Адпрацоўка эталона

№ 50 (1385) 15.12.2018 - 22.12.2018 г

17 снежня краіна адзначыць Дзень беларускага кіно. Сёлета ў спісе традыцыйных урачыстасцей з’явіцца новы радок: у Доме кіно пройдзе ўзнагароджанне пераможцаў першага Рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная кінапрэмія Беларусі”.

/i/content/pi/cult/723/15749/IMG_2300_opt.jpegЯк распавяла на адмысловай прэс-канферэнцыі дырэктар конкурсу Алеся Какошнікава, ідэя стварэння Нацыянальнай кінапрэміі даўно лунала ў паветры, але рэалізаваць яе атрымалася толькі зараз. Арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Мінгарвыканкам, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, грамадскія аб’яднанні “Беларускі саюз кінематаграфістаў” і “Беларуская гільдыя акцёраў кіно”.

Колькасць пададзеных заявак перасягнула чаканні арганізатараў: прыйшло 167 афіцыйных зваротаў, з якіх 35 трапілі ў конкурс.

— Асабіста я лічу, што гэта добры вынік, бо сёлетняя Нацкінапрэмія — праект стартавы, — зазначыў начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні журы конкурсу Аляксандр Рыдван. — Для сябе я называю гэты працэс адпрацоўкай эталона. Нам цікава, які рэзананс атрымае праект, калі будуць агучаны імёны пераможцаў. Мы прыслухаемся да меркаванняў журналістаў, грамадскасці, будзем імкнуцца выправіць хібы, якія могуць узнікнуць на мерапрыемстве, што ладзіцца ўпершыню. Спадзяюся, што Нацыянальная прэмія зацікавіць шматлікіх незалежных кінавытворцаў. У будучым хацелася б стварыць сапраўдную кінаакадэмію з максімальным прыцягненнем кінематаграфістаў, а таксама людзей, якія пішуць пра кіно. Мару, каб у яе складзе было не менш за 500 членаў. Але і на дадзеным этапе я вельмі ўсцешаны тым, як развіваюцца падзеі: адчуваю давер удзельнікаў.

Пераможцы будуць вызначаны ў 20 намінацыях, сярод якіх і такія катэгорыі як “За ўнёсак у беларускі кінематограф” і “За ўнёсак беларусаў у замежны кінематограф”. Канчатковае рашэнне прымае журы на чале са старшынёй — загадчыкам кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ, кандыдатам філалагічных навук Людмілай Саянковай. Сёлета ў склад журы ўвайшло 59 чалавек — кінарэжысёры, кінакрытыкі, акцёры.

Бюджэт на падрыхтоўку і правядзенне конкурсу склаў каля 150 тысяч рублёў. У гэтую суму ўключаны грашовыя прызы лаўрэатам. Пераможцы ў персанальных намінацыях (найлепшая роля, рэжысёрская ці аператарская праца, мантаж і гэтак далей) атрымаюць па 50 базавых велічынь, у групавых (за найлепшы фільм, тэлесерыял і гэтак далей) — па 100 базавых велічынь.

— Наша мерапрыемства скіравана на падтрымку айчыннага кінематографа, — падкрэсліў спадар Рыдван.

Паглядзець фільмы, заяўленыя на Нацкінапрэмію, усе ахвотныя змогуць з 18 па 26 снежня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў — там будуць ладзіцца і паказы стужак, і творчыя сустрэчы са здымачнымі камандамі, і майстар-класы лаўрэатаў.

/i/content/pi/cult/723/15749/4-LS.jpg

Фота Ганны ШАРКО

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"