А малая радзіма чакае…

№ 50 (1385) 15.12.2018 - 22.12.2018 г

Аб’яўленне 2018-га Годам малой радзімы, напэўна, стала для многіх з нас дадатковай заахвочвальнай матывацыяй хаця б на пару дзён ці гадзін заскочыць у тыя месцы, дзе мы з’явіліся на свет, бегалі ў дзяцінстве па вясковых пыльных дарогах, а ў юнацтве заляцаліся да свайго першага і адзінага, як тады здавалася, кахання.

/i/content/pi/cult/723/15756/pt.jpegМяркую, вы яшчэ не забыліся на рубрыку “Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком”, якую я вяду ў нашай газеце. Яна па-ранейшаму існуе, і як толькі прамінуць асноўныя зімовыя святы, спадзяюся, мы зноў закалясiм па краіне з медыйнымі персонамі, ладзячы іх настальгічныя візіты туды, адкуль растуць карані біяграфій.

І такія мясціны, якія з часам сталі далёкімі, многія дзеячы культуры цягам гэтага году наведалі. Там іх чакалі некалі пасаджаныя імі кусцікі бярозак, што вымахалі ў вялікія дрэвы, і, вядома, людзі — сваякі і былыя суседзі. Прыезд вядомага чалавека — да таго ж, яшчэ і земляка, — станавіўся для жыхароў глыбінкі сапраўдным святам з бясконцым, па меншай меры, чаяваннем.

У адным са сваіх матэрыялаў я заклікаў нашых “зорак” у розных галінах культуры вось да чаго: калі ўжо выпаў на іх век Год малой радзімы, сяму-таму з іх можна было б асвяжыць уласную памяць і ўрэшце зазірнуць у тыя куткі, дзе ім было дадзена жыццё і ў якіх яны ўжо даўным-даўно не бывалі. Бо адна справа — гэта рваць па тэлевізары або ў інтэрв’ю на грудзях кашулю, заяўляючы пра сваю вялікую і чыстую любоў да роднага рыпучага парога, а зусім іншая — зноў на яго ступіць, пакланіцца магілкам продкаў. А то і праспяваць ці станцаваць для суайчыннікаў, падарыць ім свае новыя кнігі або карціны.

Шчыра скажу, спецыяльна апрануў той заклік у даволі пафасную форму, бо некаторыя знакамітасці толькі такую мову і разумеюць, асабліва калі спрабуеш да іх дагрукацца з нейкімі прапановамі некамерцыйнымі. І зараз — увага. Я чалавек, да нуднасцi скрупулёзны, і спіс тых “вiпаў”, якіх я запрашаў у экспрэс-туры, і падарожжа з якімі не адбылося, у мяне заўсёды пад рукой, у працоўным стале. Дык вось: лічацца ў тым “грасбуху” каля дваццаці адмоўнікаў!

Прычыны, як водзіцца, былі паважнымі. Адзін знаходзіўся ў бясконцым канцэртным туры. У другога ішла актыўная падрыхтоўка да карпаратыву на Далёкім Усходзе. Трэці хварэў, потым папраўляўся, а потым зноў занядужваў. Чацвёртая абяцала ператэлефанаваць, як толькі… Пяты бажыўся, што на наступным тыдні і вырушым. І гэтак далей. І не бралі іх мае ўгаворванні: маўляў, Год жа малой радзімы на двары! Давайце наведаем ваш гарадок або вашу вёсачку літаральна на пару гадзінак!

Усё разумею. Спраў у кожнага не бракуе. Камусьці, можа, проста не надта хацелася вяртацца ў мінулае ў кампаніі з прадстаўніком СМІ. А тры музыканты — вельмі вядомыя — наадрэз адмовіліся туды вяртацца наогул, нават у рамках такога праекту, як у мяне — настолькі непрамінальны шлейф негатыву тое мінулае пакінула ў іх памяці.

У рэшце рэшт, у паўторных размовах з тымі ж суразмоўцамі я ім прапаноўваў: “А вы без мяне паедзьце тады, добра? Бо справа ж, разумееце, святая”. “Добра”, — адказвалі мне. І, наколькі я ведаю, ніхто іх потым у родных мясцінах не бачыў.

Паўтаруся: былі і тыя знакамітасці, хто без угавораў і нават напамінак нашага выдання наведваў свае малыя радзімы. Веру: іх куды больш за дваццаць. Радуе і тое, што кагосьці на такія ваяжы натхніў менавіта наш праект.

Наступныя два гады таксама пройдуць пад знакам малой радзімы. Можа, гэта ўсё ж стане падставай для вечна занятых селебрыцi звярнуцца да іх уласных вытокаў, якімі б яны для іх ні былі — шчаслівымі або хмарнымі? У адзіночку, без апекі з боку журналіста “К” — альбо ў садружнасці з ім? Вярнуцца туды, дзе — я дакладна гэта ведаю — іх даўно чакаюць.