Чырвоны Бераг Чырвонага возера

№ 49 (1384) 08.12.2018 - 14.12.2018 г

Як Добруш ледзь не стаў Молатаўскам, або казусы “рэвалюцыйнай тапанімікі”
Пасля ўсталявання савецкай улады па ўсёй краіне, як грыбы пасля дажджу, пачалі ўзнікаць гарады, пасёлкі і вёскі з новымі назвамі: Свярдлоўск, Ульянаўск, Ленінград… Не абмінула гэтая тэндэнцыя і нашы землі. Сёння ў Беларусі налічваецца шэсць толькі буйных населеных пунктаў з назвай Леніна, дзевяць тапонімаў, звязаных з Кастрычніцкай рэвалюцыяй, пяць вёсак, названых у гонар 1 мая. Ажно дзевятнаццаць паселішчаў атрымалі назву Чырвоных — ад “колеру рэвалюцыі”.

/i/content/pi/cult/722/15746/27.JPGУ гонар з’ездаў і пленумаў

З сярэдзіны 20-х гадоў мінулага стагоддзя стала модным прысвойваць імёны значных партыйных дзеячаў заводам, фабрыкам, розным арганізацыям і ўстановам, воінскім часцям, а з 30-х гадоў — калгасам і саўгасам. Не адно пакаленне нашых суграмадзян сканчалі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Уладзіміра Леніна, наведвалі дзяржаўную бібліятэку імя Уладзіміра Леніна, працавалі на радыёзаводзе імя Уладзіміра Леніна... Практычна ўсе буйныя прадпрыемствы і ўстановы, акрамя назвы функцыянальнага прызначэння, мелі і “даважкі” ў гонар рэвалюцыі, партыі ды іх вядомых дзеячаў. Скажам, Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках з 1925 года стала насіць імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, Беларускі інстытут народнай гаспадаркі — імя Куйбышава, Беларускі тэатр юнага глядача — імя Надзеі Крупскай, Аб’яднаная беларуская ваенная школа — імя ЦВК БССР і гэтак далей. Многія калгасы і наогул насілі імёны тых ці іншых партыйных з’ездаў або пленумаў ЦК КПСС.

З’яўленне па ўсёй краіне мноства аднайменных населеных пунктаў прымусіла ўрад СССР звярнуць на гэта ўвагу. Яшчэ ў 1926 годзе з’явілася пастанова ЦВК СССР “Аб парадку рэгістрацыі і наймення наноў узніклых паселішчаў”. Яна прадпісвае даваць ім назвы ў адпаведнасці з мясцовымі геаграфічнымі, тапаграфічнымі, бытавымі і іншымі ўмовамі. Гэтае вельмі каштоўнае ўказанне мела на мэце, па-першае, прадухіліць прысваенне аднастайных найменняў — што магло стварыць масу нязручнасцей — асабліва ў тым выпадку, калі ў адным раёне апыналася некалькі аднайменных паселішчаў. Ды і паштары не заўсёды разумелі, куды ім несці карэспандэнцыю. Па-другое, ужо тады з’явілася разуменне, што “рэвалюцыйныя” назвы вёсак і гарадоў пазбаўляюць іх гістарычнай прывязкі да пэўнага рэгіёна.

Тым не меней, эфект ад пастановы быў невялікі, і 7 студзеня 1929 года ЦВК СССР зноў звярнуўся да гэтага пытання. У дырэктыве да ўсіх акружных, абласных, аўтаномных выканаўчых камітэтаў сцвярджалася, што “згаданае ўказанне выконваецца слаба і найменні ўзніклых населеных пунктаў спрэс і паўсюль вылучаюцца аднастайнасцю, напрыклад: “Чырвоны”,”Акцябрскі”, “Пяцігодка”, “Першамайскі” і гэтак далей”.

Ды нягледзячы на меры па ўпарадкаванні назваў з боку ўрада краіны, населеныя пункты з “чырвонымі” назвамі працягвалі з’яўляцца — ажно да дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя.

Чым не спадабалася Лешніца?

Зрэшты, калі б “рэвалюцыйная тапаніміка” ахапіла толькі новыя паселішчы, гэта была б яшчэ палова бяды. Але ж у 1920-я — 1930-я гады стала модным мяняць назвы і старажытным. Найперш, вядома, тым населеным пунктам, чые назвы звязаныя з царквой, прозвішчамі дваран і гэтак далей.

Да прыкладу, 5 жніўня 1929 года Магілёўскі акруговы выканкам прасіў ЦВК БССР замяніць назвы вёсак: Гарадзішча Магілёўскага раёна на Чырвоны партызан, Княжыцы на Кастрычнік, Царкоўшчыну Бялыніцкага раёна — на Калінінскае.

Але “тапанімічная рэвалюцыя” закранула не толькі яўныя “перажыткі старога ладу”, але і назвы, здавалася б зусім бяскрыўдныя. Працуючы з матэрыяламі архіваў, я выявіў дакумент, які тычыцца і маёй малой радзімы — вёскі Лешніца, якая на той час была ў Смілавіцкім раёне, а цяпер у Пухавіцкім. 2 красавіка 1926 года на пасяджэнні прэзідыума Ленінскага акрвыканкама разглядалася заява яе жыхароў аб змене назвы на Чырвоную Гару. Выканкам пастанавіў: “Лічыць магчымым здавальненне просьбы грамадзян пасёлка Лешніца аб змене назвы іх пасёлка і для канчатковага вырашэння гэтага пытання накіраваць усю перапіску ў НКУС (Народны камісарыят унутраных спраў)”.

Хто і з якой нагоды быў ініцыятарам гэтага перайменавання, устанавіць мне не ўдалося. Вядома, такая назва была выклікана зусім не наяўнасцю каля вёскі горных масіваў або чырвонай гліны, а жаданнем “наблізіць” пасёлак да рэвалюцыйных сімвалаў. На шчасце, нейкім цудам гэтага не здарылася. Маё роднае паселішча і да цяперашняй пары носіць сваю спрадвечную старую назву.

А вось Князь-возера, што ў Жыткавіцкім раёне, у 1932 годзе атрымала новую назву, стаўшы Чырвоным. І дасюль з’яўляецца такім — хаця для многіх мясцовых жыхароў яно па-ранешаму засталося Князь-возерам.

Прычым тут Молатаў?

У перыяд падрыхтоўкі да святкавання дзесяцігоддзя БССР калектыў фабрыкі Белдзяржкіно, якая тады знаходзілася ў Ленінградзе, звярнуўся ў ЦВК БССР з просьбай прысвоіць ёй імя старшыні ЦВК Аляксандра Чарвякова — на той час жывога, здаровага і адносна маладога. Трэба аддаць належнае “беларускаму старасту”, які падзякаваў кінематаграфістам за такую павагу ў дачыненні да ягонай персоны — але ўсё ж прапанаваў назваць фабрыку імем “Савецкая Беларусь”. Гэтая назва была прынятая ЦВК рэспублікі і праіснавала да 1946 года, калі кінастудыя стала называцца “Беларусьфільм”.

У пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя перайменаванне населеных пунктаў і прысваенне ім назваў, звязаных з партыйнымі і дзяржаўнымі дзеячамі, стала настолькі масавым, што на гэта вымушаны быў звярнуць увагу і беларускі ўрад. ЦВК БССР пачаў адхіляць шматлікія хадайніцтвы, якія паступалі з месцаў. А 17 лістапада 1931 года была прынята пастанова, згодна з якой прысваенне імя таго ці іншага дзяржаўнага дзеяча гарадам, райцэнтрам, вёскам і асобным прадпрыемствам можа мець месца толькі “ў выключных выпадках, якія маюць вялікае палітычнае значэнне”.

3 лютага 1931 года Плешчаніцкі раённы саюз саветаў прыняў пастанову аб перайменаванні Плешчаніцкага раёна ў Мянжынскі — у гонар падзабытага сёння рэвалюцыянера і чэкіста. На гэты раз ЦВК БССР адрэагаваў наступным чынам: “Зняць пытанне з абгаворання”. Таксама цэнтральны выканкам не даў згоды на перайменаванні мястэчка Узда ў Нёманск, Баярскага сельскага савета ў Савет імя Фрунзе, вёскі Калінаўка ў Будзёнаўку…

Між тым, рэвалюцыянеры ад тапанімікі дабраліся нават да горада Добруш: у чыюсьці светлую галаву прыйшла думка перайменаваць яго ў Молатаўск. Чаму і навошта? Можна яшчэ неяк зразумець, калі мяняліся назвы, звязаныя з рэлігіяй і наогул старым грамадскім ладам або, прынамсі, здаваліся немілагучнымі. А тут такая “добрая”, самая што ні ёсць беларуская назва — Добруш. Чым яна не спадабалася прадстаўнікам мясцовай улады? І што такога для жыхароў горада зрабіў 40-гадовы Вячаслаў Міхайлавіч Молатаў, на той момант яшчэ толькі-толькі абраны старшынёй СНК СССР?

Тым не менш, 15 студзеня 1931 года на пасяджэнні Добрушскага гарсавета прымаецца рашэнне накіраваць хадайніцтва аб змяненні назвы Добруша на Молатаўск.

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца цэлая перапіска па гэтым пытанні. Калі справа дайшла да прэзідыума ЦВК БССР, адтуль былі накіраваныя лісты ў розныя ведамствы адносна мэтазгоднасці змены назвы горада Добруш. І што б вы думалі? Нават Акадэмія навук БССР, у прынцыпе, перайменаванню не пярэчыла. У даведцы пра гістарычнае мінулае Добруша, падпісанай вядомым беларускім гісторыкам Дзмітрыем Даўгялам, быў вынесены такі вердыкт: “Якога-кольвечы супярэчання супраць таго, каб даць Добрушу новую назву — Молатаўск, на мой погляд, няма”.

І толькі заключэнне ўпаўнаважанага Народнага камісарыята шляхоў зносінаў пры СНК БССР паўплывала на рашэнне ЦВК рэспублікі. У прадстаўленай транспартнікамі даведцы адзначалася, што калі горад будзе перайменаваны ў Молатаўск, а чыгуначная станцыя застанецца з мінулай назвай “Добруш”, гэта выкліча блытаніну пры перавозцы пасажыраў і грузаў. Далей нагадвалася, што згодна з пастановай ЦВК СССР, перайменаванне чыгуначных станцый, а таксама населеных пунктаў, якія маюць паштова-тэлеграфныя ўстановы, на тэрыторыі ўсяго Савецкага Саюза забараняецца.

Нарэшце, 25 сакавіка 1931 гады ЦВК БССР вынес справядлівы вердыкт: “Хадайнічанне аб змене назвы горада Добруш — адхіліць”.

Прыведзеныя мною выпадкі — гэта толькі асобныя прыклады той кампаніі, якая праводзілася ў Савецкім Саюзе, у тым ліку і ў Беларусі. У выніку ў нас з’явілася такое мноства гарадоў і вёсак з аднолькавымі рэвалюцыйнымі назвамі. Хочацца верыць, што казусы мінулага стануць добрым урокам для нашчадкаў, запэўніўшы іх, што ў справе тапанімікі прымаць паспешлівыя рашэнні не выпадае.

Генадзь БАРКУН, гісторык.