Дыскутаваць трэба на беразе

№ 50 (1385) 15.12.2018 - 22.12.2018 г

Сёлета добрых навінаў у плане рэстаўрацыі помнікаў спадчыны, канешне, магло б быць і болей — балазе, не выпадае сумнявацца, што грамадства іх даўно і нецярпліва чакае. Але, як падаецца, працэс усё ж пайшоў. Сведчаннем таму — хаця б пачатак актыўных работ на замках у Гродне, Крэве, Гальшанах. Зрэшты, раптам выявілася і яшчэ адна акалічнасць. Нават вырашэнне пакутлівай праблемы фінансавання яшчэ не гарантуе ўсеагульную радасць з нагоды доўгачаканай рэстаўрацыі. Вось і вакол рэканструкцыі таго ж Старога замка па-ранейшаму віравалі жарсці.

/i/content/pi/cult/723/15755/opt.jpegСюжэт гэты варты пяра драматурга. Праект рэканструкцыі замка быў створаны даўно і доўгі час ляжаў пад сукном. Ніхто яго за тыя дзесяцігоддзі асабліва не абмяркоўваў. Дыскусіі пачаліся ўжо ў той момант, калі грашовы струменьчык урэшце зацурчэў, а мноства патрэбных для гэтага афіцыйных папер былі падпісаныя. Таму атрымалася, што два працэсы ішлі паралельна. Навукоўцы ўтрапёна спрачаліся, колькі паверхаў і вокнаў мелі знішчаныя яшчэ за дзедам шведам камяніцы. А будаўнікі акурат у гэты час выконвалі свае канкрэтныя задачы — ясная справа, навукоўцаў не слухаючы. Як вынік, шмат адмоўных эмоцый — і ніякага толку.

Няма сумневу ў тым, што галоўны ініцыятар гэтай дыскусіі, супрацоўнік інстытута гісторыі НАН Беларусі Мікола Волкаў — выбітны спецыяліст у галіне гісторыі фартыфікацыі. Грэх сумнявацца і ў тым, што да яго аргументаў варта было прыслухацца. Але, пэўна, ужо не на той стадыі, калі за працу ўзяліся будаўнікі.

У дужках адзначым: тут варта ўлічыць і яшчэ адзін аспект. Меркаванне вузкапрофільных спецыялістаў у дадзеным выпадку не можа быць ісцінай у апошняй інстанцыі. Бо апрача архіўных звестак, пры рэстаўрацыі трэба браць пад увагу процьму самых розных фактараў, у якіх гісторыкі мала цямяць — скажам, нагрузку электрасетак і пажарную бяспеку. Усе яны дыктуюцца новым характарам прыстасавання помніка — пагатоў, ніводзін замак у нас не аднаўляецца менавіта як замак. Звычайна гэта музеі, прызначаныя не для абароны ад ворага, а для масавага наведвання. Таму адэкватным вынікам тут можа быць хіба пошук нейкіх больш-менш аптымальных кампрамісаў.

Яшчэ адна праблема — транспарэнтнасць таго, што робіцца за будаўнічым парканам. Архітэктары-рэстаўратары — людзі зазвычай даволі замкнёныя, і на стасункі з прэсай ідуць неахвотна, не кажучы ўжо пра тое, каб самім іх ініцыяваць. Таму інфармацыйныя павевы тут часцяком спараджае нехта іншы — скажам, грамадскі актывіст або проста блогер, які ніколі не супраць накінуць на вентылятар.

Варта адзначыць, што ў выпадку з тым жа гродзенскім замкам спробы наладзіць дыялог з грамадскасцю рабіліся — іх каталізатарам стала абласное ўпраўленне культуры. Але, ізноў жа, адбывалася гэта ўжо ў той час, калі будаўнікі шчыравалі ва ўсю. І таму найбольш сэнсоўнай тут падаецца прапанова шэрагу спецыялістаў: не надта ўмешвацца ў ход першай чаргі рэканструкцыі, але адразу пачаць абмяркоўваць наступныя.

Зрэшты, гэты драматычны сюжэт можа быць добрым урокам на будучыню. Неўзабаве вось мае распачацца новы рэстаўрацыйны праект — аднаўленне сядзібы Рэйтанаў у Грушаўцы, пра якую мы шмат пісалі. Яго адметнасць найперш у тым, што гэта першая ў Беларусі ініцыятыва такога маштабу, якая фінансуецца збольшага не за бюджэтныя, а за грантаўскія сродкі.

І вельмі важна, каб яшчэ да пачатку вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі ўсе зацікаўленыя бакі (уключна, вядома, з грамадскасцю, ролю якой ва ўсіх датычных Грушаўкі падзеях і сапраўды цяжка пераацаніць) прыйшлі да пэўнага кансэнсусу. Сабраліся б, скажам, на “круглы стол” ды ўволю надыскутаваліся. Каб у выніку ўлічаны былі і аспекты метадалогіі, і нюансы, звязаныя з новай функцыяй котлішча Рэйтанаў, і розныя тэхнічныя дэталі.

У кожным разе, несумненна адно: дамаўляцца трэба на беразе. Яшчэ да таго, як на аб’ект прыходзяць будаўнікі.