Гродзенскі досвед — краіне

№ 50 (1385) 15.12.2018 - 22.12.2018 г

12 снежня ў Гродне адбыўся рэспубліканскі семінар “Дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў галіне музейнай справы ў Рэспубліцы Беларусь: стан і перспектывы развіцця”.

Мерапрыемства адбылося на базе Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. У семінары бралі ўдзел прадстаўнікі галоўных упраўленняў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, спецыялісты музейнай справы.

Гродна абралі невыпадкова — горад знаходзіцца побач з мяжою, задзейнічаны ў сістэме трансгранічнага супрацоўніцтва, мясцовыя музейшчыкі маюць трывалыя кантакты з польскімі і літоўскімі калегамі. Ды і замежных гасцей Гродзеншчына прымае болей за іншыя рэгіёны краіны. Ёсць у рэгіёне і канкрэтныя прыклады паспяховага дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў музейнай галіне.

Семінар меў практычны характар, таму больш часу там было адведзена не на пасяджэнні, але на наведванне музеяў, што існуюць па-за сістэмай Міністэрства культуры краіны — гэта музеі прыватныя і ведамасныя. Таксама ўдзельнікі азнаёміліся з тым, як ідзе работа па адбудове комплексу Старога замка.

Больш падрабязна пра семінар — у наступным нумары.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"