У памкненні да неба

№ 49 (1384) 08.12.2018 - 14.12.2018 г

У панядзелак, 19 лістапада 2018 года, у вячэрнім выпуску навін па канале АНТ мільгануў “бягучы радок”: “Падарожнік Фёдар Конюхаў выпраўляецца з Новай Зеландыі ў адзіночнае плаванне на грабной лодцы праз Ціхі акіян”. Але яшчэ ў траўні, за паўгода да гэтай навіны, у Мінску ўжо ведалі пра будучую “вёславую” вандроўку. Ведала вельмі абмежаванае кола — усяго некалькі чалавек. У тым ліку і я. Зрэшты, даведаўся я тады не толькі пра гэта…

/i/content/pi/cult/722/15747/28.JPG5 кастрычніка 2017 года ў тэленавінах паказалі кароткі сюжэт: з вагона цягніка на ранішні мінскі перон выйшаў невысокі хударлявы чалавек: доўгія “папоўскія” валасы, барада з яшчэ лёгкай сівізной, шчырая ўсмешка.

Гэта быў вялікі вандроўнік Фёдар Конюхаў. Першы, хто пабываў на ўсіх пяці полюсах Зямлі, скарыў сем самых высокіх вяршынь, ажыццявіў рэкордную вандроўку вакол свету на паветраным шары, перасек у адзіноце Ціхі акіян на грабной лодцы. І на ўсім зямным шары, здаецца, няма краіны, якую б ён не наведаў!

— Я існую не дзеля якіхсьці асабістых выгодаў, а дзеля экспедыцый, — прызнаецца ён. — Дзеля мары. Дзеля ідэй. Без гэтага не магу.

Але не ведаў я тады, што ён мае ў праваслаўнай царкве сан пратаіерэя! Што айцец Конюхаў — настаяцель невялікага храма імя Мікалая Цудатворцы ў Маскве ля Павялецкага вакзалу! Пры першай жа сустрэчы ён усклаў руку на маю галаву і блаславіў.

Той сюжэт навінаў выклікаў у мяне цікаўнасць: не так жа проста, без дай-прычыны апынуўся бацюхна ў нас! Пэўна ж, задумана нейкая новая, нябачаная дасюль экспедыцыя. Але пры чым тут Беларусь? У нас — ні эверэстаў, ні акіянаў.

Між тым, Конюхаў проста з вакзала накіраваўся ў прыгарад Мінска Мачулішчы, у лётны цэнтр “Дайманд”. Цікава, з якой мэтай? Няўжо ойча паляціць?!

Патрэскваюць паленцы...

Так.

А чаму ён абраў менавіта нашу краіну? Прычын тры: не так шчыльна запоўнена летакамі неба, як, скажам, у Падмаскоўі; менш журналістаў-назолаў; здаўна любіць Беларусь, бо звязаны з ёю асабіста (пра гэта — пазней).

І тут мне прымроіўся сюжэт фільма: пробашч Чырвонага касцёла ксёндз-дэкан Уладзіслаў Завальнюк (да ўсяго яшчэ і прадзюсар некалькіх маіх стужак) ужо скончыў лётную Акадэмію, ужо лётае! А тут — і праваслаўны святар, пэўна, імкнецца да таго самага… Значыць, дзве асобы, што ўзносяць свае душы да неба, цяпер вырашылі і целы туды ўзняць?

Трэба ў наступны візіт Конюхава ў Мінск звесці іх ва ўтульных абставінах для сумоўя, вырашыў я!

Кожнае кіно пачынаецца з “выбару натуры”. Наведаўшы і агледзеўшы некалькі багатых “фазэнд” у наваколлі Мачулішчаў, я абраў камінную залу сядзібы “У Пятровіча” ў вёсцы Серафімава.

Гаспадар Максім Аўчынікаў, — вядома ж, той самы “Пятровіч”, — нерашуча мяне папярэдзіў:

— Камін трохі паддымлівае…

Але інтэр’ер мне спадабаўся. Я разважаў: бацюшка-вандроўнік звычны да дымку турысцкіх касцяркоў, а ксёндз — да курэння кадзіла… Здымаем тут!

І вось, на розных машынах з невялікім разрывам у часе асістэнты прывезлі ў сядзібу святароў. Кветкавыя клумбы, разарый, фантанчык, дэкаратыўны масточак… Каталік і праваслаўны рушаць насустрач адзін аднаму, раскідваюць рукі для абдымак.

— Ойча Уладзіслаў!

— Вітаю! Вітаю, ойча Фёдар, наша легенда!

І ўжо ў садзіку пачынаецца гаворка пра тое, што звяло іх тут.

— Я ўчора вылецеў на “Даймандзе” раніцай, у сем гадзін. Якая прыгажосць, воблачнае неба быццам у белым срэбры! — узрушана апавядае Конюхаў. — Але надта захапляцца хараством Беларусі не давялося: увесь час погляд скіраваны на прыборы, вы ж ведаеце... Нас самалёты аб’ядналі. Мы ж паляцім зараз разам, так?

— Калі дазволяць. На вашым, пэўна.

— Вы, ойча Уладзісаў, лётаеце на “Вайперы”?

— Так.

— А, тады, значыцца, паляцім на маім “Даймандзе”.

Тлумачу: “Дайманд” — гэта марка 4-мясцовага самалёта, на якім практыкуецца Конюхаў з інструктарам. “Вайпер” — не касмічны карабель і не мятла Бабы-Ёжкі, а 2-мясцовы самалёт, якім паласуе неба Завальнюк.

Шпацыр па сцежках сядзібы завяршаецца ўзаемнымі запрашэннямі:

— Сустрэнемся ў Маскве, у мяне дома.

— Я жадаю вас бачыць на маім дні нараджэння 8 ліпеня.

І вось, ужо патрэскваюць паленцы ў каміне...

Прыцемнены інтэр’ер, чорнае адзенне святароў, сполахі кранаюць іх твары, блякла ззяюць крыжы на грудзях…

С цікаўнасцю распытваюць і слухаюць адзін аднаго.

— У школе кожны хлопчык, я думаю, глядзеў у неба, — распавядае ксёндз Завальнюк. — У мяне таксама была сур’ёзная мара: пасля 8-га класа я прайшоў медкамісію для паступлення ў Харкаўскую лётна-тэхнічную вучэльню. Хацеў стаць ваенным лётчыкам. Але маці так сказала: “Пасля сярэдняй школы. А пакуль яе не скончыш, ты ў маёй уладзе”. І я паслухаўся. А калі скончыў 11 класаў — глядзіш, ужо светапогляд іншы, адчуў у душы прысутнасць Бога… Пайшоў у духоўную семінарыю ў Рызе. Марыў быць місіянерам недзе ў Афрыцы. Перапісваўся са святарамі Конга, каб трапіць туды. Але Усявышні вызначыў на маім жыццёвым шляху іншыя, дакладна акрэсленыя вехі…

Я ўжо ведаў, што айцец Завальнюк — асоба сціплая, і таму загадзя каротка расказаў айцу Фёдару аб крыжовым шляху ксяндза. Як ён у савецкія часы пабудаваў у Малдове невялікі — адзіны ў рэспубліцы! — касцёл, які атэістычныя ўлады змялі бульдозерамі; як быў сасланы ў казахскі стэп, дзе ў снежнай замеці вырыў зямлянку, куды прыходзілі маліцца вернікі ўсіх рэлігій і веравызнанняў; як непакорлівага ксяндза тыя ж улады запхнулі ў псіхушку; як яго любяць прыхаджане ва ўсіх кутках Беларусі, дзе яму давялося служыць; як ён рэканструяваў Чырвоны касцёл, стварыўшы ў ім, па сутнасці, культурны цэнтр. Дадаў я таксама, што гэты святар — магістр тэалогіі, кандыдат гістарычных навук, старшыня асацыяцыі пчаляроў краіны, літаратар, будаўнік, кінапрадзюсар… Ды і ўвогуле чалавек вядомы!

Тым часам, Завальнюк ля каміна працягваў свае ўспаміны:

— Але недзе там, у сэрцы, назаўсёды гэта засталося: мая мара дзяцінства! І вось, некалькі гадоў таму я быў прызначаны капеланам ваенных лётчыкаў тут, у Мачулішчах. І бачу: можна ж не толькі пакатацца на самалёце, але і засвоіць яго кіраванне ў лётнай Акадэміі! І таму, дзякуй Богу, мы з вамі, ойча, цяпер разам.

Авіятар у сутане

Не, усё тут не так лёгка і проста: маўляў, сеў і паляцеў. Зусім не!

Два гады руплівых заняткаў у лётнай Акадэміі, шмат гадзін палётаў за штурвалам побач з інструктарам, сур’ёзны экзамен Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Дэпартамента авіяцыі.

І ўрэшце, старшыня камісіі ўручае айцу Завальнюку “Пасведчанне пілота” (гэта таксама эпізод будучага фільма).

Ксёндз узрадаваны, але й прыкметна ўсхваляваны. Звяртаецца да камісіі па-беларуску:

— Гэта з дзяцінства была мара... Гэта я ўспрымаю як падарунак у жыцці і ад Усявышняга, і ад Дэпартамента нашай роднай Беларусі...

Тут жа, недзе збоку, сядзіць дырэктар цэнтра
“Дайманд” Васіль Барысёнак, знешне спакойны. Але гэта і яго экзамен: гонар усёй лётнай школы, якая падрыхтавала чарговага новага пілота! Ён ведаў, навошта ксяндзу тое пасведчанне: зусім не каб пацешыць сваё самалюбства.

— І вось якая цяпер мая мэта, — дзеліцца святар планамі. — Хачу распрацаваць пілігрымкі па Беларусі на малых самалётах, каб людзі маглі бачыць, як выглядае з неба наша радзіма!

Трэба адзначыць, што спецыялістаў з вучэбнага цэнтра і экзаменацыйнай камісіі напачатку трохі збянтэжыў выгляд курсанта: лётчык у святарскай сутане — гэта неяк нязвыкла! Але ў
падобным выглядзе малады на той час выпускнік Рыжскай духоўнай семінарыі з’явіўся некалі ў ваенкамат — там скрывіліся і загадалі прызыўніку пераапрануцца. А наваспечаны ксёндз іх пытае: “А што, хіба ёсць ва ўставе забарона па адзенні? Хіба там напісана, у чым належыць з’яўляцца на воінскі прызыў?”

Пасведчанне ўручана. Ксёндз паціскае працягнутыя яму рукі членаў камісіі.

— Яшчэ раз шчыра дзякую ўсім за паразуменне. І няхай добры Бог благаславіць вас, вашыя сем’і і ўсю нашу краіну.

Вось так Уладзіслаў Завальнюк стаў “лётчыкам у сутане” — здаецца, адзіным у свеце.

Вучэбны цэнтр у Мачулішчах адкрыты і даступны ўсім. Кіраваць лёгкім самалётам не нашмат складаней, чым аўтамабілем — пасля належнай практыкі, зразумела.

А якіх цікавых і драматычных эпізодаў біяграфій інструктараў — былых ваенных лётчыкаў-герояў — я тут наслухаўся! Калегам-журналістам варта было б пацікавіцца.

У Беларусь — па навуку

Ды і ў Конюхава, як высветлілася, цяга да вандраванняў — з дзяцінства.

— Мой бацька з памораў, з вёскі пад Архангельскам. Працаваў ён у Бярдзянску, потым у Керчы — рыбак! Я рос на Азоўскім моры, вучыўся ў Адэскай “мараходцы”. А першую марскую вандроўку ажыццявіў у 15 гадоў: адзін, на вёсельнай лодцы перасек Азоў!

Сёння ў яго на чарзе “Пяты акіян” — паветраны. Ды не ў першы раз ужо.

— Я рыхтуюся паляцець у стратасферу, на паветраным шары вакол свету… А калі мне было 10 гадоў — я з 1951-га, — акурат выправіўся ў космас Юрый Гагарын! І ўсе хлопцы — у тым ліку, і я — марылі стаць касманаўтамі!

У Завальнюка няма ваганняў:

— Вы яшчэ і там пабываеце!

— Канешне! — смяецца Конюхаў. — Я не стаў касманаўтам, але ўвесь час з дзяцінства гадаў: як выглядае адтуль наша Зямля, такая прыгожая? Адкуль прыгажосць? Таму што яе такою Бог стварыў. І касманаўт яе бачыць, а я — не? А можа, калі паднімуся ў стратасферу на паветраным шары, дык убачу? Сустракаю Валянціну Церашкову, пытаюся ў яе пра гэта. “Так, убачыш”, — запэўнівае яна. Вось гэта і прыцягвае: нязгаслая юнацкая мара!

— Калі б не было тых мараў дзяцінства, мы б, ойча Фёдар, не сустрэліся тут сёння!

— А вось — сышліся! Я ж у маладосці вучыўся у Беларусі, ды і цяпер тут вучуся… Выходзіць, усё жыццё вучуся ў Беларусі!

Як высветлілася пазней, малады Конюхаў не толькі скончыў Бабруйскую мастацкую вучэльню, але і спаткаў там сваё першае каханне. Дзяўчына Люба з Віцебска, што вучылася там на факультэце керамікі, стала яго першай жонкай, у іх нарадзіліся сын і дачка.

— А пасля вучэльні два гады павышаў кваліфікацыю ў Акадэміі вытанчаных мастацтваў у Парыжы, — дадаў айцец Конюхаў. — Я цяпер сапраўдны член Расійскай Акадэміі мастацтваў, раблю станковую літаграфію. А ва ўсе вандроўкі бяру з сабою альбомчык для замалёвак…

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр