Рыкарда КАЧЫЯНТЭ: “На оперу натхняюць і навіны”

№ 29 (847) 19.07.2008 - 25.07.2008 г

Будзе праўдай, калі скажу, што кампазітарскі, выканальніцкі таленты дый проста рысы асобы Рыкарда КАЧЫЯНТЭ стварылі на “Славянскім базары ў Віцебску” асаблівую атмасферу — папраўдзе еўрапейскую, высока інтэлігентную, узвышана зацікаўленую: як без залішняй замілаванасці, так і без эмацыйна “зашкаленай”, нічым не абгрунтаванай крытыкі.

 /i/content/pi/cult/169/1574/Rykarda.jpg
Паказальнікам глыбіні гэтага творцы стаў яго “Зорны час”. Традыцыйная на фестывалі сустрэча з зоркай доўжылася гэтым разам не гадзіну, а ўсе дзве. І не толькі з-за неабходнасці перакладу. Качыянтэ змог “змадуляваць” размову ледзь не выключна ў прафесійную тэматыку — і пры гэтым зрабіць надзвычай цікавай для кожнага.
— Неабходныя веды я набываў самастойна. Так, у мяне няма акадэмічнай музычнай адукацыі. Але я сам для сябе склаў пэўныя “правілы”, якіх і прытрымліваюся. Па меншай меры, з музыкантамі я размаўляю на музычнай мове — і мы цудоўна разумеем адно аднаго.
Што б там ні казалі пра адсутнасць у Рыкарда Качыянтэ дыплома аб заканчэнні вышэйшай навучальнай установы па спецыяльнасці “Кампазіцыя”, у гісторыю сусветнай музыкі ён увойдзе, безумоўна, як стваральнік жанру так званай “папулярнай оперы”:
— Калі я пачаў працаваць над “Саборам Парыжскай Божай Маці”, дык зразумеў, што гэты твор не можа быць звычайным мюзіклам. Названы мною жанр — гэта, найперш, гісторыя, расказаная з дапамогай музыкі. У ім вялікую ролю адыгрываюць харэаграфія, знешнія эфекты, само відовішча. Але мінае час, і мы разумеем, што знешняе — адыходзіць, нам жа хочацца нечага больш глыбіннага — душы, якую і выяўляе музыка. Адлюстраваннем душы становіцца мелодыя. А ўсё астатняе, у тым ліку голас выканаўцы,— толькі музычны інструмент, які і дапамагае тую душу выявіць. Так, ён можа быць лепшым ці горшым, але галоўнае — хто на ім “іграе” і ў якой манеры.
Душы прысвечаны жанр оперы, што нарадзіўся ў Італіі больш як чатыры стагоддзі таму. Яго далейшае развіццё было багатым на ўзнікненне разнастайных новых форм: з’явіліся аперэта, музычная камедыя, мюзікл, нарэшце, рок-опера. Але той жа мюзікл нарадзіўся ў Амерыцы і менавіта там набыў адпаведныя, знаёмыя нам рысы. Мне ж як еўрапейцу хацелася вярнуць развіццё жанру оперы ў Еўропу. А для гэтага — з’яднаць здабыткі класічнай італьянскай оперы і сучаснай папулярнай музыкі, таго, што зараз слухаюць па радыё. Уэбер у свой час з’яднаў класічную оперу з рок-музыкай. Але, звярніце ўвагу, з цягам часу ён усё больш набліжаецца да італьянскай “прамаці” гэтага жанру, адсоўваючы ў бок уласна рок-стылістыку. Спалучэнне розных стыляў, толькі крыху іншых, стварыла і мой “Нотр-Дам…”.
Дарэчы, сярод герояў гэтага твора роднасную сабе душу Рыкарда Качыянтэ ўбачыў у Квазімода:
— Я таксама шмат пакутаваў з-за сваіх знешніх даных, маленькага росту. І больш жыву ўласнымі адчуваннямі, чым знешнімі падзеямі.
Свой “Нотр-Дам…” Рыкарда Качыянтэ назваў “папулярнай операй”. Хаця не адмаўляе і такое, да прыкладу, азначэнне, як “народная опера”.
— Узгадайце: у часы Вердзі і Пучыні іх творы слухаў увесь народ. Тыя творы, асабліва Вердзі, былі папраўдзе “народныя”, бо ў тэатр хадзілі— усе. Публіка літаральна жыла тэатрам і ведала оперы ледзь не на памяць. І, выходзячы з залы, сама спявала “хіты” той эпохі. Чаму штосьці падобнае не можа здарыцца сёння? І мне захацелася стварыць такую оперную музыку, якую б слухалі і ведалі ўсе.
У працяг гэтых слоў спадар Качыянтэ прапанаваў паглядзець два фрагменты з яго спектакля “Джульета і Рамэа”, таксама названага “папулярнай операй”:
— У маім спектаклі ўдзельнічаюць вельмі маладыя артысты — ад 15 гадоў, як было і самім героям. Калі я праводзіў кастынг, мяне пужалі, што знайсці такіх маладых спевакоў будзе немагчыма. Але я веру ў моладзь, у яе талент і запал, і яна мяне не падводзіць.
Немагчыма было не заўважыць, наколькі італьянскай аказалася музыка: так, мабыць, мог бы напісаць сам Вердзі, калі б ствараў “Травіяту” ды “Рыгалета” не ў 1840-ыя, а сёння. Пры адсутнасці ўласцівых многім мюзіклам джазавых павеваў, музыка “Джульеты і Рамэа” літаральна дыхала прыгожым меладызмам, італьянскай песеннасцю ды бэлькантнасцю ў арыі, выдатнай ансамблевай збалансаванасцю ў разгорнутай масавай сцэне. Як і многія еўрапейскія кампазітары-неакласіцысты, Рыкарда Качыянтэ намагаецца спалучыць нацыянальныя здабыткі мінулых стагоддзяў з сучаснымі рэаліямі.
Качыянтэ паабяцаў, што “Джульету і Рамэа” ўбачаць у Расіі, Беларусі ды іншых краінах. Але — толькі па-італьянску. Мабыць, такое прынцыповае захаванне мовы арыгінала таксама паходзіць з оперных традыцый? Дый сама гісторыя двух закаханых, пераказаная Шэкспірам, уяўляецца кампазітару скрозь італьянскай.
— Не забывайцеся, што Шэкспір абапіраўся на шырокараспаўсюджаную ў тыя часы легенду. І паходзіць яна з Італіі. Хіба ж не выявіўся ў “самай сумнай гісторыі на свеце” тэмперамент гэтага народа? Таму для мяне вельмі важна, каб гэты твор вярнуўся ў Італію і быў прыняты, найперш, менавіта там. Прэм’ера маёй “папулярнай оперы” сапраўды адбылася ў Італіі — у тэатры “Арэна дзі Верона”. Але я мару, каб спектакль быў паказаны і ў тых гістарычных месцах, дзе непасрэдна развіваліся падзеі: у Вероне захаваўся і той балкон, на якім Джульета слухала прызнанні Рамэа, і многія іншыя помнікі даўніны.
Пры ўсім гэтым Рыкарда Качыянтэ адчувае сябе “чалавекам свету”. А па паходжанні — адначасова французам і італьянцам: нарадзіўся ён у В’етнаме, у сям’і італьянца і францужанкі. Апошнім часам жыве ў Дубліне (прынамсі, пра біяграфію старшыні журы сёлетняга “Славянскага базару ў Віцебску” “К” распавяла ў папярэднім нумары). А якой жа кампазітару падалася Беларусь?
— У мяне было мала часу, каб з нечым падрабязна пазнаёміцца. Але ўжо тое, што я бачу вакол сябе, сведчыць: у вас вельмі прыгожая краіна — прыгожая такой прыродай, якую ўжо нельга знайсці ў Еўропе з-за вялікага забруджвання. Гэта жывая краіна— у тым ліку ў сэнсе культуры. Я вельмі рады, што песню тут разглядаюць як культурную падзею, што бывае далёка не паўсюдна. Я захапляюся творчасцю Марка Шагала, бо люблю вольнае, а не акадэмічнае мастацтва. Прафесіянал павінен ведаць, па якіх законах ствараецца твор, але не павінен баяцца парушаць правілы, мець смеласць рабіць штосьці іншае, — гэтыя крокі і рухаюць мастацтва наперад.
Слухаючы такія словы, я раптам падумала, што для Рыкарда Качыянтэ і Маленькі прынц, якому прысвечана аднайменная “папулярная опера” кампазітара, — не толькі літаратурны персанаж. Прыдуманы французскім пісьменнікам і лётчыкам Антуанам дэ Сент-Экзюперы, ён шмат у чым нагадвае шагалаўскіх герояў. Мяркуйце самі: гэта ж хлопчык, які прыляцеў невядома адкуль і не можа “прызямліць” свае думкі — так і лунае ў сваіх фантазіях і ўяўленнях…
— Для дзіцяці “Маленькі прынц” можа падацца ўсяго толькі казкай. А для дарослых гэта — філасофія. Тым гэты сюжэт і падаўся мне цікавым, калі я пачаў пісаць сваю чарговую “папулярную оперу”. А зараз працую разам з Аляксандрам Разенбаумам над творам, што прысвечаны дзекабрыстам і іх жонкам. Спадзяюся завяршыць яго прыблізна праз паўтара года.Мяне натхняе ўсё, што я бачу, чую і адчуваю: прыгожы відарыс, гарадская архітэктура, падзеі, пра якія даведаўся з радыё- ці тэленавін, нават складаны момант у жыцці. Але потым, каб стварыць музыку, мне патрэбны хай сабе і самы маленечкі, кавалачак прасторы, такі, дзе я мог бы стварыць свой свет. Таму ў пэўныя моманты жыцця ў мяне ўзнікае жаданне адасобіцца ад знешняга свету, у чымсьці нават “знікнуць” — жыць там, дзе мяне ніхто не ведае…
У Беларусі Рыкарда Качыянтэ — ведаюць. Ужо не толькі па яго творчасці, але і асабіста. Але ж ці зведалі мы да канца загадку яго душы?..

Надзея БУНЦЭВІЧ,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Віцебск — Мінск