Людміла Усеваладаўна вучылася ў тэатральна-мастацкім інстытуце на курсе народнага артыста Беларусі, прафесара, лаўрэата Дзяржаўных прэмій Канстанціна Саннікава. Пасля заканчэння вучобы адразу патрапіла ў трупу Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, дзе выходзіць на сцэну і да гэтай пары.
Актрысу неаднойчы запрашалі на здымачную пляцоўку кінематаграфісты. “Карнавал” Грыгор’ева, “Дрэвы на асфальце” Коласа, “Перакрыжаванне” Астрахана, “Дунечка” Яфрэмава — у кожнай з гэтых карцін можна пабачыць сённяшнюю юбіляршу. Роля ж настаўніцы Ганны Васільеўны ў карціне Кожына “Зімовы дуб” стала для Людмілы Былінскай сапраўды зорнай: у 1964 годзе яна прынесла актрысе Гран-пры на міжнародных кінафестывалях у Монтэ-Карла, Празе і Мюнхене.
У тэатры спадарыня Былінская стварыла таксама нямала запамінальных вобразаў, якія скаралі сучаснікаў. Ніна з “Маскарада” Міхаіла Лермантава, Ганна з “Бабінага царства” Юрыя Нагібіна, Ліна Разэ з “Фізікаў” Фрыдрыха Дзюранмата, Лізавета Якаўлеўна з “Эсфіры” Людмілы Уліцкай і многія іншыя ролі сталі для гледачоў і крытыкаў прыкладам высокага майстэрства, талента, прафесіяналізма і непераўзыдзенай элегантнасці.