмайстарскаму мысленню Елізар’ева. Музыка — у аснове вырашэння ўсіх вобразаў і сцэн, што праяўляецца ў скразным развіцці харэаграфічнага дзеяння з вылучэннем яркіх лейтматыўных характарыстык, актуалізацыі агульначалавечых матываў у супрацьвагу гісторыка-побытавай канкрэтнасці, у метафарычнасці вобразных прыёмаў. Спектакль паўстае сапраўднай музычна-харэаграфічна-сцэнаграфічнай сімфоніяй, у якой усе складнікі мастацкага сінтэзу ўтвараюць дзівоснае сугучча.

/i/content/pi/cult/723/15760/13.jpgДырыжорам-пастаноўшчыкам выступіў Вячаслаў Чарнуха-Воліч. Аркестр вылучаўся збалансаванасцю гучання — не губляючы пры гэтым ні эпічнай велічнасці, ні адмысловай пракоф’еўскай празрыстасці тэмбравых фарбаў.

На якасна новым узроўні працуюць у спектаклі артысты. Мне давялося пабачыць першы выканальніцкі склад. Пераканаўчыя акцёрскія фарбы знаходзіць для Джульеты Ірына Яромкіна. Гераіня ў яе выкананні паўстае па-дзявочы пяшчотнай у першых сцэнах — і валявой, рашучай у працэсе далейшага разгортвання вобраза. Летуценнасць, паэтычнасць, элегічная задуменнасць вылучае Рамэа — Ігара Аношку. Неверагодна абаяльным, сонечным атрымаўся Меркуцыа ў выкананні Канстанціна Героніка. Танец артыста скарае палётнасцю, свабодай, жартаўлівасцю, жыццярадастнай энергіяй. Ён — сапраўдны ўлюбёнец натоўпу. Псіхалагічна складаны характар, а не стэрэатыпны вобраз ліхадзея стварае Юрый Кавалёў у партыі Тыбальда. У асобных эпізодах артыст падаецца залішне стрыманым, але гэта — усяго толькі прэм’ера. Не сумняваюся, што ў далейшым партыі будуць дапрацоўвацца і ўдасканальвацца. Моцна ўражваюць масавыя сцэны. Такой эмацыянальнай самааддачы ў танцы не толькі вядучых артыстаў, але і кардэбалету я не бачыла ў нашым тэатры даўно.

У сувязі з прэм’ерай думалася пра тое, якія перамены чакаюць тэатр з вяртаннем Елізар’ева. Хочацца спадзявацца, што час нявызначанай рэпертуарнай палітыкі і сумніўных па сваіх мастацкіх якасцях балетных пастановак скончаны.

Святлана УЛАНОЎСКАЯ

Фота Паўла БАСА