Завеі. Снежань. Пецярбург

№ 50 (1385) 15.12.2018 - 22.12.2018 г

З 14 снежня галоўная сцэна Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы пяройдзе ў валоданне тэатраў Паўночнай Пальміры: мінчан запрашаюць на ХІІ Міжнародны фестываль “Пецярбургскі тэатральны сезон”.

/i/content/pi/cult/723/15752/3.JPGЛетась да 950-годдзя Мінска Купалаўскі тэатр падрыхтаваў сваім гледачам эфектны падарунак: у яго сценах прайшлі гастролі шматразовага намінанта і лаўрэата “Залатой Маскі” тэатра “Прыют камедыянта”. Сёлетні фестываль стаў лагічным працягам супрацоўніцтва. Фінансавую падтрымку для ажыццяўлення праекта ў абодвух выпадках аказалі Камітэт па культуры Санкт-Пецярбурга і Мінскі гарвыканкам.

Сам фестываль ужо мае сваю гісторыю. Ён быў заснаваны ў 2007 годзе, каб развіваць культурныя зносіны паміж горадам на Няве і іншымі сусветнымі тэатральнымі цэнтрамі. Форум пабываў у Берліне, Дрэздэне, Марсэлі, Белградзе, Тэль-Авіве, Хайфе, Тбілісі, Афінах.

У Мінск пецярбуржцы прывязуць спектаклі розных напрамкаў і жанраў. Фестываль адкрые тэатр “Руская антрэпрыза” імя Андрэя Міронава. Ён прадставіць “Мадам Бавары” — сцэнічную фантазію сусветна вядомага рэжысёра Андрэя Жолдака па матывах рамана Гюстава Флабэра. Затым стары знаёмца — “Прытулак камедыянта” — запросіць на трагікамедыю “Талстога няма” ў рэжысуры Дзяніса Хусніярава з народнай артысткай Расіі Вольгай Антонавай у галоўнай ролі.

У чаканні і прыхільнікі творчасці Руслана Кудашова. Кожны з яго спектакляў на сцэне Брэсцкага тэатра лялек станавіўся тэатральнай падзеяй, неаднаразова браў Гран-пры на міжнародных фестывалях, а “Фро” быў прызнаны найлепшым спектаклем тэатра лялек на мінулай Нацыянальнай тэатральнай прэміі. У рамках “Сезона” спадар Кудашоў пакажа лірычную клаўнаду “Неба ў чамадане, альбо Цуцыкі ўночы”, пастаўленую ім у Вялікім тэатры лялек.

Драматычны тэатр імя Веры Камісаржэўскай прапануе драму “Ноч Гельвера”. Між іншым, тэкст Інгмара Вілквіста спецыяльна для тэатра пераклала з польскай мовы колішні аглядальнік “К” Таццяна Команава. А завершыць праграму тэатр-фестываль “Балтыйскі дом” лірычнай камедыяй ад рэжысёра Эліаса Файнгерша “Што такое каханне?”