“Беларускі гай” у Адэсе

№ 48 (1383) 03.12.2018 - 03.12.2018 г

Свежую манаграфію кандыдата гістарычных навук, дацэнта БНТУ Мікалая Шчаўлінскага я прачытаў на адным дыханні. Адорваючы чытача цэлым россыпам цікавых фактаў, яна даставерна, пераканаўча і кампетэнтна распавядае пра такую малавядомую старонку мінуўшчыны як культурна-асветніцкая дзейнасць сярод беларускіх бежанцаў у часы Першай сусветнай вайны. Толькі вось чытачоў у яе, пэўна, будзе небагата — зважаючы на сціплы наклад. Лічу, гэта несправядліва.

/i/content/pi/cult/721/15729/20181124_162238-S.jpgЗірнуўшы на вокладку кнігі, паставіў перад сабой такое пытанне: “Што я, выкладчык гісторыі з 37-гадовым стажам, ведаю пра дзейнасць беларускіх
партый, арганізацый і таварыстваў на тэрыторыі Расіі і Украіны ў гады Першай сусветнай?” Па вялікім рахунку, нічога. Хаця тэма — звышцікавая. Лік бежанцаў-беларусаў, вымушаных пакінуць свае дамы падчас ваеннай навалы, ішоў на мільёны. Як пераканаўча сведчыць Мікалай Шчаўлінскі, нават апынуўшыся пад ціскам абставінаў удалечыні ад радзімы, яны не забываліся на свае карані.

Аўтар зняў покрыва таямніцы з дзейнасці “Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны”. Упершыню паказаў дапамогу гэтаму таварыству з боку Камітэта Вялікай князёўны Таццяны: толькі з красавіка па лістапад 1916 года яна склала 77 900 рублёў. Гэтыя сродкі дапамаглі многім, прычым яны выдаткоўваліся не толькі на цёплыя рэчы і паліва для суайчыннікаў, але і, скажам, на інтэрнаты для беларускіх студэнтаў і вучняў.

Аўтар устанавіў факт дачынення паэта Максіма Багдановіча да працы Яраслаўскай беларускай рады. Раскапаў найкаштоўную інфармацыю пра дзейнасць эвакуяванага ў гэты горад Мінскага настаўніцкага інстытута, сярод выкладчыкаў якога быў знакаміты гісторык Усевалад Ігнатоўскі. А па ініцыятыве дырэктара інстытута Дзмітрыя Сцяпуры студэнты сталі вывучаць беларусазнаўства.

Варта адзначыць, што культурна-нацыянальную работу нашы землякі праводзілі ў самых розных кутках імперыі: Арэнбургу, Арле (там, дарэчы, суполка называлася “Беларуская хатка”), Калузе, нават у далёкім сібірскім Барнауле… Кніга змяшчае шмат эксклюзіўных фактаў пра створаныя ў гэтых гарадах беларускія арганізацыі.

Не меншую актыўнасць праяўлялі і тыя нашы суайчыннікі, што апынуліся на ўкраінскіх землях. Мікалай Шчаўлінскі запоўніў нішу ў праблемным полі, звязаным са спецыфікай дзейнасці “Беларускай нацыянальнай арганізацыі” ў Кіеве. Папраўдзе выдатна расказана пра яе лідараў і газету “Беларускае слова”, пазней перайменаваную ў “Беларускае рэха”. Па-майстэрску апісаныя розныя нюансы, звязаныя з дзейнасцю ў Кіеве Беларускай гандлёвай палаты і Беларускай тэхнічнай арганізацыі.

Мікалай Барысавіч упершыню сістэмна распавёў пра беларускую старонку ў тагачаснай гісторыі Адэсы. У снежні 1917 года там адбыліся дзве важныя падзеі. Па-першае, пачаўся адлік гісторыі Беларускай вайсковай рады, утворанай на з’ездзе салдат-беларусаў Румынскага фронту. А па-другое, распачало дзейнасць таварыства “Беларускі гай”. Нягледзячы на абмежаваныя магчымасці, яно спрабавала ў той драматычны час выконваць культурна-асветныя і дабрачынныя функцыі.

І дасягала ў гэтым немалога плёну. Першы вясновы месяц 1918 года быў адзначаны з’яўленнем Беларускай нацыянальнай рады і Беларускага нацыянальнага камісарыята, які фактычна прыйшоў на змену “Беларускаму гаю”, выконваючы яго функцыі яшчэ больш эфектыўна.

Беларусы ў Адэсе пільна сачылі за тым, што адбывалася на роднай зямлі. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі стала падставай для агульнага сходу нашых суайчыннікаў, які адбыўся 21 красавіка 1918 года. Сход прыняў пастанову ў абарону і падтрымку БНР. Як падкрэслівае аўтар, Беларуская нацыянальная рада і Камісарыят па адукацыі БНР “сталі сябе разглядаць як яе паўнамоцныя і дзяржаўныя органы”.

Планы дзейнасці былі амбітнымі. У чэрвені Рада і Камісарыят звярнуліся да ўкраінскіх уладаў з хадайніцтвам аб адкрыцці з пачатку навучальнага года ў Адэсе 30 (!) ніжэйшых нацыянальных вучэльняў, утрыманне якіх павінна была ўзяць на сябе Адэская гарадская ўправа. У той жа час планавалася стварыць і Беларускую прыватную гімназію. На жаль, далейшыя ваенныя падзеі перакрэслілі гэтыя планы. Але нашы суайчыннікі не збіраліся спыняцца ў сваёй працы, і ў верасні 1918 года Рада і Камісарыят пераўвасабляюцца ў Беларускі нацыянальны цэнтр.

Несумненна, кніга атрымалася. Галоўная таму прычына — грунтоўная база крыніцаў і вялікая колькасць тых фактаў, якія ўпершыню ўводзяцца ў навуковы ўжытак. Па ўсім відаць, што гэтае выданне грунтуецца на гадах напружанай працы ў архівах. І ў наш век перад такім імпэтам навукоўцы варта толькі зняць капялюш.

Міхаіл СТРАЛЕЦ,
доктар гістарычных навук,
прафесар.