Пакуль “цік-такае” гадзіннік

№ 49 (1384) 08.12.2018 - 14.12.2018 г

Кінематычная батлейка ды іншыя адметнасці Койданаўшчыны
Прызнаюся шчыра: культуру Міншчыны ведаю не дужа добра. Заўжды належаў да, так бы мовіць, “авіяцыі дальняга дзеяння”. А калясталічную тэрыторыю асвойваў тым часам мой калега Юрый Чарнякевіч. Дык вось, цалкам з ім згодны: кіраўнікі культуры Дзяржынскага раёна ўмеюць мысліць і дзейнічаць стратэгічна. Пра гэта і пастараюся распавесці. І яшчэ адно вельмі яркае і ўжо асабістае ўражанне. Пры бліжэйшым разглядзе Койданава падалося вельмі маладым беларускім горадам. Чаму? Адразу і не вызначыш. Відаць, час ідзе тут хутчэй, рытм жыцця і творчасці паскораны ці не ўдвая. Нават і не скажаш, што за 850 гадоў існавання горад паспеў пабываць Крутагор’ем, Койданавам, Дзяржынскам.

Адкуль узялася апошняя назва? Пытанне дарэчнае. Асабліва калі ўлічыць, што роднае для аматара “гарачага сэрца і чыстых рук” Дзяржынава знаходзілася калісьці ў Ашмянскім павеце, а сёння — у Стаўбцоўскім раёне. Пры чым тут Койданава? Як сцвярджаюць у мясцовым музеі, яно проста аказалася самым блізкім да таго месца савецкім горадам, таму і пераўтварылася ў 1923 годзе ў Дзяржынск.

Калі галоўны канкурэнт — сталіца

/i/content/pi/cult/722/15743/21.JPGАсноўная праблема культуры раёна ў тым, што пад бокам — Мінск. Адпаведна, канкурэнцыя вялікая. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзяржынскага райвыканкама Наталля Сінюковіч справядліва мяркуе:

— Асаблівасць нашай работы ў тым, што мы пастаянна павінны ладзіць адметныя акцыі і шукаць сваё непаўторнае аблічча.

Браць даводзіцца і колькасцю, і якасцю. За год мясцовыя работнікі культуры праводзяць у сярэднім каля пяці тысяч мерапрыемстваў. Па вобласці гэты паказчык абслугоўвання насельніцтва — адзін з лепшых. А такіх светладыёдных экранаў, як на сцэне гарадскога Дома культуры, няма, напэўна, больш нідзе ў наваколлі. І яно сябе апраўдвае. Тутэйшыя выхаванцы ўпэўнена становяцца фіналістамі рэспубліканскіх праектаў “Песня для Еўрабачання”, “Я спяваю”, “Песні маёй краіны”, “Гарады, якія спяваюць”. А пра 20-годдзе ўзорнай студыі эстраднай песні “Задорынка” мы згадвалі ў аглядзе пошты папярэдняга нумара “К”.

Дык, можа, ёсць тут відавочны перагіб у бок эстрады? Ды не. За апошняе дзесяцігоддзе шмат зроблена і ў кірунку развіцця традыцыйнага беларускага мастацтва. Народныя ансамблі “Спадчына”, “Карагод”, якія дзейнічаюць пры ГДК; народныя гурты “Весялуха” (Скірмантаўскі ДК) і “Баравічанка” (Баравікоўскі ДК) паспелі стаць, як цяпер модна казаць, брэндавымі. Шмат конкурсных перамог, шмат здабыткаў у захаванні спадчыны.

Лекі ад пахмурнасці твараў

І ў бібліятэчнай справе, як я пераканаўся, назіраецца шмат незвычайнага. Дырэктар раённай бібліятэкі Валянціна Клімовіч увогуле пераканана, што беларуская нацыянальная ідэя — у выхаванні чытання. Маўляў, менавіта яно кансалідуе грамадства. А прыклад тут вось які. Падчас карпатлівых краязнаўчых даследаванняў (балазе, дзяржархіў — пад бокам) пульхныя “самвыдатаўскія” рукапісы пераўтвараюцца неўзабаве ў ладна выдадзеную манаграфію. Так здарылася з “Салдатамі Перамогі” (сто гісторый пра ўдзельнікаў вайны). Пры падтрымцы кіраўніцтва раёна шыкоўная кніга пабачыла свет у 2015 годзе. Цяпер падрыхтаваны для друку працяг — яшчэ сто персаналій. Пра выдавецкую дзейнасць бібліятэк гаворку можна працягваць доўга. Але канчаткова зачапіла нават не гэта.

На сцяне лесвічнага пралёту — галерэя фотапартрэтаў. Дзеці, моладзь, дарослыя — усе ўсміхаюцца. Аказваецца, чытачы.

— Гэта мы ў адказ на заўвагу некаторых замежнікаў, якія сцвярджаюць, што ў беларусаў — пахмурныя твары, — тлумачаць бібліятэкары.

Усмешкі сапраўды шчырыя. А гэты праект Дзяржынскай ЦРБ называецца “Тэрыторыя творчасці”. Ён аб’ядноўвае людзей, што працуюць (у тым ліку і прафесійна) у розных жанрах мастацтва.

Ніводзін кот не пацярпеў

Нідзе ў Мінску я не бачыў і вось гэтай бібліятэчнай завядзёнкі, уласцівай для Дзяржынскай ЦРБ. На паліцах — любімыя кнігі вядомых у раёне асобаў. “К” шмат пісала пра такую арыгінальную магчымасць чытацкай “арыентацыі” (падаецца, аўтар ідэі Міхаіл Задорнаў, які стварыў у Рызе бібліятэку імя свайго бацькі Мікалая — цудоўнага раманіста), але рэалізаваную ідэю пабачыць давялося толькі ў Дзяржынску. Яшчэ адзін бонус мясцовым бібліятэкарам.

Дзіцячым аддзелам раённай бібліятэкі кіруе Святлана Шабалінская. Тут таксама любяць прыдумваць. План мерапрыемстваў на кніжны фрымаркет займае цэлую старонку. Фотазоны — справа абавязковая. Майстар-класы — таксама. Пра тое, што пры ДШМ існуюць школы ранняга развіцця, я ведаў даўно, а вось пра іх існаванне пры бібліятэках, дзе яны называюцца школамі ранняга літаратурнага развіцця, да камандзіроўкі ў Дзяржынскі раён не чуў ніколі. Аматарскае аб’яднанне пры дзіцячым аддзеле так і называецца: “Клуб нясумных ідэй”. А па сцяне аднаго з пакояў дзіцячага аддзела намаляваны жыццярадасныя каты (адзін з вынікаў праекта “Тэрыторыя творчасці”).

Я пра абрадавую гульню “Ката пячы” згадаў. Скажу адразу: падчас гэтага абраду ніводная жывёліна не пацярпела. Справа ў тым, што напярэдадні Каляднага паста ў вёсцы Скірмантава ладзіцца вясёлае ігрышча з такой дзіўнай назвай. Галоўны яго атрыбут — пернік, крэндзель або булка, якую выпякаюць у выглядзе хатняга любімца. Спечаныя часткі злучаюцца драўлянымі шпажкамі. Вушы робяць з сала, вочы — з чарніц, рот — з памідорнага скрыліка. Самы смачны хвост, бо ён — са свойскай кілбасы. Такога ката падвешваюць да столі, а падчас гульні, у якой бяруць удзел і моладзь, і сямейныя пары, імкнуцца адкусіць кавалак. Абрад скіраваны на стварэнне ці замацаванне сям’і. Кот выступае сімвалам хатняй утульнасці ды заможнасці. Летась абрад, носьбітамі якога з’яўляюцца удзельнікі гуртоў “Весялуха” і “Сваякі”, атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

І чарговы камплімент бібліятэкарам. Разабрацца з “печаным катом” мне дапамагла “самвыдатаўская” энцыклапедыя “Ад “А” да “Я” — Дзяржыншчына мая”. Ды і настольны каляндарык з выкарыстаннем узораў скірмантаўскай гаворкі — вышэй за ўсялякія пахвалы. Ведаеце, да прыкладу, што такое пятнастоўка? Ніколі не здагадаецеся! Гэта жанчына, якая маладзіцца. Маўляў, робіць выгляд, што яна пятнаццацігадовая. А барлячы — гумовыя боцікі. Вось і вер пасля гэтага, што цэнтр Беларусі — радзіма літаратурнай мовы!

Пленэры ў Наквасах

Другі паверх Дзяржынскага гісторыка-краязнаўчага музея — цалкам абноўленая экспазіцыя. Кошт пытання — 250 тысяч беларускіх рублёў. Усе яны зароблены жыхарамі раёна на суботніках. Гэта ж як трэба родны горад любіць? Мне пашанцавала, бо я здолеў сустрэцца з сапраўднымі патрыётамі роднага краю, якія не шкадуюць уласных грошай на ягонае няўхільнае развіццё.

У гэтым раздзельчыку мяне прасілі не пісаць пра сацыяльна арыентаваны бізнес, пра дзяржаўна-прыватнае партнёрства. А варта напісаць, падказалі, пра звычайнае сяброўства. Я пагадзіўся. Сапраўды, партнёраў (яўных ды патэнцыйных) наўкола шмат, а шчырых адданых сяброў — кот наплакаў. Дарэчы, катоў у аграсядзібе “Наквасы” дастаткова, але я паспеў пазнаёміцца толькі з Рыжыкам, які тут самы галоўны наконт пад’есці. Ён і паказаў мне, дзе знаходзіцца Палац мастацтваў. Маўляў, мяне тут таксама добра кормяць.

Адкуль узяўся Палац мастацтваў? Патлумачу. Гаспадар аграсядзібы “Наквасы” (вёска так называецца) Васіль Вяргейчык сябруе з мастакамі, і яны пастаянна завітваюць сюды на пленэры. Пісаць ёсць што: маляўнічыя копанкі, арганічна ўплеценая ў ландшафт драўляная архітэктура, захады і ўсходы вабяць, супакойваюць ды натхняюць.

А непадалёк, у Вялікім Сяле, загадчыца Дома народнай творчасці Наталля Ермаловіч сябруе са знакамітым Віталём Чарнабрысавым. Разам яны некалі распачалі ладзіць пленэры для глухіх мастакоў. Пэўны час праект паспяхова рэалізоўваўся ў Вялікім Сяле. Але з цягам часу фінансавае пытанне пераўтварылася ў праблему. І вось тут сваю ролю адыгрывае сяброўства Наталлі Ермаловіч з жонкай гаспадара аграсядзібы Алай Вяргейчык, якую я для сябе назваў намеснікам кіраўніка па сацыяльна-творчых пытаннях. Такім чынам у Наквасах ужо чацвёрты год адбываецца аб’яднаны пленэр, заснаваны на сяброўстве і аднадумстве.

Пакуль Рыжык грыміць на варыўні каструлямі, мы разглядаем вынікі тых творчых марафонаў. Гэта не адзін дзясятак жывапісных ды графічных работ, якія пакінулі гаспадарам удзячныя мастакі. Ахвотных наведаць галерэю заўжды шмат. Так што кола сяброў няўхільна павялічваецца. А я для сябе раблю выснову: “Вось такія стасункі, пры якіх прыватны палац мастацтваў становіцца своеасаблівым філіялам дзяржаўнай установы культуры, без усялякіх нацяжак і можна назваць плённымі ды выніковымі”. А вы, шаноўныя чытачы, ці можаце мне назваць аналагічныя прыклады? Я быў бы рады ад вас іх пачуць. Але ці апраўдаюцца чаканні? Варта вучыцца сябраваць.

Да слова, сёння распачынаецца чарговы аб’яднаны праект, які называецца “Імбрычак”. У аграсядзібе “Наквасы” пройдзе першае пасяджэнне аматараў гарбаты. Гэтым разам з Алай Вяргейчык супрацоўнічае метадыст дома народнай творчасці з Вялікага Сяла Тамара Заблоцкая.

Пра джынсы і сэра Макартні

А цяпер хачу, каб вы мяне правільна зразумелі. З вельмі неблагім мінскім графікам Уладзімірам Лукашыкам мы разважалі аднойчы пра архетып сучаснага беларуса. “Ён можа насіць джынсы (урэшце, мы даўно не людзі з балота!) і спяваць песні Пола Макартні, — даводзіў мой суразмоўца, — але павінен памятаць пры гэтым, якую жыццёвую філасофію спавядалі ягоныя продкі. Павінен разумець і ніколі ёй не здраджваць!” Думаецца, галоўная ідэя светабачання беларусаў — змагацца за сваіх і адстойваць кожнага. Як іначай?

Словам, лапці, нагавіцы і аборы — даўно не сімвалы нашай існасці. А сум па мінулым дні — не нацыянальная традыцыя. Мы глядзім у будучыню.

Дык вось, Андрэй Мартынюк носіць джынсы (і не толькі іх) з абавязковым беларускім тканым поясам. Поза, амбіцыя, капрыз? Не, арганічнае паяднанне традыцыі з сучаснасцю.

— Урэшце, мне так зручна, — тлумачыць майстар.

І філасофія ягоная самая гуманная: “Творчасць — гэта ўпарадкаванасць свету і часу. Свой час мы павінны ўсяляк упрыгожваць. І жыццё такіх уладароў часу не мае кошту”. Схіляю галаву перад такімі філосафамі.

Перадатачны лік і крыху рок-н-ролу

/i/content/pi/cult/722/15743/22.JPGЁсць дачаснікі, а ёсць гадзіншчыкі. Сябра Саюза майстроў народнай творчасці Рэспублікі Беларусь і Акадэміі народнага мастацтва Расіі, майстар па ручной апрацоўцы дрэва Андрэй Мартынюк — гадзіншчык. Інакш кажучы, вырабляе з дрэва гадзіннікі, і не толькі іх. Я чамусьці перакананы, што праз дзесяцігоддзі гэтая традыцыя стане для Станькава сталай, і будуць яе берагчы ды ўдасканальваць.

Безумоўна, вучняў знайсці цяжка. Трэба мець уяўленне пра перадатачны лік, практычныя навыкі па яго вызначэнні. Толькі тады механізм стане гадзіннікам. Словам, не кожны здолее стаць вучнем. Але Андрэй Міхайлавіч не губляе імпэту: ён распавядае пра свой занятак у сацыяльных сетках, публікуе эскізы і разлікі, не трымае ў сакрэце ўласныя ўменні і напрацоўкі. Не можа быць, каб ніхто не адгукнуўся!

У майстра — моцныя рукі з трапяткімі пальцамі і добрыя вочы, дзе няма і намёку на сум і журбу. Ён ведае, што яму трэба рабіць — і робіць. Першыя гадзіннікі ў Мартынюка пачалі атрымлівацца, калі яму споўнілася трыццаць. Механізмы працуюць і па сёння. Бацька марыў, каб сын стаў інжынерам. Сын ім стаў, але веды скарыстоўвае толькі для таго, каб ягоныя самаробныя механізмы былі з кожным разам усё больш дасканалымі. Якім шляхам гэта дасягаецца? Напэўна, так: майстар увязвае прастору і час у адзіны вузел. Пры гэтым, больш гучным становіцца рок-н-рол, без якога Мартынюк не ўяўляе свайго існавання. Нават “цік-так” ягоных механізмаў нагадвае нетаропкае сола Рынга Стара.

На стыку прасторы і часу нараджаецца чарговы гадзіннік. Іх — дзясяткі, а мо і сотні. Я бачыў ходзікі ў музеі, на аграсядзібе “Наквасы”, у кабінеце метадыстаў. А яшчэ яны захоўваюцца ў шматлікіх калекцыях, у тым ліку — і замежных.

Гадзіннікі Мартынюка —
шматаблічныя. І не толькі таму, што кожны ўтрымлівае дэталі прыкладна з дзясятка парод дрэў. Канцэпцыя знешняга выгляду — заўжды розная. Яна можа быць прысвечана архітэктуры Беларусі альбо ўключае элементы творчасці мясцовай саломкапляцельшчыцы Вольгі Мешчараковай-Красюк. Гэта могуць быць гадзіннікі, тэматычна прымеркаваныя да канкрэтнага фэсту, або механізмы ў гонар знакамітых рок-гуртоў, музыка якіх пастаянна гучыць у майстэрні.

Гадзіннік — своеасаблівы ўзор сэрца. Гадзіншчык — чараўнік, які ўмее ствараць механізмы з сэрцам. Нездарма найбольш удалыя лялькі (аўтаматоны) стварылі 200 гадоў таму менавіта гадзіншчыкі швейцарскай сям’і Дро. У Мартынюка, дзякаваць Богу, амбіцыі не меншыя. Апошнія тры гады ён выкарыстаў на разлік і выраб кінематычнай батлейкі. Не, гэта не народны тэатр у яго хрэстаматыйным выглядзе. Гэта хутчэй катрынка, што вырасла разоў у дзесяць, займела гукавое ды светлавое аздабленне. Але назву гэтаму цуду майстар даў самую народную: “Балабуха” (па-руску — “колобок”). Чаму менавіта такую, і сам патлумачыць не можа.

Пад песні Лявона Вольскага шматлікія лялькі (знешні выгляд кожнай дакладна перадае аблічча таго ці іншага работніка культуры Дзяржыншчыны) ажыўляюць тры абрадавыя дзеі: Каляды, Купалле, Дажынкі.

Што ж прыдумае Андрэй Мартынюк заўтра?

Замест заканчэння

/i/content/pi/cult/722/15743/23.JPG“Скарбніца” без скарбу. Пакуль

Неаспрэчна адно: раёну патрэбны музей кінематыкі, дзе б змясціліся і шматлікія гадзіннікі Андрэя Мартынюка, і ягоны кінематычны тэатр, і ўсё тое, што ён яшчэ толькі задумвае стварыць.

Самая галоўная яго мара на сённяшні дзень уражвае. Ён хоча, каб адзін з музейных пакояў быў цалкам адведзены пад гадзіннік-гігант. А наведвальнік будзе знаходзіцца ўнутры механізму. Такое нават і ўявіць цяжка. Інакш кажучы, будучы музей кінематычнага мастацтва — усім брэндам брэнд.

Але дзе размесціцца музей? У Станькаве. У мясцовым парку захаваўся сімпатычны будынак, які быў часткай маёнтка Чапскіх. Тут, кажуць, месцілася за іх часам бібліятэка. Будынак называлі “Скарбніца”. Доўгі час ён пустуе, лёс яго няпэўны. Але, як падаецца, адзін з варыянтаў — больш чым відавочны. У сэра Пола Макартні ёсць шанец патрапіць на адкрыццё.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"