“Тэатр дылетантызм не трывае”

№ 48 (1383) 03.12.2018 - 03.12.2018 г

24 лістапада акцёру НАДТ імя Горкага Віктару ГУДЗІНОВІЧУ споўнілася 65 гадоў. Сваю працу ў гэтым тэатры ён пачаў у 1989 годзе, паслужыўшы раней у іншых і ўжо запомніўшыся сваім уменнем ствараць яркі ды запамінальны вобраз нават у эпізадычнай ролі. Мы даведаліся ў майстра пра шлях яго станаўлення, пра тое, як ён быў дэпутатам і чым любіць займацца па-за сцэнай.

/i/content/pi/cult/721/15727/IMG_8213-S.jpg— Хто паўплываў на ваш выбар стаць акцёрам?

— Ды ўсе! Мама, тата… Я з шасці гадоў выступаю на сцэне! Яшчэ ў дзіцячым садку на Трактарным удзельнічаў у розных ранішніках. Як трохі пасталеў, перайшоў у Палац культуры МТЗ. У школе ў нас быў свой ансамбль “Восень”, там гралі цудоўныя хлопцы. У 9-м класе на два гады пайшоў у агітацыйную брыгаду “Цаглінка” — былі на той час такія. Там мяне і ўбачыў будучы кіраўнік майго курса Аляксандр Бутакоў ды параіў паступаць у тэатральна-мастацкі.

— Ці здараліся ў вас незвычайныя гісторыі, калі вы былі студэнтам?

— Натуральна! Кожныя пяць хвілін нешта здаралася. Памятаю, як ледзь не “забіў” Лёшу Дударава на дзяржаўным экзамене. У нас быў урывак па сцэнічным баі. У Дударава былі шчыт і меч, а ў мяне трызубец і меч. Я мусіў кідаць трызубец метраў з пяці — і трохі не разлічыў. Ён пацэліў ніжэй, чым трэба, патрапіўшы Лёшу прама ў грудзі. А трызубец быў зроблены з вілаў, і выглядаў ён вельмі жахліва.

Дарэчы, усім рэквізітам для гэтай сцэны забяспечыў нас мой брат Юрый, у будучым — вядомы мастак па металах, член Саюза мастакоў СССР. Памятаю, на другім курсе давялося мне стаць Атэла. Я папрасіў брата зрабіць блямбу з бляхі для апошняй сцэны, дзе мой герой забівае сябе. Унутр паклаў чахол з чырвонай фарбай — і з размахам усадзіў штылет сабе ў грудзі. А ў мяне яшчэ і белая кашуля была. І вось, чырвоная пляма расплываецца па кашулі, я прыгожа
падаю… У аднакурснікаў — ажно вочы на лоб!

Наогул, курс у нас атрымаўся вельмі таленавіты. Ды і са сваёй будучай жонкай Таццянай Ненаракомавай я пазнаёміўся менавіта ў інстытуце.

— Як склаўся ваш лёс пасля яго заканчэння?

— Атрымаўшы дыпломы, усе мінчукі паехалі ў Віцебск. А вось мне пашчасціла патрапіць у войска на паўтара гады — хаця ўсім астатнім, хто меў вышэйшую адукацыю, служыць трэба было толькі год. Але мне пашанцавала атрымаць дэмбеля крыху раней, з-за кур’ёзнага выпадку. Я адказваў за адзін з вайсковых прадметаў, наспеў час яго здаваць, а ён кудысьці прапаў. І каб не трапіць пад гнеў начальства, мяне вызвалілі ад службы на некалькі месяцаў раней. Я не шкадую, што быў у арміі. Там я таксама быў запатрабаваны, шмат удзельнічаў у самадзейнасці, ставіў канцэрты для таварышаў па службе.

— А кім вы служылі? У якім родзе войск?

— Я асвоіў спецыяльнасць, звязаную з радыяцыяй. Быў хімічным разведчыкам.

— Ці лёгка было вяртацца ў тэатр пасля войска?

— У Віцебску я пазнаёміўся з рэжысёрам Валерыем Маслюком, які акурат сканчаў Ленінградскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі. Мне спадабалася, як ён паставіў “Брыльянт”, а пры больш блізкім знаёмстве я зразумеў, што мы роднасныя душы. Так пачалося наша супрацоўніцтва — спачатку ў Віцебску, а потым у Магілёве. Свае першыя ролі я атрымаў у спектаклях “Тутэйшыя” і “Візіт старой дамы”. У апошнім вырашыў абраць сабе вобраз марскога афіцэра. Але на рэпетыцыі рэжысёр мне сказаў, што ў гарадку Гюлене, у якім адбываецца дзеянне п’есы Дзюрэнмата, няма мора. Давялося змяніць сваё ўбранне, каб не спрачацца.

— Акрамя тэатра, нейкі час вы актыўна займаліся і грамадскай дзейнасцю...

— У Магілёве мне неяк прапанавалі стаць дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Для мяне гэтая праца, поўная сваіх нюансаў, стала вельмі важным досведам. Асабліва, калі даводзілася працаваць з франтавікамі, пажылымі людзьмі, якія сутыкаліся з тымі ці іншымі жыццёвымі праблемамі.

— Як вы патрапілі ў кіно?

— Патэлефанавалі, запрасілі, так і трапіў на пробы. Адна з першых роляў была ў дзіцячай стужцы “Бусляня”, якую ў 1980 годзе зняў рэжысёр Валерый Басаў па сцэнарыі Аляксея Дударава. Вельмі шмат здымаўся ў эпізодах, у масоўцы на “Беларусьфільме”. Што да вялікіх роляў… Я не з кіношнікаў, у мяне не атрымлівалася агучваць сваіх герояў за кадрам. Цяжкавата мне было “трапляць у губы” сваіх персанажаў

— А чым вы займаецеся па-за тэатрам? Ці ёсць у вас хобі?

— У апошні час я ўжо ад рыбалкі адышоў, а вось раней заўсёды ездзіў, і летам, і зімой. Цяпер праблема, як трапіць на рыбалку, як даехаць. Я гадоў 15 любіў ездзіць у Альхоўку, што ў Гродзенскай вобласці. Там ёсць дзівоснае месца. Камароў няма, пакуль да вады не спусціцца. У чатыры раніцы мы з сябрамі ўжо былі на возеры. У 12 гадзін адпачынак, а потым зноў за вуды. Быў выпадак, калі мяне там ледзь гора-паляўнічыя не падстрэлілі. Я сядзеў у невялікім чоўне ў чароце, а каля мяне плавалі качкі. І вось адзін з паляўнічых па іх і пацэліў. Я з перапуду з той лодкі кульнуўся і ўпаў у ваду. А там глыбока. Паляўнічаму смешна было. А я ўжо сказаў яму ўсё, што пра яго думаю.

— Ці не задумваліся вы над тым, як можна павялічыць уплыў тэатра на настроі гарадскіх жыхароў?

— Калі разам з Маслюком мы працавалі ў Магілёве, калектыў у нас сабраўся малады ды бойкі. Мы шмат прыдумлялі, як завабіць людзей у тэатр. А ў Магілёўскім драматычным ёсць балкон, які выходзіць на вуліцу. Мы выходзілі на яго і прыцягвалі ўвагу мінакоў рознымі крычалкамі і на рускай, і на беларускай. Нехта, магчыма, і трапляў пасля на спектаклі. Маслюку, дарэчы, мы вельмі давяралі як акцёру і рэжысёру, з ім было вельмі прыемна працаваць не толькі мне, але і ўсяму калектыву.

— Ці моцна адрозніваецца ваша пакаленне акцёраў ад таго пакалення, якое працуе ў тэатры цяпер?

— Кожнае пакаленне жыве паводле нейкіх сваіх правілаў, свайго светапогляду. Арыенціры змяняюцца. Не бачу ў гэтым нічога дрэннага, але… Здараецца, што на сцэне атрымліваецца нейкі дылетантызм. А тэатр гэтага не трывае.

— Якім вы бачыце тэатр у будучыні?

— Скажу хіба адно: тэатр у любым выпадку будзе жыць. Ён будзе эвалюцыянаваць, будуць з’яўляцца новыя жанры і гэтак далей. Але сам тэатр будзе жыць заўсёды!

Гутарыў Канстанцін КАСЦЕЦКІ