Фармулёўка музычнай эфемернасці

№ 49 (1384) 08.12.2018 - 14.12.2018 г

У Беларускім дзяржаўным тэатры лялек у самым разгары рэпетыцыі: Аляксандр Янушкевіч рыхтуе прэм’еру па кнізе Дэвіда Алманда “Хлопчык, які плаваў з піраннямі”. Музыку для новага дзіцячага спектакля піша Аляксандр ЛІТВІНОЎСКІ — кампазітар, які вядомы далёка за межамі Беларусі сваімі сімфанічнымі, харавымі, камернымі і электраакустычнымі творамі. На шчасце для айчыннай тэатральнай грамады, апошнія дзесяць гадоў ён аддае перавагу напісанню музыкі для сцэны.

/i/content/pi/cult/722/15737/13.jpgСцэнічнасць мелодыкі

— У сёлетняй Нацыянальнай тэатральнай прэміі ўдзельнічаюць ажно тры лялечныя спектаклі з вашай музыкай: сталічны “Калядная гісторыя”, магілёўскі “Сіняя-Сіняя” і брэсцкі “Новая зямля”. Да ўсяго, спектакль “Сад” Тэатра лялек Карэліі намінаваны на “Залатую маску”, а “Прыгоды Тома Сойера” Ульянаўскага тэатра лялек увайшлі ў лонг-ліст гэтай расійскай прэміі. Мяркуючы па такіх выніках, вы працуеце без супыну.

— У мяне няма часу нават уздыхнуць: спектаклі ідуць несупыннай плынню. Бывае, паралельна працую над двума праектамі — што не можа не радаваць. Мяне запрашаюць такія людзі, якім я проста не магу адмовіць. Скажам, Аляксандр Янушкевіч і Ігар Казакоў — вельмі непадобныя адзін да аднаго, і пры гэтым абсалютна выдатныя рэжысёры!

— У чым спецыфіка тэатральнай музыкі?

— Пры ўсёй сваёй самадастатковасці, яна не павінна супярэчыць таму, што адбываецца на сцэне, а ў чымсьці мусіць дапамагаць разгортванню дзеяння. Для мяне ў гэтым тояцца моманты гульні. Да ўсяго, я катэгарычна супраць безгустоўнасці. Нават калі неабходна запісаць нешта накшталт кабарэ, трэба зрабіць гэта як належыць, а не па-аматарску. Ігар Казакоў падчас рэпетыцый горкаўскага “На дне” прасіў мяне дадаць гукавога трэшу. Я дадаў. Але той трэш усё роўна адаптаваны, акультураны, без гукавой пошласці. У запісе гэтага матэрыялу быў задзейнічаны сімфанічны аркестр. Такім чынам, наш трэш стаў сапраўдным Grand Style!

Упэўнены: у кампазіцыях, напісаных для спектакля, трэба пазбягаць залішняй агрэсіўнасці, нават з пункту гледжання інструментарыя. Для мяне наяўнасць ударных інструментаў дапушчальная толькі ў змрочных сцэнах. Пры гэтым, тут няма непахісных правілаў, бо ў кожнай наступнай рабоце ўсё робіцца па-новаму.

Натхненне задач і шаленства тэхнікі

— Мастак-пастаноўшчык пачынае працу з засваення п’есы. А кампазітар?

— Уласна, я п’есу не чытаю ніколі. Не люблю гэтага, бо мая трактоўка можа моцна адрознівацца ад рэжысёрскай. Калі Янушкевіч замовіў мне музыку да “Новай зямлі”, я падумаў: спектакль паводле Якуба Коласа? ОК! І адразу ўключыліся стэрэатыпы: трэба нешта ў фальклорным ключы. Пачаў адсылаць файлы з фрагментамі ў такой стылістыцы. Тэлефануе мне Аляксандр: “Стоп! Такога не трэба! Пішы так, як ты пішаш заўсёды!” Я пачаў наноў, арыентуючыся ўжо на свае адчуванні. І ў нас атрымалася дзея ў стылі Пітэра Грынуэя!

Заўсёды настойваю, каб мне давалі вельмі кропкавыя задачы, накідвалі схему вобразаў, выкарыстоўвалі як мага больш прыметнікаў. Люблю і найпрасцейшыя вызначэнні на ўзроўні “павольна — хутка”, “весела — сумна”, “гучна — ціха”. Чым прасцей, тым лепей атрымліваецца канчатковы вынік. Ты разумееш, у якім кірунку рушыць, і хутка робіш сваю працу. Сумняюся, што хтосьці ў гэтай краіне можа зрабіць яе хутчэй за мяне!

Схемы лепш ствараць у пісьмовым выглядзе — звычайна так атрымліваецца ў рэжысёра больш выразна. Ён распісвае патрабаванні да музыкі на свой лад, а я гляджу на іх з пазіцыі чалавека, які мае музычную адукацыю. Часам адбываюцца смешныя непаразуменні. Прыкладам, мяне аднойчы папрасілі стварыць гукавы шэраг для “вельмі змрочнага” спектакля. Я зрабіў некалькі тэхнакратычных трэкаў — і рэжысёр схапіўся за галаву. Паступова высветлілася, што насамрэч ён задумаў кабарэ. Таму я вітаю, калі пастаноўшчык разам з трактоўкай вобразаў дасылае мне рэферэнс — узор, які ідэальна падкрэслівае яго думку. І тады я працую ў гэтым жа духу.

— Ці змяняецца стратэгія вашай работы ў залежнасці ад асобы рэжысёра?

— Мне страшна важна, хто мяне паклікаў. У нас з Аляксандрам Янушкевічам і Ігарам Казаковым назапасілася ўжо барадатая гісторыя сумесных пастановак. Гэтыя без сумневу выбітныя асобы робяць усё па-рознаму. Ігар імкнецца вельмі дакладна сфармуляваць свае жаданні. Я магу пачаць з дзесяці неабходных трэкаў, а ў фінале дайсці да 50, бо Казакоў будзе прасіць так ці інакш адкарэктаваць саўндтрэк, каб знайсці найбольш выразнае сугучча персанажа і кампазіцыі. У Сашы іншая тактыка: ён часта паўтарае, што мая фанаграма вызначае мізансцэну, што музыка пачынае дыктаваць свае законы.

— Здараецца, што з-за агрэхаў апаратуры ваша задума не ўвасабляецца як належыць. Вы як-небудзь рэагуеце ў такіх сітуацыях?

— Яны прыводзяць мяне ў сапраўднае шаленства! Яшчэ калі апаратура старая, я імкнуся ўвайсці ў становішча. Але бывае і зусім незразумелае: уваходзіш у залу — і чуеш страшэнны гук! Бяжыш да гукарэжысёра і высвятляеш, што наўмысна адключаны басавыя калонкі: маўляў, “а яно ж і без таго добра чутно!” Памятаю, тым разам не змаўчаў. Пасля доўгіх спрэчак калонкі падключылі — і ўсё адразу загучала па-іншаму. Такім чынам я выратаваў пару спектакляў. Але трэба разумець, што аўтарскі нагляд я магу весці толькі там, дзе сам часта бываю. Вялізную колькасць пастановак са сваёй музыкай я наогул не бачыў. Ну, не палячу ж я наўмысна ў Хабараўск, каб паглядзець “свайго” Стрынберга!

“Пашамаціце мне музыкай”

— Мы пачыналі размову са спектакляў, вылучаных на Нацыянальную тэатральную прэмію. Аднак у спісе ўзнагарод секцый тэатраў драмы і лялек няма намінацыі “Найлепшы кампазітар”. Крыўдна?

— Яшчэ як! Па мне, гэта жудасная знявага, бо музыка — тая чараўніца, якая з’яўляецца душою дзеяння. У гісторыі безліч прыкладаў, калі тэатральныя кампазітары — і не толькі з оперы ці балета — стваралі сапраўдныя шэдэўры. Вось “Вясельны марш” Мендэльсона — ён жа насамрэч быў напісаны для пастаноўкі “Сон у летнюю ноч”. Ці сюіта “Пэр Гюнт”. Можна паспрачацца, што сёння больш вядома — музыка Эдварда Грыга, якая даўно выконваецца як самастойны твор, або аднайменная п’еса Ібсена.

Прафесія кампазітара мае дакладную юрыдычную фармулёўку. Але стаўленне да музыкі ў тэатральных колах бывае вельмі дзіўным. Неяк праглядаючы сайты вядомых маскоўскіх тэатраў, звярнуў увагу, што не знаходжу на афішах пазіцыі кампазітара. У лепшым выпадку, пішуць “музычнае афармленне тагосьці”. Нават у самых праслаўленых калектываў можна пабачыць радок “музыка на падборы”. У мяне адразу пытанне: што адбываецца?

Ёсць жа паняцце прафесіяналізму, кампетэнцыі. Яно прывіваецца ў навучальных установах, падмацоўваецца пэўным дыпломам. А ў дачыненні да музыкі стала дапушчальным запрашаць у тэатр каго-небудзь, хто “пашамацеў бы трэкамі”. Распаўсюдзілася музычная самадзейнасць.

У мяне была сітуацыя, калі адзін з рэжысёраў, з якім мне працаваць не даводзілася, запрасіў паглядзець яго спектакль. Але я не змог прасядзець паўтары гадзіны ў глядзельнай зале, заткнуўшы вушы. Прабачце, але мяне гэта траўмуе! Я вельмі нервова рэагую на гукі. На сцэне ўсё можа быць ідэальна: цудоўныя акцёры, асвятленне. Але калі зверху гэта паліваецца дзічэзным гукавым сіропам, то спараджае хіба здзіўленне: як так можна?

— Магчыма, рэжысёрам не хапае музычнай адукацыі, нейкіх асноваў…

— Мне б вельмі хацелася, каб рэжысёрамі станавіліся людзі, якія змогуць прафесійна ацаніць музыку. Пагатоў, ёсць жа інтэрнэт — лепшыя ўзоры музычных дасягненняў сёння ў адкрытым доступе! Канешне, у гэтым бязмежжы можна захлынуцца. Пры такой разнастайнасці неабходная крытычная сістэма адбору ўнутры чалавека. Таму часам мне вельмі хочацца папрасіць рэжысёраў давяраць у пытаннях музыкі кампазітарам. Аддайце гэтую частку сваіх пастановак прафесіяналам!

Паміж Старым і Новым светам

— Тэатр стаў для вас галоўным месцам рэалізацыі свайго талента — але ўсё ж не адзіным...

— Я працую вельмі інтэнсіўна. Напрыклад, у мінулым месяцы завяршыў саўндтрэкі да двух айчынных дакументальных фільмаў. На радыё “Культура” ўжо на працягу 31 года афармляю для эфіру канцэрты еўрапейскай музыкі. Ствараю электроніку, джаз, авангард, барока. Мне ўсё так цікава!

На YouTube у мяне ёсць персанальны канал, дзе я публікую розныя дакументальныя запісы сваіх выкананняў. У вольны час усе пакеты музыкі да спектакляў афармляю партытурна. Гэты матэрыял таксама выкладваю на сваім канале, каб аркестры пры жаданні маглі іх браць і выконваць. Бываюць сапраўды цікавыя павароты! Напрыклад, адзін італьянскі сайт, які спецыялізуецца на пракаце інструментальнай музыкі, узяў сабе маю сюіту са спектакля “Тоўсты сшытак” (пастаноўка Аляксандра Янушкевіча, за якую Пермскі тэатр лялек два гады таму атрымаў некалькі “Залатых масак” — “К”). На сёння сюіта мае 13 тысяч праглядаў — для сучаснай класічнай музыкі гэта неверагодна!

Дзякуючы гэтаму каналу, летась на мяне выйшаў Уоран Фрызан — дырыжор Lake Superior Chamber Orchestra з горада Дулут штата Мінесота. Аркестр, які чатыры разы атрымліваў узнагароду Амерыканскага таварыства кампазітараў, аўтараў і выдаўцоў, летась вырашыў адкрыць чарговы сезон маёй сюітай Consort Lessons! Мяне запрасілі прыняць удзел у рэпетыцыйным працэсе. Я прысутнічаў і на амерыканскай прэм’еры свайго твора. Шчыра кажучы, мне вельмі хочацца, каб мае партытуры, асабліва не так даўно напісаныя, часцей з'яўляліся ў рэпертуары аркестраў.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"