Крэўскі замак: муры спакваля ажываюць

№ 50 (1385) 15.12.2018 - 22.12.2018 г

Снежаньскае надвор’е ласкавым не назавеш, але працы на прыцярушаных снегам мурах Крэўскага замка не спыняюцца нават у завею. Першы этап кансервацыі знакамітага кастэля, які цягам многіх стагоддзяў, фактычна, толькі спакваля руйнаваўся, блізіцца да завяршэння.

/i/content/pi/cult/723/15748/1.jpgКаб прасачыць за работай будаўнікоў, 7 снежня ў Крэва выправіліся дырэктар ААТ “Белрэстаўрацыя” Уладзімір Змушко і навуковы кіраўнік аб’екта Уладзімір Сіняўскі. Карэспандэнты “К” склалі ім кампанію, каб на свае вочы пабачыць, што дзеіцца ў старых мурах, і даведацца пра далейшыя перспектывы іх аднаўлення.

Прайшоўшыся ўздоўж паўночна-заходняй сцяны замка, якая непасрэдна прымыкае да знакамітай княжацкай вежы, мы на свае вочы пераканаліся, што працы там збольшага скончаныя. Ужо завершана кладка цэглы, а каштоўныя руіны амаль цалкам накрыты дахам, які аба-
раняе іх ад дажджу і снегу. Як запэўніў Уладзімір Змушко, дах на рэшце сцяны мусіць быць пакладзены да канца года — менавіта над гэтым цяпер шчыруюць будаўнікі. Такой працы зімовае надвор’е не замінае, таму яна не спыняецца нават у непагадзь.

Рэканструкцыя паўночна-ўсходняй сцяны, якая прымыкае да вежы з іншага боку, стане наступным этапам работ у замку. Яго пачатак запланаваны на красавік 2019 года, а неабходная праектна-каштарысная дакументацыя распрацоўваецца ўжо цяпер. Мяркуецца, што для яе ўвасаблення ў жыццё спатрэбіцца прыкладна столькі ж сродкаў, колькі пайшло на аднаўленне першай сцяны — каля 1,1 мільёна рублёў.

Час збіраць валуны

Яшчэ на пачатку 2017 года ля сцен замка прайшлі геалагічныя даследаванні, мэтай якіх было высветліць, ці дастаткова моцныя сцены і ці не абрынуцца яны ў працэсе аднаўленчых работ. Для пад’езду тэхнікі, якая зрабіла свідравіны і ўзяла ўзоры грунту, двор кастэля часткова расчысцілі ад буйных камянёў. Расчышчалі з дапамогай бульдозера, і гэта выклікала ў інтэрнэце хвалю абурэння: сёй-той не зусім адэкватна зразумеў характар такіх работ, і папаўзлі чуткі, нібыта замак руйнуюць.

Зрэшты, абурэнне тое мела пад сабою пэўныя падставы: побач з бульдозерамі, паводле заканадаўства, павінны былі знаходзіцца археолагі. Варта адзначыць, што спецыялісты гэта ўлічылі, і цяпер усе земляныя работы на замку праходзяць выключна пад археалагічным наглядам.

Працы непасрэдна па кансервацыі Крэўскага замка пачаліся летась у рамках Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” — тады замкавую вежу накрылі часовым дахам. А ў чэрвені 2018 года былі распачатыя і больш грунтоўныя захады: пастаянная кансервацыя муроў і аднаўленне паўночна-заходняй сцяны.

/i/content/pi/cult/723/15748/2.jpgВышыня ацалелых сцен дасягае недзе дзевяці метраў. Як можна заўважыць, муры адносна добра захаваліся ўнізе, але чым вышэй, тым яны танчэйшыя: камяні і цэгла з часам вылятаюць і асыпаюцца. Уверсе старую цэглу часта даводзіцца разбіраць і класці новую. Як адзначыў Уладзімір Сіняўскі, цэгла для вонкавай кладкі сцен вырабленая амаль уручную, каб максімальна адпавядаць выгляду старой муроўкі.

Для ўмацавання сцен унізе выкарыстоўваюцца таксама камяні. Да нядаўняга часу іх пакуль ставала, а вось для далейшых работ будуць скарыстаныя тыя валуны, што панавозілі з розных мясцін энтузіясты, якія падахвоціліся ўласнаручна зрабіць унёсак у аднаўленне знакавага помніка.

У паўночна-заходняй сцяне, між іншага, адноўлены адзін з двух праёмаў, праз якія ў замак трапляла вада — мяркуецца, што на падворку быў вадаём, якім карысталіся абаронцы. У паўднёва-заходняй сцяне таксама будзе адноўлены адпаведны праём, але вада праз іх ужо не пацячэ. Ландшафт вакол замка за стагоддзі істотна змяніўся, ён апынуўся ў гушчы прыватный забудовы. Ды і пускаць ваду на тэрыторыю з магутным культурным слоем — відавочна немэтазгодна.

Пад’ёмны мост і брама з герсай

У паўночна-заходняй сцяне, аднаўленне якой мусіць распачацца налета, цяпер зроблены заезд для будаўнічай тэхнікі. А неўзабаве там будзе размяшчацца галоўны ўваход у замак. Калі рэстаўрацыйныя работы цалкам завершацца, рэльеф у гэтым месцы зменіцца: перад замкавай сцяной з’явіцца роў, а над ім пракладуць мост. Мяркуецца, што ён будзе падымацца і апускацца, і ў паднятым стане зможа закрываць уваход у замак, стаўшы яшчэ адной цікавай турыстычнай “фішачкай”. У браме таксама плануецца змясціць герсу — рашотку-завесу, якая будзе падымацца і апускацца з дапамогай лябёдкі.

Пасля аднаўлення паўночна-ўсходняй сцяны паступова дойдзе чарга і да дзвюх апошніх. Праўда, невялікі адсутны фрагмент паўднёва-ўсходняй сцяны аднаўляць не будуць — тут пакінуць заезд на тэрыторыю замка для аўтамабіляў.

Данжон без ліфта

Апошнім этапам аднаўлення замка стане рэстаўрацыя вежы і ўзвядзенне на замкавых сценах дзвюхузроўневай драўлянай баявой галерэі. Яна будзе пачынацца ад брамы і праходзіць уверсе пад дахам па вонкавым баку сцяны. З галерэі можна будзе патрапіць у вежу — уваход размесціцца на трэцім паверсе, дзе ён быў і раней. Адсюль у ніжнія і верхнія ярусы будуць весці лесвіцы.

Вежа крэўскага замка ўяўляе з сябе данжон і выкарыстоўвалася як для абароны, так і ў якасці жытла. У выпадку аблогі данжон мог быць ператвораны ў аўтаномны цэнтр абароны — калі разабраць ці спаліць драўляныя галерэі, то ўваход у вежу на ўзроўні трэцяга паверха робіцца недаступным для ворага.

/i/content/pi/cult/723/15748/KREWA_opt.jpegДанжонаў, якія захаваліся хаця б і часткова, на тэрыторыі Беларусі ўсяго два. Другі — славутая вежа ў Камянцы, якая размешчана асабняком. Таму крэўскі — адзіны ў сваім родзе: да яго прымыкаюць муры.

У будучыні ў замкавай вежы размесціцца музейная экспазіцыя. Яе планіроўка запраектаваная ў адпаведнасці з вынікамі археалагічных даследванняў. Ніжні ярус знаходзіцца на ўзроўні зямлі, падвала няма. Мяркуецца, што там былі склады і турма — тая самая, у якой быў задушаны ў 1382 годзе на загад вялікага князя літоўскага Ягайлы ягоны дзядзька і канкурэнт у барацьбе за княжацкі пасад Кейстут, і адкуль толькі цудам здолеў уцячы ягоны сын Вітаўт. На другім ярусе, хутчэй за ўсё, захоўвалася зброя, на трэцім размяшчаліся княжыя пакоі, а на чацвёртым — дамавая царква. Пасярэдзіне ярусаў вежы стаяў слуп, на які абапіраліся гатычныя нервюрныя скляпенні. Сцены былі ўпрыгожаныя — археолагі знаходзілі тут багата фрагментаў тынкоўкі са слядамі роспісу.

Рэстаўратары замка ў літоўскіх Медніках, які шмат у чым падобны да крэўскага, размясцілі проста ў яго вежы сучасны ліфт — і гэта, з аднаго боку, спрасціла доступ на верхнія ярусы людзям з абмежаванымі магчымасцямі, але з іншага — яўна не паспрыяла захаванню аўтэнтычнага выгляду аб’екта і стварэнню ў турыста ўражання, нібы ён трапіў у сярэднявечча.

/i/content/pi/cult/723/15748/IMG_2264_opt.jpegЯк распавёў Уладзімір Сіняўскі, у крэўскім данжоне ліфта не будзе — толькі лесвіцы. Каб не ўзнікала ніякіх перашкодаў і нязручнасцяў з наведваннем вежы, будзе вызначана абмежаванне па колькасці наведвальнікаў, якія змогуць адначасова знаходзіцца ў яе памяшканнях. Вежу накрыюць шатровым дахам, а пад ім па перыметры звонку пройдзе драўляная галерэя, з якой можна будзе аглядаць ваколіцы.

А ці была вежа?

Што ж тычыцца малой вежы, якая выяўленая ці не на ўсіх візуальных рэканструкцыях адпачатнага выгляду замка — уключна і з вядомымі творамі Паўла Татарнікава. Яе аднаўляць не будуць па адной простай прычыне. Уладзімір Сіняўскі ўпэўнены, што ніякай другой вежы — і не было! А насамрэч вежа ў замку была толькі адна — тая, якую часам называюць вялікай ці княжацкай.

Аднак нават няўзброеным вокам можна пабачыць у супрацьлеглым ад яе куце рэшткі нейкага будынку. Менавіта іх многія лічаць слядамі так званай малой вежы. Аднак навуковы кіраўнік запэўнівае: тая пабудова з’явілася куды пазней за часы Альгерда і да замку ўжо не мае ніякага дачынення. Хутчэй за ўсё, гэта было невялікае памяшканне накшталт вартоўні. Зрэшты, усё, што ад яго засталося, будзе захаванае. Тут размесціцца ўваход на галерэі, якія пройдуць па замкавых сценах.

Сляды розных часоў

Ля сцен той самай “малой вежы” можна бачыць рэшткі дота ці бункера, прыбудаванага падчас Першай сусветнай вайны, калі замак уваходзіў у нямецкую лінію абароны. Скляпенні яшчэ аднаго дота часткова захаваліся ля паўднёва-заходняй сцяны, а трэці можна бачыць непадалёк ад замка, бліжэй да руінаў сінагогі. Як распавёў нам Уладзімір Сіняўскі, гэтую спадчыну ўжо ХХ стагоддзя пры рэстаўрацыйных работах было вырашана захаваць. Застануцца нават варонкі на замкавым падворку, пакінутыя расійскімі снарадамі падчас абстрэлаў у ліпені 1917 года. Дарэчы, менавіта яны найбольш спрычыніліся да разбурэння замка.

Цікавае спалучэнне сярэднявечных умацаванняў і фартыфікацыі пачатку ХХ стагоддзя таксама можа прывабіць у Крэва аматараў вайсковай гісторыі — тым больш, што ў ваколіцах Крэва ёсць багата іншых слядоў Першай сусветнай з жалеза і бетону — нямецкіх дотаў, бункераў, артылерыйскіх пазіцый.

Злева ад княжацкай вежы можна пабачыць масіўны контрфорс — выступ у сцяне, які робіць яе больш устойлівай. Ад пачатку яго тут не было: ён з’явіўся толькі падчас кансервацыі, якая праводзілася польскімі ўладамі ў 1929 годзе. Контрфорс таксама захаваюць — як напамін пра першую спробу аднаўлення замка. Зрэшты, як патлумачыў нам Уладзімір Сіняўскі, разбіраць яго так ці іначай было б рызыкоўна — усё-такі ён з’явіўся тут нездарма: сцяна ў гэтым месцы заўважна нахіленая ў вонкавы бок.

Акрамя контрфорса, сляды міжваеннай кансервацыі можна бачыць і на замкавай вежы — больш новая цэгла вылучаецца сваім чырвоным колерам. Трэба адзначыць, што работы ў міжваенныя гады абмежаваліся кансервацыяй — рэстаўрацыю вежы і сцен палякі нават не пачыналі.

Якія яшчэ пабудовы могуць быць адноўленыя ў двары замка, сёння меркаваць цяжка. Адпаведныя праекты пакуль нават не распрацоўваюцца, бо бракуе археалагічных даследаванняў. Магчыма, калі-небудзь паводле вынікаў раскопак на тэрыторыі замка можна будзе аднавіць і шэраг драўляных будынкаў, і нават адзін каменны, які знаходзіўся непадалёк ад замкавай брамы — Уладзімір Сіняўскі выказаў меркаванне, што гэта быў храм.

Цікава, што замак у Крэве быў адным з апошніх на тэрыторыі Беларусі, які будаваўся для абароны толькі ад халоднай зброі — агнястрэльнай тады яшчэ не было. Пра гэта сведчаць знойдзеныя падчас археалагічных раскопак так званыя балты — наканечнікі ад стрэл для арбалетаў.

***

Крэва — мястэчка адносна невялікае, і багаццем архітэктурнай спадчыны, магчыма, саступае такім турыстычным цэнтрам, як Ліда, Навагрудак, Нясвіж альбо Мір. Але затое яно мае выгоднае геаграфічнае становішча і багатую гісторыю. А адноўлены замак можа зрабіцца акурат той “разынкай”, якой не ставала для таго, каб турыстычны патэнцыял Крэва выйшаў на новы ўзровень. Далікатная і метадалагічна грунтоўная рэстаўрацыя ўжо стварае для гэтага ўсе ўмовы. Будзем спадзявацца, што і для музейнай экспазіцыі, якая мусіць удыхнуць у сцены замка новае жыццё, знойдзецца нямала каштоўных экспанатаў.

Але галоўны экспанат, без сумневу — гэта самі сцены. Якія бачылі нямала знакавых для нашай гісторыі падзей. Трапляючы туды, прасякаешся асаблівай атмасферай даўніны — і гісторыя ажывае на вачах.